«Сітуацыя крытычная». Прэм’ер Славакіі Фіца прыйшоў у прытомнасць пасля замаху

Прэзідэнт Славакіі Петэр Пелегрыні распавёў, што яму ўдалося перагаварыць у бальніцы з параненым напярэдадні прэм'ерам краіны Робертам Фіца. Аднак, паводле яго слоў, гэта не азначае, што небяспека абмінула і жыццё прэм'ера ўдалося выратаваць. Стан Фіца па-ранейшаму застаецца «неверагодна цяжкім», і пасля замаху ён «быў на валасок ад смерці».

Калаж 24tv.ua

Калаж 24tv.ua

Калі б выпушчаныя нападнікам кулі прайшлі літаральна на некалькі міліметраў правей або лявей, у параненага б не было ніякіх шанцаў, перадае словы Пелегрыні BBC.

«Ён можа гаварыць, але [вымавіў] літаральна некалькі сказаў, і вельмі, вельмі стаміўся... Сітуацыя вельмі крытычная», — сказаў Пелегрыні журналістам, якія сабраліся ля ўваходу ў бальніцу.

Прэзідэнт запэўніў, што ўрачы працягнуць змагацца за жыццё прэм'ера, але высновы аб тым, наколькі паспяховыя гэтыя спробы, можна будзе зрабіць толькі праз некалькі дзён.

У сувязі з гэтым абавязкі і паўнамоцтвы кіраўніка ўрада краіны часова ўскладзеныя на двух віцэ-прэм'ераў.

Распавёўшы апошнія навіны пра стан Фіца, Пелегрыні заклікаў палітычныя партыі краіны прыпыніць ці нават цалкам згарнуць падрыхтоўку да маючых адбыцца выбараў у Еўрапарламент, якія пройдуць з 6 па 9 чэрвеня.

«Калі нешта народу Славакіі сёння і трэба, дык гэта хаця б базавая згода і адзінства славацкага палітычнага прадстаўніцтва, — патлумачыў сваю просьбу Пелегрыні. — Можа, і не кансенсус, але, калі ласка, хоць бы паміж сабой дыскусіі трэба весці цывілізавана».


Глядзіце таксама

Да прысутных ля будынка бальніцы рэпарцёрам звярнуўся таксама міністр унутраных спраў Славакіі Матуш Шутай Эштак.

Назваўшы затрыманага за напад на прэм'ера мужчыну «ваўком-адзіночкай», які не належыць ні да якіх палітычных груп, кіраўнік МУС тым не менш папрасіў журналістаў і астатніх работнікаў СМІ «асобна падумаць» над тым, як яны асвятлялі палітыку ўрада краіны.

Фігура Роберта Фіца з'яўляецца вельмі неадназначнай як у самой Славакіі, так і за яе межамі.

Яго вяртанне да ўлады ў мінулым годзе (з 2018 па 2020 год ён ужо ўзначальваў урад краіны) выклікала ў іншых краін-членаў Еўрапейскага саюза і НАТО асцярогі, што цяпер Славакія адмовіцца ад свайго празаходняга курсу — асабліва ў тым, што тычыцца падтрымкі Украіны ў барацьбе з расійскім уварваннем.

У пачатку вайны Славакія была адным з самых заўзятых прыхільнікаў Украіны, але пасля перамогі на выбарах Фіца, якога шмат хто называе сябрам расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, спыніў пастаўкі Кіеву зброі для патрэб УСУ.