МЗС Беларусі прапанавала амбасадару ЗША беларускае грамадзянства і сумеснае кіраванне Аляскай

У адказ на віншаванне беларусаў Амбасады ЗША з Днём Волі беларускае МЗС выступіла са з'едлівай заявай.

f2e1a690_6196_4d49_b1c3_f1a76167e10b.tmp


«У сувязі з заявай Пасольства ЗША ад 25 сакавіка 2021 г. выказваем шчырую ўдзячнасць амерыканскаму боку за праяўленую нарэшце гатоўнасць перавесці двухбаковую рыторыку ў канструктыўнае рэчышча і за віншаванне са значнай датай у гісторыі нашай краіны. Будзем толькі вітаць распаўсюд дадзенай практыкі і на дзяржаўныя святы», — заяўляе МЗС.
Беларускае знешнепалітычнае ведамства просіць прабачэння за тое, што не павіншавала амерыканцаў са 160-годдзем прыняцця Канстытуцыі Канфедэратыўных Штатаў Амерыкі, і нагадала аб руху Black Lives Matter у краіне.
МЗС адзначыла, што амерыканскае грамадства «глыбока расколатае» і прапанавала пачаць у ЗША «сапраўдны інклюзіўны дыялог».
«У якасці бескарыслівага жэсту добрай волі Беларусь, маючы досвед пляцоўкі перамоў у рамках ТКГ, гатовая прапанаваць свае паслугі ў справе арганізацыі такога працэсу. Мы акажам любое пасільнае садзейнічанне, у тым ліку з прыцягненнем нашых партнёраў па інтэграцыйных структурах», — гаворыцца ў каментары МЗС.
«Хоць прайшло больш за два стагоддзі з моманту абвяшчэння незалежнасці, апошнія падзеі ў ЗША паказваюць, што барацьба амерыканцаў за свабоду ўсё яшчэ працягваецца. У цяперашні час сотні тысяч амерыканцаў усіх узростаў публічна патрабуюць права вызначаць лёс сваёй краіны. Многія плацяць высокую цану за спробу зрабіць свой голас пачутым, паколькі дзеючай адміністрацыі давялося ўжыць смяротную зброю і застрэліць некалькі чалавек, каб утрымацца ва ўладзе і замацаваць вынікі выбараў», — заяўляе МЗС.
МЗС называе героямі Эдварда Сноўдэна, Джуліяна Асанжа і Чэлсі Мэнінга і заяўляе, што яны «ахвяравалі практычна ўсім дзеля сапраўднай свабоды і гармоніі ў амерыканскім грамадстве».
МЗС Беларусі таксама заяўляе аб сваёй гатоўнасці прыняць заяўку прызначанага пасла Джулі Фішэр на прадастаўленне беларускага грамадзянства, каб яна змагла ўдзельнічаць у беларускіх выбарах.
«Мы ўдзячныя прызначанаму Паслу ЗША ў Беларусі Дж.Фішэр за неацэнную падказку ўсяму беларускаму народу, калі і якім чынам трэба праводзіць выбары. Безумоўна, наша беларускае прымітыўнае і беднае мысленне ніколі б не дазволіла нам самім вырашыць гэтае пытанне. У знак неймавернай удзячнасці МЗС гатова па-за чаргой прыняць заяўку Яе Правасхадзіцельства на атрыманне беларускага грамадзянства, каб уключыць яе ў спіс выбаршчыкаў і даць магчымасць удзельнічаць у галасаванні. Гэта ж можна зрабіць і без грамадзянства на якой-небудзь прызнанай Дж.Фішэр электроннай платформе», — гаворыцца ў каментары.
У тым жа тоне МЗС адказвае ЗША на прапанову дапамогі ў правядзенні выбараў: «Мы не можам не адрэагаваць і на працягнутую амерыканскім бокам руку дапамогі ў правядзенні выбараў. Такія дасягненні амерыканскай выбарчай сістэмы, як галасаванне па пошце і калегія выбарнікаў замест прамога волевыяўлення, могуць быць запатрабаваныя і вывучаныя беларускім бокам».
Акрамя гэтага, МЗС кажа пра гатоўнасць удзельнічаць у развіцці сельскай гаспадаркі Аляскі і прапануе кіраваць гэтай тэрыторыяй сумесна, а таксама прапануе адправіць беларускіх будаўнікоў у паўднёвыя штаты.
«Глыбока адчуўшы увагу ЗША да лёсу Беларусі, у якасці кроку ў адказ мы можам унесці бескарыслівы ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі Аляскі і эфектыўнае засваенне яе земляў. У гэтай сувязі гатовыя разгледзець магчымасць сумеснага кіравання дадзенай тэрыторыяй. Маглі б перакінуць беларускія будаўнічыя арганізацыі,  якія знаходзяцца ў рэгіёне, для перадачы вопыту і дапамогі жыхарам паўднёвых штатаў у пераадоленні наступстваў прыроднай стыхіі», — заяўляе МЗС.
Афіцыйны каментар міністэрства заканчваецца пажаданнем сустрэць флот ЗША ля марскіх межаў Беларусі: «Шчыра жадаем ўсяму амерыканскаму народу адзінства, а таксама не спатыкаючыся падымацца ўверх па лесвіцы амерыканскай мары. Спадзяёмся, што пазітыўны трэнд у нашых адносінах захаваецца і мы сумесна падыдзем да таго моманту, калі зможам з радасцю сустракаць Шосты флот ЗША ля марскіх межаў Беларусі!»

reform.by