Расія адрадзіла ідэю ВКЛ

Сёння зноў стала актуальнай ідэя Вялікага княства Літоўскага. І яе зрабіла актуальнай менавіта Расія, якая вядзе адкрытую вайну з Украінай. Як нявесела жартуюць самі ўкраінцы, Уладзімір Пуцін зрабіў хоць бы адну добрую справу: згуртаваў іх народ. Але цяпер украінцам трэба нанова перагледзець сваю ідэнтычнасць. Менавіта таму зноў можа стаць актуальнай ідэя ВКЛ. 



vkl2.jpg

10-12 гадоў таму ў закуліссі дыпламатыі, у публіцыстыцы хадзіла думка пра рэгіён, які адпавядаў бы тэрыторыі былога ВКЛ або Рэчы Паспалітай. Без сумневу, ніхто не думаў, што будзе створана якое-небудзь утварэнне, думалі толькі аб пэўнай ідэнтычнасці, геапалітычнай арыентацыі на Захад. Як і ў ВКЛ. 
Падчас «аранжавай рэвалюцыі» ва Украіне візіт прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса і прэзідэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага ў Кіеў адразу выклікалі размовы пра Адраджэнне Рэчы Паспалітай. Расійскі палітолаг Аляксей Няўзораў, каментуючы выступы прэзідэнтаў Польшчы і Літвы ў Кіеве, папярэдзіў, што, хутчэй за ўсё, адраджаецца Рэч Паспалітая. Паводле яго слоў, Польшча, у якой 38,3 млн. жыхароў, Літва з 3 млн. жыхароў, і Украіна з 48 млн., аб'яднаўшыся, трапляюць у «вышэйшую лігу». 
Неўзабаве гэтыя размовы сціхлі. Для Украіны яшчэ не была актуальна спадчына ВКЛ, а ўлады Літвы вырашылі, што яе знешняя палітыка будзе арыентавана на Брусэль, а рэгіён, у якім краіна хоча дзейнічаць — Паўночная Еўропа, г.зн., Скандынавія. 
Праўда, Расія яшчэ раз падняла ідэю рэгіёну ВКЛ, абвясціўшы сваё ​​новае свята — Дзень народнага адзінства, які адзначаецца 4 лістапада. Менавіта ў гэты дзень з Масквы былі выцесненыя літоўцы і палякі. Вядома, гэта дзень расійскай перамогі, але ён нагадвае, што ў пачатку XVII стагоддзя ў Крамлі гаспадарнічалі палякі і літоўцы. Інакш кажучы, гэтае свята немагчыма зразумець, не распавёўшы, што ў той час было ВКЛ. 
Зараз Расія нашмат мацней актуалізуе неабходнасць спадчыны ВКЛ. Насамрэч, перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай для ўкраінцаў можа стаць вельмі сур'ёзнай асновай для новай ідэнтычнасці, якая дапаможа вызваліцца ад прапанаванага Крамлём геапалітычнага бачання, мадэлі славянскага свету. 
І тут вельмі важная роля Літвы. Менавіта сёння літоўцы, акрамя гуманітарнай дапамогі, могуць аказаць Украіне больш важную дапамогу — нагадаць аб агульнай гісторыі, агульных справах і ідэях. 
Пуцін актуалізаваў гісторыю ў геапалітычных гульнях. Акупацыю Крыму ён абгрунтаваў гістарычнымі аргументамі. Відавочна, што, згодна з яго гістарычным бачаннем, цяперашняй Украіне няма месца. Менавіта таму ёй патрэбны новы гістарычны наратыў, у якім перыяд ВКЛ заняў бы важнае месца. І гэта ўжо наша гістарычная місія — дапамагчы стварыць гэты новы выклад гісторыі.
Віргініюс Савукінас, delfi.lt