Віталь Рымашэўскі: Эйфарыя украінцаў вакол Лукашэнкі хутка знікне
Дэпартацыя дэпутата Брыгінца — нервовая рэакцыя прэзідэнта на ўвядзенне Кіевам спецпошлінаў на беларускія тавары.
Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю сайту charter97.org сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, каментуючы
дэпартацыю з Мінска ўкраінскага дэпутата Аляксандра Брыгінца.
«Беларускі рэжым дзейнічае тут як марыянетка Крамля, і, безумоўна, Брыгінец быў затрыманы па загадзе ФСБ. Акрамя таго, такая нервовая рэакцыя Лукашэнкі можа тлумачыцца увядзеннем Украінай спецпошлінаў на беларускія тавары ў адказ на абмежавальныя дзеянні Мінска», — лічыць палітык.
Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што ўкраінскім уладам і народу не варта цешыць сябе ілюзіямі наконт беларускага прэзідэнта.
«Як вядома, у Лукашэнкі ёсць заявы і ёсць дзеянні. І вельмі часта гэтыя дзеянні наўпрост супярэчаць яго заявам. Таму, з аднаго боку, можна казаць пра тое, што
Украіна — дружалюбная краіна, а з другога, размяшчаць на сваёй
тэрыторыі ваенную тэхніку Расіі і ўводзіць сінхронна з ёй эканамічныя санкцыі супраць Украіны.
Таму я б параіў украінскім уладам ацэньваць Лукашэнку і іншых палітыкаў не па словах, а па дзеяннях. Я думаю, што ўкраінцы за апошнія паўгода атрымалі практычны ўрок паліталогіі. Так што калі ў
іх і ёсць нейкая эйфарыя вакол беларускага кіраўніка, то яна хутка знікне пасля гэтых падзей», — сказаў на заканчэнне сустаршыня БХД.
Нагадаем, затрыманага ўчора ўвечары ў мінскім аэрапорце Аляксандра Брыгінца дэпартавалі з Беларусі. Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны прыбыў у Мінск рэйсам з Кіева ўвечары 16 ліпеня ў складзе
афіцыйнай дэлегацыі дэпутатаў (украінскіх і польскіх) і праваабаронцаў, якая накіроўвалася ў Варонеж праз Мінск і Маскву. Дэлегацыя плануе сустрэцца з адвакатамі ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка,
выкрадзенай сепаратыстамі на ўсходзе краіны і перададзенай у Расію. Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА Варонежа. Дэлегацыя з Кіева збіраецца сустрэцца з самой Саўчанка, а таксама прысутнічаць на судовым
працэсе з яе ўдзелам.
charter97.org