Пратэст пад парасонамі (+фота)
Чаму, калі сотня чалавек выходзіць на антыкарупцыйны мітынг Навальнага у
дзясяцімільённай
Маскве, мы кажам: «Вах, крута!». А
калі тая ж сотня выходзіць на Кастрычніцкую плошчу у двухмільённым Мінску, мы кажам: «Эх, як
мала»?

Акцыя пратэсту 21 кастрычніка ў Мінску прайшла пры надзвычай неспрыяльным надвор’і. Але прайшла, як звычайна — з шэсцем ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці.

Шчыра кажучы, думалася, што да 14 гадзін ніхто, акрамя арганізатараў, не прыйдзе. Халодны дождж і вецер яўна не спрыялі таму, каб выпаўзаць на вуліцу. Тым не менш, на плошчы ў азначаны час сабралося некалькі дзясяткаў чалавек. Зразумела, быў сам Мікалай Статкевіч, які раздаваў інтэрв’ю журналістам. Прысутнічалі і супрацоўнікі праваахоўчых органаў у цывільным.

Варта зазначыць, што тэхнічны прагрэс дабраўся, нарэшце, і да апошніх. Гэтым разам было заўважана, што здымалі яны пратэстоўцаў не толькі на звычайныя відэакамеры, але і на мабільныя тэлефоны. Часам нават цяжка было адрозніць, хто робіць сэлфі для сябе, а хто здымае «па доўгу службы».
Нягледзячы на тое, што
перад акцыяй міліцыянты паспрабавалі сканфіскаваць гукаўзмацняльную
апаратуру, калонкі да плошчы ўсё ж даехалі. Але, у адрозненне ад мінулых акцый,
наладзіць іх не паспелі. Калонкі відавочна «фанілі», з-за эфекту рэха
выступоўцаў не было чуваць ужо ў дзесяці кроках ад іх. Але, насамрэч, зараз
выступы з’яўляюцца толькі сродкам мабілізацыі людзей у адну кропку — усім і так
усё было зразумела, для чаго яны на плошчы сабраліся.

Апроч Статкевіча выступіў на імправізаваным мітынгу Вячаслаў Сіўчык. На мерапрыемства ён з’явіўся з валізкай — нядаўна яму завочна прысудзілі пяць сутак арышту, якія ён яшчэ не адбыў. Таму падрыхтаваўся ён загадзя.

На акцыі была заўважана Вольга Мікалайчык, якая збіралася з’ехаць працаваць ва Украіну і вядомы праваабаронца Валер Шчукін.
Але намсамрэч гэтую акцыю зрабілі маладзёны. Менавіта дзякуючы ім узнікла пэўная «дзвіжуха». Гэта яны стаялі з партрэтамі палітвязняў, самі намалявалі плакаты «Свабоду палітвязням!» і зрабілі расцяжкі. І гэта яны ішлі ў першых шэрагах і скандавалі: «Нет декрету номер три — Лукашенко, уходи!». І Іншыя, менш цэнзурныя лозунгі.




Так, акцыя была не вельмі шматлюднай. Але, насамрэч, не трэба прыніжаць значнасць гэтых, нават малалюдных акцый. Напрыклад, чаму, калі сотня чалавек выходзіць на антыкарупцыйны мітынг Навальнага у дзясяцімільённай Маскве, мы кажам: «Вах, крута!». А калі тая ж сотня выходзіць на плошчу у двухмільённым Мінску, мы кажам: «Эх, як мала»?

І другі момант. Гэтыя акцыі, асабліва ў самы неспрыяльны час і надвор’е паказваюць: у краіне ёсць пэўная колькасць людзей, якія будуць бараніць краіну, адстойваць яе незалежнасць і дэмакратычныя прынцыпы пры любых умовах у любое надвор’е. Частка гэтых людзей не выходзіць пад дождж. Але іх змяняе іншая частка, гатовая гэта зрабіць.
Прынамсі, я не шмат бачыў на гэтай акцыі тых, хто прыходзіў на акцыі мінулыя. Але бачыў больш новых людзей. І, пры больш спрыяльных умовах, мы б пабачылі на плошчы народу значна больш.
Трэба толькі дачакацца гэтых умоў.
Фота Уладзіслава Рубанава