Першы знак Івашкевіча — Алегу Корбану

Першы памятны знак імя Віктара Івашкевіча атрымаў лідэр грамадскай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алег Корбан. Ну, як атрымаў? Скажам так, уганараваны ім у экстрэмальных умовах.



znak_ivashk_logo.jpg

Гэты памятны знак Сойм Партыі БНФ заснаваў адразу пасля смерці аднаго з найбольш вядомых і апантаных «фронтаўцаў» Віктара Івашкевіча. Актывісты ПБНФ вырашылі, што памятны знак, якім будуць уганароўвацца «вулічныя байцы» найбольш адпавядаў бы і характару самога спадара Віктара, і тым, хто яго атрымлівае, і быў бы найлепшай памяццю пра выбітнага дзеяча партыі.

На Сойме Партыі БНФ, які прайшоў 12 ліпеня ў Мінску, яе лідэр Аляксей Янукевіч зазначыў, што паводле рашэння заснавальнікаў і са згоды сваякоў Віктара Івашкевіча, памятным знакам ўганароўваюцца асобы і арганізацыі, якія спрычыніліся да правядзення масавых акцый у Беларусі. Крытэрамі для ўручэння знаку з’яўляюцца актуальнасць тэмаў акцый і адпаведнасць іх нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, крэатыўнасьць і творчы падыход пры планаванні і правядзенні акцыі, грамадскі розгалас і масавасць акцый, яе ўплыў на грамадства.

Між тым, «Альтэрнатыва» і Корбан атрымалі першы памятны знак імя Івашкевіча не на безальтэрнатыўнай аснове, а паводле галасавання сябраў Сойму Партыі БНФ, паведаміў Янукевіч. Ён жа адзначыў, што «Альтэрнатыва» праводзіла «найбольш набліжаныя» да дзейнасці Партыі БНФ акцыі — у падтрымку незалежнасці Беларусі, беларускай мовы і культуры, супраць расійскіх ваенных базаў у Беларусі, з патрабаваннем вызвалення палітвязняў… Адпаведна, усе гэтыя акцыі былі творчымі і крэатыўнымі, а асабліва — вулічнымі. «Сёння неспрыяльны час для масавых вулічных акцый пратэста, і тым больш каштоўныя тыя арганізацыі, якія ладзяць гэтыя вулічныя акцыі», — дадаў Янукевіч.

«Віктар Івашкевіч, калі лічыў гэта патрэбным, проста браў сцяг і выходзіў з ім на вуліцу і плошчу, не пытаючыся ні ў каго дазволу на правядзенне акцыі. Падобным джа чынам дзейнічае «Альтэрнатыва», — адзначыў Янукевіч.

Але сам Корбан не чуў гэтых пранікнёных словаў, і на ўручэнне памятнага знаку не з’явіўся. Па паважлівай прычыне — у гэты час ён даседжваў апошнія гадзіны ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. 30-га чэрвеня сябры «Альтэрнатывы» ў пераходзе станцыі мінскага метро «Каменная горка» вывесілі расцяжку «За незалежную Беларусь». 2-га ліпеня Корбан быў затрыманы ў сябе дома і звыкла асуджаны на 10 сутак арышту за тое, што «лаяўся матам і парушаў грамадскі парадак».

korb_vyh_logo.jpg

На волі Корбана сустракалі аднадумцы і паплечнікі

Выйшаў на волю першы лаўрэат памятнага знака толькі ў 18.25, — на пяць хвілінаў раней, чым павінен быў. Але яго ўжо сустракалі каля дзясятка сяброў і сябровак арганізацыі. Ён намыліўся было адразу сысці, але лідэру «Альтрнатывы» паведамілі радасную навіну, і прымусілі пачакаць намесніка старшыні Партыі БНФ Ігара Лялькова. Ён і ўручыў Корбану памятны знак, апавёўшы, што гэта — першая ўзнагарода такога кшталту. «Так што разам з гэтым знакам ты і «Альтэрнатыва» ўжо ўвайшлі ў гісторыю», — адзначыў Лялькоў.

korb_lialk_logo.jpg

Ігар Лялькоў віншуе Корбана з "уваходжаннем у гісторыю"

korb_vopl_logo.jpg

Сябры "Альтэрнатывы" будуць насіць гэты знак па чарзе

Алег Корбан быў крыху агаломшаны такой навіной. Падаецца, упершыню для яго — трапляць у гісторыю па выхадзе з Акрэсціна. Але пры гэтым ён сапраўды пахваліўся ўзнагародай перад іншымі «знакамітымі акрэсцінцамі», якія падыходзілі, пакуль адбывалася цырымонія ўзнагароджання — Цімохам Дранчуком, Паўлам Вінаградавым, Максімам Вінярскім… Ну ў пажартаваў, што зараз — іхная чарга працаваць на вуліцы так, каб наступным годам атрымаць знак імя Івашкевіча.

korb_nagr_logo.jpg

Прадстаўнікі БНФ з’ехалі, а сябры «Альтэрнатывы» засталіся чакаць Уладзіміра Сяргеева, які таксама быў затрыманы ў адзін дзень з Корбанам і таксама асуджаны на такія ж 10 сутак адміністрацыйнага арышту…