Дзёрзкая аперацыя ЦАХАЛ: Спецназаўцы зайшлі ў Ліван і скралі афіцэра, звязанага з «Хезбалой»
Арабскія СМІ сцвярджаюць, што група ізраільскіх марскіх камандас прыбыла на аб'ект за 140 кіламетраў ад мяжы Ізраіля і захапіла афіцэра ліванскай арміі, падазраванага ў сувязях з «Хезбалой».
Звязаныя з «Хезбалой» ліванскія крыніцы паведамляюць днём у суботу, 2 лістапада, што вялікая група марскіх камандас, падобных на ізраільскіх, прыбыла напярэдадні ўвечары да ўзбярэжжа горада Батрун на поўначы Лівана ў 140 кіламетрах ад мяжы Ізраіля і затрымала там аднаго з верхаводаў гэтай тэрарыстычнай арганізацыі.
Паводле версіі арабскіх СМІ, у аперацыі прымалі ўдзел каля 25 байцоў, і яна была ўзгоднена з кантынгентам ААН (UNFIL).
Затрыманы — афіцэр ваенна-марскіх сіл Лівана Імад Амхаз, які таксама лічыцца баевіком «Хезбалы» або як мінімум звязаны з гэтай тэрарыстычнай арганізацыяй. У момант затрымання ён нібыта знаходзіўся ў адным з дамоў прыбярэжнага ліванскага горада. Пасля захопу яго вывезлі з Лівана на хуткасных катэрах.
Пра асобу Амхаза паступаюць пакуль супярэчлівыя падрабязнасці. Саудаўскі тэлеканал «Аль-Хадат» сцвярджае, што крыніцы ў «Хезбале» адмаўляюць сувязь з Амхазам. Ліванскі тэлеканал «Аль-Джадзід» перадае, што Амхаз быў афіцэрам ВМС Лівана і адначасова быў звязаны з «Хезбалоай». Саудаўскае выданне «Аль-Арабія» піша, што Амхаз не служыць у ліванскай арміі.
Міністр транспарту Лівана Алі Хамія спачатку адмаўляў паведамленні аб аперацыі ў Батруне, але потым прызнаў, што там быў выкрадзены «капітан грамадзянскага і гандлёвага марскога судна». Паводле яго слоў, службы бяспекі прыступілі да расследаваньня інцыдэнту.
Нацыянальнае інфармацыйнае агенцтва Лівана перадало аповяд мясцовых жыхароў, якія сталі сведкамі таго, як увечары на ўзбярэжжы высадзілася група ўзброеных мужчын невядомага паходжання. Яны дайшлі да бліжэйшага будынка, вывелі з яго ліванскага мужчыну, адвялі яго на ўзбярэжжа і з’ехалі па моры на катэрах.
Пазней ЦАХАЛ пацвердзіў, што марскі спецназ «Шает-13» прыбыў да паўночнага ўзбярэжжа Лівана пад прыкрыццём ракетных караблёў і захапіў у палон высокапастаўленага камандзіра ў ваенна-марскім падраздзяленні «Хезбалы», пасля чаго пакінуў месца на хуткасных катэрах.
Гэта не першая падобная аперацыя, якая прыпісваецца спецназу Ізраіля на тэрыторыі варожых краін Блізкага Ўсходу. Так, у верасні апазіцыйнае рэжыму Башара Асада сірыйскае тэлебачанне паведаміла, што падчас ізраільскага ўдару па Масьяфу ў раёне горада Хама ў Сірыі дэсантаваўся ізраільскі спецназ, які ўзяў у палон ад двух да чатырох іранцаў, якія знаходзіліся там. У сутыкненнях, якія адбыліся на месцы, загінулі трое сірыйцаў.
Паводле vesty.co.il.