Пяць сенсацый на выбарах у Еўрапарламент

 Вынікі выбараў у Еўрапарламент 9 чэрвеня не сталі палітычным землятрусам для ўсяго Еўрапейскага Саюза ў цэлым, але сейсмічныя з'явы назіраюцца ў палітычным жыцці некаторых краін-удзельніц. Прапануем хіт-парад гэтых палітычных катаклізмаў. 

Ілюстрацыйная выява, фота pixabay.com

Ілюстрацыйная выява, фота pixabay.com

Першае месца. Францыя

Перш за ўсё, хістае Францыю, дзе прэзідэнт Эмануэль Макрон, пабачыўшы вынікі галасавання, абвясціў аб датэрміновых выбарах у мясцовы парламент. Усё з-за таго, што прэзідэнцкая партыя Рэнесанс пацярпела паразу на фоне поспеху правага фармавання «Нацыянальныя зборы» (RN). RN атрымала больш за 30 адсоткаў галасоў, што ўдвая больш за Рэнесанс (15%). Як піша прэса, новыя выбары — гэта рызыкоўны крок для Mакрона, які, відавочна, спрабуе вярнуць кантроль над краінай. Так ці інакш, французскія выбаршчыкі прыйдуць на выбарчыя ўчасткі 30 чэрвеня і 7 ліпеня. Дарэчы амаль напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Парыжы.

Другое месца. Бельгія

Другое месца займае Бельгія, дзе пасля фіяска на нацыянальных парламенцкіх выбарах і выбарах у Еўрапарламент партыі «Фламандскія лібералы і дэмакраты» (VLD) яе лідар бельгійскі прэм'ер Александэр Де Кроо абвясціў аб адстаўцы. Цяпер у адпаведнасці з законам маюць пачацца міжпартыйныя перамовы па фарміраванні новага ўрада. І гэта можа зацягнуцца на доўгі час з усімі палітычнымі наступствамі. Пасля апошніх выбараў у 2019 годзе кіруючая кааліцыя была ўтворана толькі праз амаль 500 дзён.

Глядзіце таксама

Трэцяе месца. Германія

У Германіі партыя кіруючая кааліцыя пацярпела сапраўднае фіяска. Так, сацыял-дэмакратычная партыя канцлера Олафа Шольца заняла толькі трэцяе месца, прадэманстраваўшы найгоршы вынік у гісторыі выбараў у парламент Еўрасаюзу. Адзін з малодшых партнёраў эсдэкаў у федэральным кааліцыйным урадзе «Зялёныя» таксама праляцелі з світам, страціўшы 10 з 25 месцаў у Еўрапарламенце. Дарэчы, правал «зялёных» — сёння агульная еўрапейская тэндэнцыя. 

Немагчыма не адзначыць таксама геаграфічны казус. У пераважнай большасці заходніх федэральных земляў Германіі перамогу святкаваў партыйны блок хрысціянскага дэмакратычнага саюза (CDS) і Баварскі хрысціянскі сацыяльны саюз (CSS). У той жа час паўсюль на Усходзе выбары выйгралі правыя папулісты з «Альтэрнатывы для Германіі».

Чацвёртае месца. Венгрыя

Вынікі галасавання ў Венгрыі таксама заслугоўваюць увагі. Упершыню з 2009 года на выбарах у Еўрапейскі парламент Альянс хрысціянскіх дэмакратаў і Fides — правая нацыяналістычная партыя прэм’ера Віктара Орбана — не атрымалі абсалютную большасць галасоў. 

Орбана пакрыўдзіў Пітэр Мадзьяр, ​​які з'явіўся на палітычнай сцэне ўсяго некалькі тыдняў таму са сваёй партыяй «Павага і свабода» (Тыса). Tisza атрымала каля 30 адсоткаў — гэта, дарэчы, самы высокі вынік, дасягнуты любой апазіцыйнай партыяй з таго моманту, як Орбан прыйшоў да ўлады ў 2010 годзе. Вельмі моцны і шматабяцаючы дэбют для маладой структуры і яе лідара!

Пятае месца. Славакія

Адным з галоўных сюрпрызаў еўрапейскіх выбараў стала перамога леваліберальнай апазіцыйнай партыі «Прагрэсіўная Славакія» (ПС) з 28 працэнтамі галасоў. Хоць фаварытам усімі лічылася папулісцкая партыя «Сацыял-дэмакратыя» (SMER-SD) кіраўніка ўрада Роберта Фіца, які быў сур'ёзна паранены ў выніку замаху ў сярэдзіне мая. Усе думалі, што трагічная гісторыя з замахам забяспечыць на выбарах адназначны поспех для кандыдатаў Smer-SD. Аднак агрэсіўная рыторыка Роберта Фіца, які адразу ж зрабіў апазіцыю вінаватай у гэтай атацы, адштурхнула электарат ад кіруючай партыі.

У заключэнне  хацелася б адзначыць, што значныя поспехі экстрэмальных правых партый не змаглі падарваць цэнтрысцкую большасць у Еўрапарламенце. Аднак многія заклікаюць не расслабляцца, пакуль асноўныя прычыны росту правых настрояў сярод еўрапейцаў (беспрацоўе, міграцыя, еўрафобія і г.д. ) нікуды не падзеліся.