Затрыманага ў Мінску ўкраінскага дэпутата дэпартавалі ў Кіеў

Затрыманага ў мінскім аэрапорце дэпутата Вярхоўнай рады Украіны Аляксандра Брыгінца дэпартавалі з Беларусі самалётам авіякампаніі «Белавія», які вылецеў у Кіеў сёння ў 8.25.



bryhiniec_deputat.jpg

«У суправаджэнні пагранічніка мяне транспартуюць да самалёта, праз гадзіну з нечым буду ў Кіеве. Відаць, у наступны раз я прыеду ў Расію і Беларусь, калі падзе рэжым Пуціна. Таксама маю асабістую зацікаўленасць», — напісаў нардэп перад вылетам на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Брыгінец прыбыў рэйсам з Кіева 16 ліпеня ў 20.59 у складзе афіцыйнай дэлегацыі дэпутатаў (украінскіх і польскіх) і праваабаронцаў, якая накіроўвалася ў Варонеж праз Мінск і Маскву. Дэлегацыя плануе сустрэцца з адвакатамі ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, выкрадзенай сепаратыстамі на ўсходзе краіны і перададзенай у Расію. Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА Варонежа. Дэлегацыя з Кіева збіраецца сустрэцца з самой Саўчанка, а таксама прысутнічаць на судовым працэсе з яе ўдзелам. Ноч Брыгінец правёў у транзітнай зоне мінскага аэрапорта, не маючы магчымасці свабодна па ёй перасоўвацца. Дэпутата наведаў консул украінскай амбасады ў Мінску.

БелаПАН