Сацыял-дэмакраты ініцыююць змяненне Канстытуцыі 1994 года
Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 22 красавіка ўхваліў стварэнне Канстытуцыйнай камісіі па падрыхтоўцы праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю 1994 года.
Пра гэта паведаміў сябра Барысаўскай раёнай арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Леднік.
Суддзя першага складу Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў перакананы, што рыхтуецца рэферэндум, які будзе накіраваны па прыкладу сярэднеазіяцкіх і закаўказскіх рэспублік на ўмацаванне і падаўжэнне адзінаасобнай улады. Пры гэтым варта ўлічваць, што ў Рэспубліцы Беларусь з лістапада 1996 года адсутнічае легітымная Канстытуцыя. Улада ўтрымліваецца групай асобаў, якія арганізавалі незаконныя рэферэндумы і, як следства, незаконныя папраўкі ў Канстытуцыю.
Канстытуцыйная камісія будзе створаная з прадстаўнікоў дэмакратычных сіл з мэтай недапушчэння чарговага глумлення дзеючай уладай над Канстытуцыяй краіны.
Праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю 1994 года ўключае, у прыватнасці, такія пункты, як пераход да парламенцкай рэспублікі з скасаваннем пасады прэзідэнта, пераход да змяшанай выбарчай сістэмы, пры якой палітычныя партыі атрымаюць права фарміравання парламента па партыйных спісах, стварэнне кампетэнтнага і самастойнага ўрада, які будзе абірацца парламентам краіны, умацаванне механізмаў абароны правоў і свабод грамадзян шляхам увядзення пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, пашырэння сферы судовай абароны, адмены смяротнага пакарання, магчымасці звароту ў Еўрапейскі суд па правах чалавека і інш.
Праект новай рэдакцыі Канстытуцыі павінен быць зацверджаны на Канстытуцыйным кангрэсе або Усебеларускім з'ездзе.
У 1996 годзе стварэнне Канстытуцыйнага сходу разглядалася кампрамісам паміж прэзідэнтам і Вярхоўным Саветам 13-га склікання пры пасярэдніцтве Расеі, «зыходзячы з інтарэсаў беларускага народу і ў мэтах забеспячэння ў рэспубліцы грамадзянскага міру і стабільнасці». На практыцы ж «Пагадненне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р. і Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб грамадска-палітычнай сітуацыі і аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь ад 22 лістапада 1996 года», прынятае Вышэйшым Саветам Супольнасці Беларусі і Расіі, ліквідавала пагрозу імпічменту ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і дазволіла яму змяніць канстытуцыйны лад краіны шляхам аднаасобнага зацвярджэння вынікаў рэферэндуму 24 лістапада абавязковымі насуперак рашэнню Канстытуцыйнага Суда аб рэкамендацыйным характары рэферэндуму.