Працэс вяртання паслоў Беларусі і ЗША спынены?

Працэс вяртання паслоў Беларусі і ЗША так і не атрымаў свайго працягу, хаця колькасць інфармацыйных нагод у рамках гэтай тэмы заставалася больш чым прыкметнай. Джулі Фішэр, прызначаная адміністрацыяй Байдэна кіраўніком дыпмісіі ў Мінску, пабыла ў многіх сумежных з Беларуссю краінах, сустрэлася практычна з усімі лідарамі апазіцыі, але ў Мінск так і не прыбыла.

Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская

Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская


У пачатку лютага Джулі Фішэр наведала шэраг еўрапейскіх краін і сустрэлася з іх афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, якая знаходзіцца ў эміграцыі. У прыватнасці, 3 лютага Фішэр абмеркавала сітуацыю ў Беларусі з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марцінам Пшыдачам. Паводле паведамлення амерыканскай амбасады, «амбасадар Фішэр падкрэсліла, што ЗША занепакоеныя парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабод беларускага народа з боку рэжыму Лукашэнкі». У Варшаве Фішэр сустрэлася таксама з кіраўніком Народнага антыкрызіснага кіравання Паўлам Латушкам, нагадвае «Беларускі партызан».

Ужо на наступны дзень, 4 лютага, Фішэр сустрэлася ў Вільні са Святланай Ціханоўскай. Паводле паведамлення офіса Ціханоўскай, падчас сустрэчы былі абмеркаваныя двухбаковыя адносіны Беларусі і ЗША, а таксама магчымыя варыянты вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі. Суразмоўніцы казалі пра тое, як спыніць гвалт і дамагчыся вызвалення палітвязняў, а таксама пра тое, як зрабіць рэалізацыю «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі» і «Маскоўскага механізму» АБСЕ больш эфектыўнымі. Праз пару дзён Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская ўсклалі вянкі да месца пахавання Кастуся Каліноўскага.

Такія паводзіны прызначанага амбасадара ЗША не могуць не раздражняць афіцыйны Мінск, але ён пакуль каментуе такія дзеянні вельмі стрымана.

Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей адзначыў толькі, што «калі зноў прызначаны амбасадар будзе прадстаўляць сваё бачанне развіцця стасункаў паміж Беларуссю і ЗША ў Дзярждэпе на падставе толькі інфармацыі, якую яна атрымала ў Вільні, і Варшаве, і Стакгольме, то гэта будзе аднабокае бачанне».

Што тычыцца даты прыезду Фішэр ў Мінск, то яна па-ранейшаму не агучаная. 9 лютага падчас брыфінгу для СМІ кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента Нэд Прайс заявіў, што ў яго няма ніякіх навін адносна планаў Фішэр пра паездку ў Беларусь. Не было таксама інфармацыі і аб прызначэнні беларускага амбасадара ў ЗША.

У бліжэйшыя месяцы адносіны з ЗША, на думку экспертаў Савета па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог», на які спасылаецца «Беларускі партызан», хутчэй за ўсё абвострацца. Гэта звязана як з магчымым усплёскам пратэснай актыўнасці ў Беларусі на Дзень Волі, 25 сакавіка, і жорсткай рэакцыяй на яго з боку беларускіх праваахоўных органаў, так і з пераглядам раней «замарожаных» санкцый ЗША супраць прадпрыемстваў беларускай нафтахіміі. У 2008 годзе ўвядзенне гэтых санкцый прывяло да выправаджэння амерыканскага амбасадара і рэзкага скарачэння штата амбасады ЗША ў Мінску. Зыходзячы з вышэйсказанага, вялікая верагоднасць, што працэс будзе прыпынены.