Сяргей Скрабец: Сэнсу ў акцыях не бачу, але ў душы пратэстоўцаў падтрымліваю

Апошняя акцыя пратэсту, якая прайшла ў мінулыя выхадныя ў цэнтры сталіцы, была даволі нешматлюднай. Ці патрэбны такія мерапрыемствы?

untitled__1_of_1__43_logo_1.jpg


Былы палітвязень і экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Мікалай Статкевіч 21 кастрычніка праводзіў вулічную акцыю пратэсту "Марш абураных беларусаў 2.0". У выніку на мерапрыемства сабралася 150-200 чалавек.
“На мой погляд, ціснуць на ўлады такімі акцыямі бессэнсоўна, — выказвае сваё меркаванне сайту рalitviazni.info былы палітзняволены Сяргей Скрабец. — Гэта выклікае адваротную рэакцыю, пераважна — жорсткую. Суадносна ідзе запалоханне, і людзі баяцца выходзіць на акцыі. Таму сёння ў асноўным барацьбіты за дэмакратыю ў нас сядзяць у Інтэрнэце. Патлумачыць нешматлюднасць акцыі можна і тым, што напярэдадані былі арыштаваны многія актывісты апазіцыі. Таму, на жаль, выніковасць такіх акцый практычна нулявая”.
Тым не менш, Скрабец лічыць, што ў любым выпадку нейкія пратэстныя мерапрыемствы патрэбна арганізоўваць.
“Калі зусім нічога не рабіць, то ўлада і надалей будзе забіваць нашых дзяцей у арміі, — кажа палітык. — У нас і надалей будуць саджаць у турмы праваабаронцаў, судзіць незалежных журналістаў, надалей будуць фальсіфікаваць выбары. У нас па-ранейшаму няма асноўных свабод, якія гарантаваны Канстытуцыяй. Таму няхай нават такі малы пратэст будзе.Многія людзі, хаця і моўчкі, але падтрымліваюць такія акцыі. Няма па сутнасці сёння іншага выйсця. Сам я на такія акцыі не хаджу, бо не бачу ў іх сэнсу, але тых людзей, што пратэстуюць, таксама падтрымліваю”.