Пра мадэрнізацыйныя магчымасці пагалоўя свіней

Беларусам у чарговы раз было паабяцана дагнаць Еўропу па ўзроўні жыцця. Гэта радасная вестка прыйшла з Ляхавіцкага раёна 7 жніўня. Чакаць засталося зусім нядоўга.



68b1fbe7f16e4ae3024973f12f3cb313.jpg

Беларусам у чарговы раз было паабяцана дагнаць Еўропу па ўзроўні жыцця. Гэта радасная вестка прыйшла з Ляхавіцкага раёна 7 жніўня. Чакаць засталося зусім нядоўга.
Цытую: «з 2011 года, я ўпэўнены, мы будзем жыць, як у Еўропе». Што цікава, у якасці панацэі (ад лат. рanacea, ад імя старажытнагрэчаскай багіні Панакіі, — сродак, які можа дапамагчы ва ўсіх жыццёвых выпадках) зноў наканавана выступіць сельскай гаспадарцы. Але сёння «жыць, як у Еўропе», плануецца не за кошт царыцы палёў кукурузы, высаджанай квадратна-гнездавым спосабам, і нават не за кошт масавага ўкаранення тарфяных гаршчкоў. Тут задума іншага маштабу. Размова вядзецца пра свінагадоўлю! Залог будучага поспеху — у тым, што «нічога прыдумляць не трэба, мы ўжо бярэм гатовыя тэхналогіі. Сёння іх трэба выцягваць з Еўропы».
Як кажуць, цягаць вам не перацягаць. Але ёсць адна невялікая праблема. Калі ў сакавіку 2002 года былі агучаныя і сфармуляваныя асноўныя прынцыпы «беларускай мадэлі эканамічнага развіцця», яе аўтар падкрэсліў: «Усё, што сёння мы маем у эканоміцы, у сацыяльнай і іншых сферах, вынік таго, што мы ўсе гэтыя гады ішлі сваім шляхам, мы жылі сваім розумам». З гэтым не паспрачаешся. Што маем, тое маем. Але ж хочацца большага. Хочацца свінакомплексаў на 50 тысяч галоў. Комплексаў, якія працуюць па галандскіх і дацкіх тэхналогіях. Але не ці азначае гэта, што мы тым самым адмаўляемся жыць сваім розумам, а калі браць шырэй, то ці не крок гэта ў бок ад згаданай мадэлі?
У прыведзенай вышэй цытаты ёсць працяг: «Мы не слухалі «дактароў» з Міжнароднага валютнага фонду, якія прапісвалі лекі, больш небяспечныя за саму хваробу». З песні слоў не выкінеш, а з афіцыйнага даклада — тым больш, аднак неяк незаўважна замежныя «дактары» сталі ў нас самымі жаданымі гасцямі. Да іх парадаў сёння не проста прыслухоўваюцца, кіраўнікі дзяржавы іх уважліва канспектуюць, а потым радасна рапартуюць пра выкананне. Этап развіцця беларускай эканомікі «ад жыцця», мяркуючы па ўсім, завяршыўся. З канца 2008 года яна развіваецца «ад МВФ».
Няўдалы эксперымент
Ляхавіцкія адкрыцці кіраўніка беларускай дзяржавы сталі штуршком для аднаўлення размоў пра магчымасці «мадэрнізацыі зверху». Паспрабую ў гэту гутарку далучыць свой унёсак і я. Пачну, як заўсёды, з дэфініцый. Пад «мадэрнізацыяй» у грамадскіх навуках прынята разумець сукупнасць працэсаў індустрыялізацыі, секулярызацыі, урбанізацыі, станаўленне сістэмаў усеагульнай адукацыі, прадстаўнічай палітычнай улады, што прыводзяць да фармавання сучаснага грамадства ў процівагу традыцыйнаму. Але гэта ў грамадскіх навуках. У савецка-расійскай традыцыі, якая ідзе сваімі каранямі ў пачатак XVII стагоддзя, пад «мэдэрнізацыяй», паводле меркавання пісьменніка Максіма Кантара, «на ўвазе маецца заўсёды толькі адно: а менавіта — завоз новага абсталявання, каб умацаваць стары рэжым».
