Аляксей Янукевіч: Новыя санкцыі Захаду супраць Расіі могуць падштурхнуць Мінск да змены курсу
Партыя БНФ адназначна вітае новыя, больш сур’ёзныя, санкцыі супраць Расіі як агрэсара, які акупаваў частку тэрыторыі незалежнай Украіны і аказвае наўпроставую вайсковую падтрымку зброяй, цяжкай бранетэхнікай ды жывой сілай сепаратыстам у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны.
16 ліпеня ўрад Злучаных Штатаў увёў у дзеянне новы пакет эканамічных санкцый супраць Расійскай Федэрацыі. Пад
сэктаральныя абмежавальныя захады патрапілі не толькі шэраг расійскіх чыноўнікаў, але і найбуйнешыя фінансавыя, энэргетычныя, машынабудаўнічыя ды абаронныя прадпрыемствы: Газпрамбанк, Раснафта,
Знешэканамбанк, вайсковы канцэрн «Калашнікаў», Уралвагоназавод, Новатэк ды іншыя. Бліжэйшым часам будзе агучанае рашэнне пра аналагічныя альбо падобныя санкцыі
з боку Еўропы. Таксама чакаецца спыненне ўсіх фінансавых праектаў у Расіі, закрыццё крэдытных лініяў, забарона інвеставання ў расійскую эканоміку ды адкліканне ранейшых інвестыцыяў.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у інтэрвію партыйнай прэс-службе даў наступную ацэнку гэтаму кроку заходніх дзяржаваў.
Санкцыі скіраваныя на самыя адчувальныя кропкі пуцінскага рэжыму — энэргетыку,
абаронную прамысловасць, фінансавы сектар. Відавочна, расійскую эканоміку цяпер чакаюць цяжкія часы.
Пры такіх умовах улады Беларусі найхутчэй будуць працягваць палітыку лавіравання, спрабуючы здабыць як палітычныя, так і эканамічныя выгоды з гэтай сытуацыі.
Я не выключаю, што афіцыйны Мінск паспрабуе атрымаць выгоду ад санкцыяў Захаду супраць Расіі, заняўшы нішу сваеасаблівага афшора, праз які расійскі ваенна-прамысловы, паліўна-энэргетычны і
фінансавы сектар маглі б весці стасункі з астатнім светам у абыход санкцыяў. Разам з тым, для паўнавартаснага выканання гэтай ролі беларускім уладам неабходна дасягнуць пэўнага паляпшэння стасункаў з
Захадам — невялікія, але заўважныя крокі ў гэтым накірунку мы бачым у апошнія месяцы.
Я прагназую, што менавіта гэтая лінія паводзінаў будзе працягвацца ў бліжэйшы час.
Пры гэтым афіцыйны Мінск будзе ў меньшай ступэні гатовы аказваць галосную падтрымку дзеяньням Расіі, паколькі пры паўнавартасных санкцыях супраць яе павялічваецца верагоднасць ужывання санкцыяў
і супраць яе бліжэйшага вайсковага і палітычнага хаўрусніка.
Я спадзяюся, паўнамаштабныя салідарныя санкцыі з боку ЗША і Еўропы прымусяць кіраўніцтва Расіі адмовіцца ад захопу ўкраінскіх тэрыторыяў і ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Украіны. Я таксама
спадзяюся, што гэтая сітуацыя яскрава прадэманструе ўсяму беларускаму грамадзтву хібнасць і надзвычайную небяспеку аднабаковай геапалітычнай і эканамічнай арыентацыі на Усход.