Перамовы ў Мінску — зорны час у жыцці Аляксандра Лукашэнкі

Цяжка сказаць, чаго чакае ад гэтай гутаркі Пётр Парашэнка. Яшчэ цяжэй зразумець, навошта збіраецца ехаць у Мінск Уладзімір Пуцін. Можа, ён і сам не ведае. Мяркуючы па тым, што нядаўняя сустрэча міністраў замежных спраў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі ўвянчалася «невялікім прагрэсам», гэта значыць завяршылася правалам, спадзявацца асабліва няма на што.



lu.jpg

Парашэнку па сутнасці няма пра што размаўляць з Пуціным, і тут нават не скажаш, што спрачацца лепш, чым ваяваць. Таму што дыскутаваць з лідэрам дзяржавы, якая «не з'яўляецца бокам у канфлікце», як ён сам заяўляе, бессэнсоўна, а вайна ідзе поўным ходам. «Во славу» расійскай зброі, якая тонамі ўвозіцца ва Украіну, і гуманітарны паток, падобна, не змяншаецца. 
Затое імя бенефіцыяра будучай сустрэчы лідэраў ЕС, Украіны і Мытнага саюза адгадаць лёгка. Гэта Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Беларусі, ветлівы гаспадар, мадэратар небывалага саміту, які збіраецца амаль выключна для таго, каб Пуцін з Парашэнкам селі ўдваіх і пагаварылі. І не 15 хвілін, як у Нармандыі ў прысутнасці Аланда і Меркель, і не па тэлефоне, як пазней здаралася, а доўга і з воку на вока. 

На Захадзе ўсё-ткі разлічваюць, што гэтыя двое знойдуць агульную мову, балазе перакладчык ім не патрэбны. У Лукашэнкі іншыя разлікі. Ізгой і «апошні еўрапейскі дыктатар», ён марыць вярнуцца ў вялікую палітыку апранутым у тогу выратавальніка і міратворца. Добрага такога, мудрага, заклапочанага гуманістычнымі праблемамі. Вядома, гэта цяжкая, нават незвычайная для Аляксандра Рыгоравіча роля, але «попытка не пытка». 


Першы паказ бацька даваў у сакавіку, у Савіка Шустэра, і атрымаў бурныя апладысменты. Папуліст ад бога, ён быў непараўнальны. Пагардліва адхрышчваўся ад Януковіча («ну які ён для мяне прэзідэнт?»). Сурова выкрываў украінскіх алігархаў і карупцыю. Абяцаў літаральна ў адзіночку адстрэльвацца ад ворагаў, калі тыя нападуць на Беларусь, і ўсе разумелі, каго ён мае на ўвазе, і апладысменты пераходзілі ў авацыю. 
Карацей, грамадзян бацька прама зачараваў, і бліжэй да канца расчулены Шустэр задаў пытанне, якое ўжо лунала ў паветры. Ці не возьмецеся, маўляў, прымірыць Украіну і Расію, Аляксандр Рыгоравіч? Тут прэзідэнт раптам стаў запінацца, ён паведаміў, што больш за ўсё на свеце не любіць займацца пасрэдніцтвам, але... «Але калі мне заўтра скажуць... што гэта важна для маёй роднай Украіны і маёй Расіі, я гатовы адмовіцца ад многага». 

Складалася ўражанне, што пытанне трапіла яму ў самае сэрца. Шкада, што раней не пыталіся. Узвысіцца над Масквой і Кіевам, заклікаць да парадку неразумных суседзяў, патаптацца на чужой вайне, хоць бы так рэалізуючы даўнія свае мары пакіраваць краінай большай за Беларусь, — ды ён згодны, ён хоць заўтра гатовы!