Прапанова ад 7 жніўня шматвяковай традыцыі не парушае. Вось пакрыем усю краіну шчыльнай сеткай свінакомплексаў, начыненых галандска-дацкімі тэхнічнымі прыбамбасамі — і ўсім нам будзе шчасце. Зразумела, у тых, хто пачне кантраляваць з дапамогай кампутараў прыросты свінаматак (назавем іх кантралёрамі ніжняга ўзроўню), і ў кантралёраў наступных узроўняў, аж да самога верхняга, уяўленні пра шчасце могуць і не супадаць, але ж не настолькі, каб разбурыць сацыяльную стабільнасць, якая склалася ў рэспубліцы. А гэта галоўнае!
Айчынную мадэрнізацыю, у аснове якой — завоз імпартнага абсталявання, яшчэ называюць «даганяючай». Яны бягуць, мы даганяем. Яны ствараюць прыбамбасы, прычым усё ў больш вялікіх колькасцях, мы іх выцягваем. Чаму так атрымліваецца? На гэта пытанне паспрабаваў адказаць яшчэ Барыс Гадуноў. Ён паслаў на Захад групу маладзёнаў, колькасцю каля дваццаці, у спадзяванні, што яны навучацца вынаходзіць гэтыя самыя прыбамбасы, а не толькі іх капіяваць. Эксперымент праваліўся. Ні адзін з іх дадому не вярнуўся.
Бацька Пятра Першага Аляксей Міхайлавіч пайшоў іншым шляхам. Ён стаў запрашаць тамтэйшых умельцаў да сабе. Пры гэтым былі пастаўлены цвёрдыя ўмовы: навучанне абмяжоўваецца выключна тэхналогіямі. За крок направа або налева — на кол. Ніякіх там «заходніх каштоўнасцяў» і іншых спадарожных брыдот. Так паўстала Нямецкая слабада — анклаў за высокім плотам у цэнтры Масквы.
Дам яшчэ раз слова Максіму Кантару: «Насельніцтва паслядоўна звяртаюць то ў хрысціянства, то ў камунізм, то ў дэмакратыю — без заўважнай шкоды для прынцыпу супрацоўніцтва з начальствам. Каб насельніцтва абслугоўвала начальства больш якасна і хутка, яго ўзбройваюць кампутарамі і навучаюць прабіваць свідравіны, але няма (і не можа быць у прынцыпе) такога плану пераўтварэнняў, які навучыў бы насельніцтва працаваць на саміх сябе… Няма і ніколі не адбывалася ў айчыннай гісторыі такіх рэформаў, якія былі б накіраваныя на змену галоўнага прынцыпу — прыгону».
Нафта ў абмен на харчаванне
Мне запярэчаць, спаслаўшыся на прыклад Кітая, маўляў, нашы «сябры па розуму» ў рамках сацыялістычнай сістэмы і пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі мяхамі вязуць да сабе заходнія тэхнічныя прыбамбасы і пры гэтым вельмі някепска сябе адчуваюць. Нават сусветны крызіс іх не бярэ. Глядзіш, да канца года ВУП зноў працэнтаў на восем падрасце.
Кітай і крызіс — гэта тэма для асобнай гутаркі. А вось што датычыць кітайскай мадэлі мадэрнізацыі, то тут важна не зблытаць божы дар з яечняй. Нягледзячы на ўсе свае эканамічныя поспехі, Кітай застаецца пераважна аграрнай краінай. Ён знаходзіцца на індустрыяльнай стадыі развіцця, якую Беларусь у асноўных рысах завяршыла яшчэ пры Сталіне. У чарговы раз спашлюся на меркаванне спецыяліста: «Так, Кітай як краіна — дакладней, кітайская эліта — знайшла сабе прыстойную крыніцу багацця, не горшую за нафту. Гэта кітайскі жабрак-селянін, выгнаны з вёскі жахлівым аграрным перанасяленнем, гатовы за 50–100–200 долараў у месяц працаваць па 12–14 гадзін — каб хоць неяк выбрацца з беспрасветнай галечы, каб забяспечыць свайму дзіцяці крыху лепшае жыццё, чым было ў яго самога. Гэта — аснова мадэрнізацыйнага праекту Кітая» (Міхаіл Хазін, эканаміст).
