Калі «не будзе рэферэндуму»?

Выступаючы з пасланнем народу і парламенту Лукашэнка заявіў, што «асабіста я ні пра які рэферэндум не думаў». Але наш народ звык, што, калі чыноўнік кажа адно — адбудзецца менавіта адваротнае. І на гэта ёсць падставы.

1301445.jpg


Варта зазначыць, што Аляксандр Рыгоравіч паспрабаваў зваліць гэтае пытанне, як кажуць, з хворай галавы на здаровую. Ён прамовіў, што пытанне магчымай карэктоўкі Канстытуцыі ўздымаюць «некаторыя гарачыя галовы і СМІ, якія сядзяць за бугром, і невядома ад каго грошы атрымліваюць».
«Я ніколі не дзейнічаў несумленна ў адносінах да нашых людзей і ведаю, адкуль прыйшоў, і як я перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Я абяцаў, і ніколі не парушу сваю клятву, бо будзе, як учора ў Арменіі. З народам гуляцца нельга», — заявіў беларускі правадыр, і зазначыў, што, калі рэферэндум і будзе прызначаны, то ён будзе прызначаны зарання, у законны тэрмін.
Сам жа Лукашэнка, апроч таго, што «пра рэферэндум не думаў», дадаў, што пра гэтую ідэю ён усяго толькі чытаў у СМІ і чуў «адказы на пытанні журналістаў прадстаўніка ЦВК».
На секундачку, прадстаўнік ЦВК, які разважаў пра мажлівы рэферэндум — гэта старшыня структуры Лідзія Міхайлаўна Ярмошына.
Ці сапраўды Аляксандр Рыгоравіч не думаў пра рэферэндум? Падаецца, гэта зусім не так. Разважаючы пра карэктоўку Канстытуцыі, ён адзначыў, што змяняюцца ўсе законы і нарматыўныя акты, прыводзяцца ў суадносіны з жыццём. І Асноўны закон тут — не выключэнне. Як «маленькі прыклад», Лукашэнка прывёў наяўнасць у дзейсным Асноўным законе згадкі пра Вышэйшы гаспадарчы суд. Такога суда ў Беларусі ўжо няма, і таму трэба карэктаваць Канстытуцыю. Але «абыйдземся мы з гэтым запісам!», — сказаў Лукашэнка.Ліквідацыю ВГС як падставу для рэферэндуму па змене Канстытуцыі ўпершыню агучыў доктар юрыдычных навук, прафесар і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў яшчэ ў 2014 годзе. Пра гэтую акалічнасць мы таксама неаднаразова згадвалі. А вось адкуль пра такі маленькі нюанс ведае Аляксандр Рыгоравіч? Альбо ён уважліва чытае «Новы час» (што, безумоўна, вітаецца), альбо ён, насуперак сваім словам, вельмі шчыльна — да такіх дробязяў, як ВГС, — займаўся гэтым пытаннем.
Крыху раней, на сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйных СМІ, кіраўнік дзяржавы казаў, што гатовы падзяліцца паўнамоцтвамі з іншымі галінамі ўлады. З якімі канкрэтна галінамі і якімі паўнамоцтвамі, ён, праўда, не сказаў. Паўтарыў тое ж Аляксандр Рыгоравіч і ў час прамовы ў парламенце. Маўляў, сапраўды, ён можа перадаць камусьці частку сваіх паўнамоцтваў таму, што ўжо выпрацаваны пазіцыі і традыцыі выканання гэтых паўнамоцтваў. А ў кіраўніка дзяржавы з’яўляюцца новыя турботы і праблемы.
Калі Лукашэнка дакладна ведае, дзе, у якіх галінах выпрацаваныя традыцыі, значыць, ён ведае, ад чаго і на карысць каго можна пазбавіцца. Ізноў жа, гэта таксама — думы пра рэферэндум.
То бок, над правядзеннем плебісцыту па змене Асноўнага закона ўлада, насамрэч, задумвалася даволі сур’ёзна. Адзінае, што зараз гэтыя планы будуць адкладзеныя да сярэднетэрміновай перспектывы. Калі не ўвогуле ў «доўгую скрыню».
Пад час паслання народу і парламенту Аляксандр Рыгоравіч даволі часта згадваў падзеі ў Арменіі. Нагадаем, што там прайшла ўладная рэформа, у выніку якой краіна з прэзідэнцкай формы кіравання перайшла да парламенцкай, а рэальную ўладу атрымліваў прэм’ер-міністр. Гэтым прэм’ерам стаў Серж Саргсян, які кіраваў краінай у якасці прэзідэнта 10 гадоў. Народ Арменіі пабачыў у такой «ракіроўцы» фактычнае незаконнае падаўжэнне ўладных паўнамоцтваў. Гэта і выклікала грамадзянскае супрацьстаянне, масавыя пратэсты, якія цягнуліся 10 дзён і скончыліся адстаўкай Саргсяна.
Падобна на тое, што менавіта армянскую мадэль паслаблення прэзідэнцкай улады свайго верагоднага пераемніка Лукашэнка разглядаў як перспектыўную. І тое, што гэтая мадэль не спрацавала, яго моцна ўразіла.Яшчэ большым ударам для яго стала тое, якім чынам не спрацавала гэтая мадэль. Аляксандр Рыгоравіч больш за ўсё палохаецца «майданаў», а ў Арменіі здарыўся менавіта ён. Прычым, вырашалася ўсё не толькі ў сталіцы, як тое было ў Кіеве ў 2014-м — вялікі ўнёсак у супрацьстаянне з уладаю зрабілі і рэгіёны, перакрываючы дарогі і іншыя транспартныя артэрыі. У выніку задавіць АМАПам усю краіну не атрымалася.Нешта сітуацыя ў Арменіі нагадала — а менавіта «маршы недармаедаў», калі ў абласных цэнтрах Беларусі на іх выходзіла больш народу, чым у Мінску.
А яшчэ, напэўна, вельмі занепакоіла Лукашэнку і пазіцыя Расіі ў армянскіх падзеях. «Чаму Расія павінна ўмешвацца? Гэта ўнутраныя справы Арменіі», — каментаваў падзеі ў Ерэване прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, а кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў і ўвогуле прамаўчаў. Між іншым, Арменія (як і Беларусь) заўсёды лічылася «прарасійскай» краінай.
Таму зараз Аляксандру Рыгоравічу сапраўды, як ён сказаў, «не да рэферэндумаў». Трэба разабрацца, што і чаму не спрацавала ў Саргсяна. Але гэта зусім не азначае, што, як напісалі некаторыя СМІ, «рэферэндуму не будзе».