Прадпрымальнікі ў хісткай раўнавазе

Тое, што абяцаў Пётр Пятровіч Пракаповіч прадпрымальнікам, не адбылося. Мова пра абавязковасць наяўнасці з 1 снежня гэтага года сертыфікатаў Мытнага саюза на прадукцыю лёгкай прамысловасці.



pradpr.jpg

Пракаповіч такім чынам узрушыў прадпрымальнікаў і ператварыў кірмашы ў патрывожаныя вуллі. ІП-шнікі рыхтаваліся да горшага, абяцаючы ўладзе страйкі, невыплату падаткаў, самастойны сыход у даўно назапашаны па Працоўным кодэксе адпачынак і сем караў ягіпяцкіх. Аднак гэтага не адбылося. 1 снежня большасць рынкаў Беларусі працавалі ў звычайным рэжыме.

У Мінску працавалі «Ждановічы» і асноўныя гандлёвыя цэнтры — «Падземны горад», «Сілуэт», «Люстэрка», і іншыя. Ппрадпрымальнікі адчынялі свае крамкі, выстаўлялі тавар і звыкла працягвалі змагацца за пакупца і за свій прыбытак. У асноўным па рэгіёнах назіралася тая ж сітуацыя. Толькі дзе-нідзе прадпрымальнікі спынялі працу ў чаканні: ці будуць праверкі сертыфікатаў? Аднак такіх масштабных праверак яны не дачакаліся.

Прадпрымальнікам напярэдадні Новага года, падаецца, даюць папрацаваць нармальна. Справа ў тым, што для таго, каб спраўдзіліся словы Пракаповіча, трэба было, каб урад унёс карэктывы ва ўказы, якія дазваляюць прадпрымальнікам гандляваць без сертыфікацыі да 1 ліпеня 2014 года. Адак вынікам розных перамоваў прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху і прадстаўнікоў міністэрстваў стала тое, што такія карэктывы так і не былі ўнесеныя.

Лідэр Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка лічыць, што гэтая сітуацыя сталася перамогай прадпрымальніуцкага руху. Больш за тое, умовы адносна вольнай працы прадпрымальнікаў гэтым разам удалося здабыць без «сацыяльных страсенняў» кшталту страйкаў і байкоту працы.

«Нашай асноўнай задачай на перамовах было стварыць для чыноўнікаў «сітуацыю невыноснасці», каб яны самі задумаліся б над сваімі рашэннямі, і ім не засталося б нічога іншага, як дазволіць прадпрымальнікам працаваць. І мы такую сітуацыю, гледзячы па рынках, стварылі. На сустрэчы з Пракапоовічам я персанальна папярэджваў яго, што адказнасць за магчымыя наступствы ягоных рашэнняў ляжыць менавіта на ім і на ўрадзе, а не на прадпрымальніках. Падаецца, гэта спрацавала», — кажа Шумчанка.

Зараз, па словах Анатоля Шумчанкі, створаная працоўная група па вырашэнні праблемы прадпрымальнікаў. Падрыхтаваны праект указа, згодна якому ІП-шнікі абавязаны забяспечыць наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё (паступленне) тавараў, у месцах іх захоўвання, рэалізацыі і пры іх транспартоўцы. Але «фішка» гэтага ўказа ў тым, што ён, па-першае, толькі «праект», і дагэтуль нідзе не зацверджаны. Па-другое, у ім прадугледжваецца, што «рэштамі» прадукцыі без суправаджальных дакумантаў прадпрымальнікі могуць гандляваць да 1 студзеня 2015 года. Па-трэцяе, самі суправаджальныя дакументы павінны быць у прадпрымальнікаў толькі з 1 ліпеня 2014 года.

Такім чынам, першае: ніякай абавязковай сертыфікацыі ў дадзены момант няма, паколькі не ўнесеныя адпаведныя змены ва ўказы ўраду. Другое: нават суправаджальныя дакументы на тавар усё яшчэ для ІП-шнікаў неабавязковыя. Гэта, пагадзіцеся, зусім не тое, пра што казаў Пётр Пракаповіч.

Да таго ж, прэс-служба Дзяржстандарта Беларусі паведаміла, што прадстаўнікі беларускіх ведамстваў і Кансультатыўнага камітэта па тэхнічным рэгуляванні, прымяненню санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мер Еўразійскай эканамічнай камісіі дамовіліся 19–20 снежня ў Маскве правесці пасяджэнне экспертаў і Кансультатыўнага камітэта па разглядзе праекта змяненняў у тэхрэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». Праект распрацаваны на аснове прапаноў беларускага боку з улікам практыкі яго прымянення.

Падставай для сустрэчы стала тое, што Беларусь прапануе змяніць форму пацвярджэння адпаведнасці ў дачыненні да рушнікоў, сталовай і кухоннай бялізны і насовак. Цяпер яны трапляюць пад сертыфікацыю, а прапануецца іх перавесці на дэклараванне адпаведнасці.

Насам рэч, галоўным пытаннем будзе магчымасць адмены абмежавання тэрмінаў дзеяння сертыфікатаў і дэкларацый на партыі прадукцыі. Зараз гэтыя дакументы дзейнічаюць тры гады. Беларусь прапануе ўвогуле зняць з іх тэрмін дзеяння. Таксама прапануецца ўзаконіць на ўзроўні трох краін магчымасць сертыфікацыі або дэкларавання гатовых вырабаў на падставе пратаколаў выпрабаванняў сыравіны і матэрыялаў, з якіх выраблены тавар.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, прадпрымальнікам расслабляцца ранавата. Ніхто не ведае, як будзе дзейнічаць улада далей, бо гарантыяў прадпрымальнікам ніхто не даваў. Таму кірмашы ўсё роўна знаходзяцца ў «выбуханебяспечнай» сітуацыі. Ніхто не кажа пра тое, што змены ў дакументы па працы прадпрымальнікаў не могуць быць унесеныя «задняй датай», альбо ў бліжэйшы час.

Анатоль Шумчанка, канешне, усцешаны тым, што на сайт «Перспектывы» паступаюць шматлікія віншаванні з такой «перамогай». Аднак ведае, дзе жыве і з кім вядзе перамовы. Таму асэнсоўвае: расслабляцца пакуль ранавата. Але працаваць усё ж трэба — а таму, па ягоных словах, трэба проста «абстрагавацца ад сітуацыі і не думаць пра дрэннае».

«Калі ўзнікнуць праблемы, мы будзем імкнуцца вырашаць іх. Пакуль што прадпрымальнікі і «Перспектыва» перамаглі», — кажа Шумчанка.

Але гэта не значыць, што прадпрымальнікі расслабіліся. Напрыклад, Мікола Чарнавус з Баранавічаў паведаміў, што, хоць пакуль рынкі і працуюць, але працуюць у «перадстрайкавым стане». «Як толькі ў нас узнікнуць праблемы, мы гатовыя да страйку і неавыплаты падаткаў з 1 студзеня 2014 года», — заявіў ён.

Такім чынам, «перадстрайкавы»стан кірмашоў захоўваецца. І любыя неасцярожныя дзеянні ўлады па чарговым «урэгуляванні» дзейнасці прадпрымальнікаў могуць прывесці да таго самага «сацыяльнага выбуху», пра які Шумчанка папярэджваў Пракаповіча. Сітуацыя застыла ў хісткай раўнавазе. Вельмі хісткай.