Як праводзілася сталінская «даганяючая» мадэрнізацыя? У селяніна сілавым метадам адбіраліся «лішкі» збожжа, для чаго папярэдне было неабходна загнаць яго ў калгас. На збожжавую валюту ў замежжы куплялася абсталяванне, да якога і прыстаўляўся ўсё той жа селянін, які выжыў пасля адбірання «лішкаў». Так працягвалася да таго часу, пакуль у вёсцы меліся «лішкі» як збожжа, так і сялян. Спачатку скончылася збожжа. Але тут краіне пашанцавала. У Заходняй Сібіры былі выяўленыя каласальныя запасы нафты і газу, што дазволіла працягнуць закупку абсталявання. Куплялі часам цэлымі заводамі. Самы яркі прыклад — ВАЗ.
Але пры Брэжневе плынь сялян з вёскі ў горад паводле натуральных прычынаў перасохла. Эканамічны рост спыніўся. Пачалася «эпоха застою». І гэта на піку сусветных коштаў на нафту і газ! На аб’ёмах закупкі новага абсталявання гэта, аднак, ніяк не адбілася. Вынік — на пачатак гарбачоўскай перабудовы на завадскіх дварах савецкіх індустрыяльных гігантаў іржавела неўсталяваных заходніх прыбамбасаў больш чым на 30 мільярдаў долараў. Яшчэ на 40 мільярдаў у той жа валюце краіна была вымушаная ўвозіць штогод харчавання. Сталінскі калгаснік карміў сябе сам і нават нейкім чынам спадобіўся пры гэтым вырабляць «лішкі». Індустрыялізацыя перакваліфікавала 70 мільёнаў земляробаў у гараджан першага пакалення. На гэтыя дадатковыя гарадскія раты, адарваныя ад прысядзібных участкаў, выбіваць з калгасніка «лішкі» ў савецкай улады сіл ужо не хапіла.
Дылема Гарбачова
Развіццё не трэба блытаць з эканамічным ростам. Развіццё — гэта рост плюс істытуцыянальныя і сацыяльныя змены. У сваю чаргу, постіндустрыяльны эканамічны рост можа быць толькі інвестыцыйным. І тут паўстае пытанне пра суб’ект інавацый. Сусветная практыка сведчыць пра тое, што дзяржава ў асобе чыноўнікаў першую скрыпку ў такім складаным працэсе выконваць не здольная. Не варта разлічваць і на «чырвоных дырэктараў», якімі ўсё яшчэ з’яўляецца большасць беларускіх кіраўнікоў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. У іх «кароткая» матывацыя, бо яны не з’яўляюцца ўласнікамі, а таму зацікаўленыя атрымліваць як мага больш у рэжыме «тут і цяпер», а не займацца рэалізацыяй доўгатэрміновых праектаў.
У якасці пацверджання гэтай тэзы працытую адно з апошніх публічных выказванняў памочніка прэзідэнта Сяргея Ткачова. Сумнявацца ў яго веданні дырэктарскага корпуса, самі разумееце, не даводзіцца. «Падключэнне Адміністрацыі прэзідэнта да кантролю за запасамі гатовай прадукцыі на складах, у тым ліку прыцягненне да асвятлення гэтай праблемы сродкаў масавай інфармацыі, аказала дзейсны ўплыў на працу кіраўнікоў прадпрыемстваў. Калі бываеш на прадпрыемствах і гутарыш з кіраўнікамі (а за два апошнія тыдні ўдалося пабываць на дзесятку прадпрыемстваў), пераконваешся, што гэта добра ўскалыхнула дырэктарскі корпус».
Цікавая атрымліваецца карціна, пагадзіцеся. Падключылася Адміністрацыя прэзідэнта — ускалыхнуўся дырэктарскі корпус. А калі б не падключылася? Ніхто б і пальцам не варухнуў? Так ці не? Хутчэй за ўсё, што так.
Цытата Сяргея Ткачова ўзятая з яго артыкула «Час патрабуе асэнсаваных дзеянняў». Калі я правільна зразумеў, то да пачатку сусветнага крызісу асэнсаваных дзеянняў ад беларускай палітычнай эліты не патрабавалася. Дастаткова было «ісці ад жыцця», чым яна 15 гадоў і займалася, пакуль не сутыкнулася з дылемай Гарбачова: сучаснага эканамічнага развіцця без свабоды не бывае, а свабода падрывае ўладу дзейнага кіраўніцтва. Як гэта дылема будзе вырашацца, мы ўбачым у самы бліжэйшы час. Пакуль далей мадэрнізацыі свінарнікаў справа не пайшла. У мадэрнізацыі ж мае патрэбу сама ўлада, а разам з ёй і грамадства, інакш беларусам наканавана заставацца ў ролі тых, што даганяюць, яшчэ доўга.