Антось Лагвінец паглядзеў Слуцк за 20 базавых велічыняў
Сын палітыка Алеся Лагвінца Антось наведаў Слуцк 1 верасня 2017 года ўпершыню ў сваім жыцці. Дзень знаёмства з гісторыяй горада запомніцца яму назаўжды. За 15-хвілінны ўрок па гісторыі Слуцкага Збройнага Чыну яму давядзецца заплаціць 460 рублёў.
Такую плату за спробу заглянуць у таямніцы гісторыі горада Слуцка вызначыла суддзя Фрунзенскага раёну Юлія Крэпская.
Судовы працэс над маладзёнам пачаўся а дзесятай гадзіне і скончыўся праз паўгадзіны. Яшчэ адна гадзіна спатрэбілася суддзі для абдумвання і вынясення адміністрацынага пакарання. Сам Антось Лагвінец у судзе не прысутнічаў, але яго інтарэсы прадставіў абаронца.
— Шчыра кажучы, не думаў, што суддзі так жорстка аднясуцца да нашага культурнага мерапрыемства, — падзяліўся сваімі ўражаннямі па прысуду малады чалавек. — Буду плаціць штраф за тое, што паслухаў пра герояў Слуцкага паўстання Макара Краўцова, Юрку Лістапада і Паўла Жаўрыда ды пазнаёміўся з дзейсным дзяржаўным гербам Слуцка.
Судовыя працэсы за «ўрок гісторыі» ў Слуцку доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў успрымае як яшчэ адно сведчанне ператварэння Беларусі ў паліцэйскую дзяржаву з жорсткім таталітарным рэжымам.
— У любой еўрапейскай дзяржаве на такі судовы працэс набегла б безліч журналістаў — з-за абсурднасці суда. Таму там і немагчымыя такія выракі, — гаворыць Пастухоў. — Нельга выключаць, што ў нашай краіне хутка людзям могуць забараніць сустракацца ў грамадскіх месцах, баючыся, што могуць задумаць дрэннае. Суды ўжо даўно ператварыліся ў прылады расправы над непажаданымі ўладам людзьмі. Падобна на тое, што ўлада мае на мэце вытруціць у грамадстве ўсякую памяць аб нацыянальнай гісторыі і зрабіць людзей проста зомбі, а прасцей кажучы, быдлам.
Доктар юрыдычных навук лічыць, што гэтыя прысуды — поўная знявага і парушэнне правоў чалавека, яго годнасці і гонару.
Таксама ён робіць выснову, што прыйшоў час для ўсіх грамадзян уключыць пачуццё самаабароны і супрацьстаяць агрэсіі «гасударавых людзей».
Чытайце па тэме: Замест лінейкі — урок практычнай гісторыі
Аліну Нагорную аштрафавалі за «ўрок гісторыі»
Супраць Алеся Пушкіна распачаты 3 справы