З тых часоў Лукашэнка нячаста мільгаў на тэлеэкранах блізкага замежжа, але праца, як можна зразумець, вялася, і вось на 26 жніўня прызначаная гістарычная сустрэча ў рамках названага трыкутніка. Аляксандр Рыгоравіч будзе прымаць гасцей. 
Для бацькі гэта надзвычай радасная падзея — ва ўсіх сэнсах і праявах. 
Па-першае, рэдкі шанец асабіста пабачыцца і разабрацца з кіраўніцтвам ЕС. Даўно неўязны ў прыстойныя краіны, ён прыкметна сумуе ў сябе ў Мінску і здзіўляецца шчыра, разглядаючы сябе ў люстэрку: ну чаму я злыдзень? Тым больш на фоне Пуціна, пра што Аляксандр Рыгоравіч не раз ужо казаў ва ўласцівай яму спавядальнай манеры. Ён даўно жадае вярнуцца ў свет, паездзіць па свеце, пазаймацца геапалітыкай, і расійска-ўкраінская вайна, гэтае ўсеславянскае гора, для яго шчаслівы шанец. 
Па-другое, яму прыемна будзе пабачыцца з Уладзімірам Уладзіміравічам. Па-чалавечы прыемна, паколькі прэзідэнт РФ, яго непрымірымы сябар і яго шчыры вораг, сёння нарэшце на сваёй шкуры адчувае, як гэта — быць абкладзеным з усіх бакоў і жыць у рэжыме сектаральных санкцый. Як прыемна будзе зазірнуць у вочы сябру. Акрамя таго, уся гэтая гісторыя з Крымам і Данбасам моцна напалохала бацьку, як і іншых адданых саюзнікаў Пуціна па МС, і з еўрапейцамі Лукашэнка на гэты раз будзе сустракацца як з мімавольнымі партнёрамі і абаронцамі, і гэта таксама карысна. Усё ж такі старэйшы брат стаў зусім ужо непрадказальным, і паківаць на яго спадару Барозу, гаротна уздыхаючы, і пагаварыць з ім, з Пуціным аб міры і непарушнасці межаў цяпер самы час. 
Па-трэцяе, эканамічныя пытанні. Справа ў тым, што антырасійскія санкцыі — гэта свята для Лукашэнкі і Назарбаева, якія зусім не збіраюцца адмаўляцца ад еўрапейскага экспарту. А калі праславуты беларускі ласось, імпартаваны з Нарвегіі, заваюе сэрца расіянаў, то бацька шчыра парадуецца і за расіянаў, і за ласося. Іншымі словамі, рассаджваць усіх сваіх дарагіх гасцей за круглым сталом ён будзе з вялікім цёплым пачуццём і ў добрым гуморы. Дзякуючы Пуціну, Захаду i санкцыям ён цяпер яшчэ некаторы час зможа, займаючыся рээкспартам забароненых у Расіі тавараў, без надрыву разважаць пра будучыню беларускай эканомікі. 
Абы толькі сустрэча не сарвалася. Таму ўчора ён ледзь не ўвесь дзень названьваў па тэлефоне калегам-прэзідэнтам — Парашэнку, Назарбаеву, Пуціну. Прэс-служба Лукашэнкі паведамляла, што падчас гэтых гутарак абмяркоўвалася «шырокае кола пытанняў беларуска-ўкраінскіх адносін», а таксама «узаемаадносін з Украінай у сувязі з падпісаннем ёю Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам, па сітуацыі ва Украіне ў цэлым і мерам па нармалізацыі абстаноўкі», і гэта, напэўна, праўда. 
Але больш за ўсё, мяркую, Аляксандр Рыгоравіч казаў пра мір і пра тое, што трэба дамаўляцца, а не страляць. З болем у сэрцы казаў, як і пасуе міратворцу, якому раптам выпала гэтая грандыёзная ўдача: мірыць рускіх з украінцамі, з Амерыкай, з Еўропай. 
Праўда, памірыць іх бацька наўрад ці спадзяецца — і ведае, што на месцы Пуціна сапраўды гэтак жа мучыў бы ўкраінцаў, а на месцы Парашэнкі бязлітасна, не лічачыся з ахвярамі ціснуў бы любы мяцеж. Але ён, на шчасце для расіянаў і ўкраінцаў, з'яўляецца беларускім нацыянальным лідэрам і ваяваць з імі не можа. Таму ён будзе ўзвышаць свой ​​голас супраць гвалту, і гэта несумненна зорны час у жыцці Аляксандра Лукашэнкі.
Ілля Мільштэйн, grani.ru