Красавіцкія тэзісы Аляксандра Рыгоравіча
Менш за паўтары гадзіны — Аляксандр Рыгоравіч уклаўся ў сціслы тэрмін, чытаючы пасланне да народа і парламента. Гэта лагічна, бо выглядала яно, як набор тэзаў. А чаго доўга размаўляць? Задачы пастаўленыя — працуйце!
Справа толькі ў тым, што ў такім выпадку патрэбы ў пасланні не было зусім.
Чырвонай ніткай сённяшняга паслання была тэза, агучаная яшчэ ў фільме «Брыльянтавая рука»: «Невінаватая я, ён сам прыйшоў!» І пачаў кіраўнік дзяржавы з таго, што акрэсліў вінаватых у нашым гаротным становішчы. Гэта, зразумела, не мы, а сусвет, у якім настала «эпоха нявызначанасці, непрадказальнасці і нестабільнасці», а таксама насаджэння уласных эканамічных і палітычных поглядаў і «нацыянальны эгаізм» нават партнёраў і саюзнікаў. Дзіва, што гэтым разам Аляксандр Рыгоравіч не нагадаў пра «сусветны эканамічны крызіс», якога, насамрэч, няма. Бачна, тое яму ўжо растлумачылі.
І, урэшце, падаецца, растлумачылі яму іншае: пра змену сістэмы гаспадаркі. Пра тое, што зараз «руляць» эфектыўныя менеджары, а перш чым ствараць нейкае прадпрыемства, трэба думаць не пра тое, што яно будзе выпускаць, а каму гэтую прадукцыю можна будзе прадаць.
Інавацыі
Прынамсі, галоўнай пазітыўнай тэзай гэтага паслання я б азначыў патрабаванне Лукашэнкі «даць свабоду дырэктарам прадпрыемстваў» і пазбавіць гэтыя самыя прадпрыемствы гіперапякунства з боку дзяржавы. Лукашэнка, урэшце, заўважыў, што, калі ўсе адказваюць за ўсё, ніхто не адказвае ні за што.
Але ці будзе яго пажаданне выкананае? «Кожны павінен займацца сваёй справаю, — але пры гэтым адказваць будзеце ўсе», — на карані задушыў сваю ж ініцыятыву беларускі правадыр.
Увогуле, слухаючы тэзісную ацэнку стану і перспектываў беларускай эканомікі ад Аляксандра Рыгоравіча, узнікала ўражанне, што ён чытае па паперцы тыя рэчы, сэнсу якіх да канца не разумее. Ён патрабаваў падвышаць інавацыйную актыўнасць прадпрыемстваў, скарыстоўваць геаграфічны патэнцыял краіны (пацікавіўся, чаму нашыя грамадзяне лётаюць у іншыя краіны з Кіева ці Вільні, а не з Мінску), кажучы пра развіццё прадпрымальніцтва, пераскочыў на праблемы глыбокай перапрацоўкі сыравіны. Пры гэтым фактычна заўважыў, што «мадэрнізацыя», у якую ўбуханыя мільярды долараў, так і засталася «на ўзроўні планаў». Кардонны завод у Добрушы не працуе, камбінат у Салігорску закрыўся праз тры месяцы працы, цэментныя заводы у заняпадзе, нафтахімія не вытрымлівае крытыкі…
А асабліва пацвярджае тэзу Аляксандра Рыгоравіча пра важнасць найперш рынкаў збыту сітуацыя з нашай любай беларускай АЭС. Па планах, першы яе энергаблок павінны запусціць ужо ў наступным годзе. Гэта маштабны 10-мільярдны інвестыцыйны праект, такога, па словах Лукашэнкі, у Беларусі не было і наўрад ці яшчэ будзе. Але нават яму пакуль ніхто не расказаў, як гэтая АЭС будзе ўбудаваная ў эканоміку Беларусі. Кажучы прасцей — куды мы падзенем столькі электрычнасці.
Эканоміка
У такіх варунках зусім не дзіўна, што нам патрэбныя менеджары — тыя, хто можа прадаць прадукцыю нашых прадпрыемстваў. А дзе ўзяць такіх менеджараў? Часткова на гэта Лукашэнка адказаў.
Па яго словах, зараз каштоўны «чалавечы патэнцыял», таму трэба забяспечыць у краіне такія ўмовы, каб «забяспечыць трансфер мазгоў да нас». Заўважым, размова ідзе не пра тое, каб утрымаць сваіх спецыялістаў, багата з якіх шукаюць працы за мяжою. Не навучыць «маладых ваўкоў бізнесу», а прыцягнуць замежных спецыялістаў.
Тое ж тычыцца і інвестыцый. Аляксандр Рыгоравіч жадае, каб мы завабілі ў краіну «багацейшых людзей з усяго свету» і стварылі ім такія ўмовы, «якія не створыць ніводная краіна ў свеце».
Ці азначае гэта, што Беларусь ідзе ў накірунку ператварэння ў афшорную краіну?
Яшчэ адзін плюс: Лукашэнка заўважыў, што ўвесь народ плаціць падаткі. І мытныя пошліны, і падатак на дададзеную вартасць, і акцызы, і гэтак далей. Ён жа заўважыў, што такая падатковая нагрузка — гэта мадэль багатых краінаў. А таму трэба вярнуць грошы насельніцтву — у выглядзе сацыяльных праектаў.
Дарэчы, ніводнага слова не было сказана пра заробак у 500 долараў альбо 1000 рублёў.
Палітыка
Асобны для Лукашэнкі сёння быў палітычны складнік. Яго моцна ўразіў поспех чарговай «каляровай рэвалюцыі» ў Арменіі. І таму ён асобна спыніўся на магчымых зменах у Канстытуцыю, размова пра якія ходзіць ад нядаўняга часу.
Зразумела, Аляксандр Рыгоравіч заўважыў, Канстытуцыя — Асноўны закон, і як любыя законы, павінна змяняцца. Але ён «асабіста ні пра якія рэферэндумы не думаў», а толькі »чытаў у СМІ і чуў, што адказвала СМІ прадстаўнік ЦВК».
«З народам гуляцца нельга. Зменаў (Канстытуцыі) пад канкрэтную асобу ніколі не будзе — як гэта мы пабачылі на прыкладзе Арменіі. Не трэба было пераводзіць прэзідэнцкую рэспубліку ў парламенцкую, вось і адгукнулася. Навошта мяняць асновы дзяржавы, ламаць пад нейкую асобу? А калі потым асоба зламаецца, то што? Трэба спыніць гэтую валтузню, па-беларуску кажучы», — заявіў Лукашэнка.
І ўвогуле, дадаў ён, што «нам не да рэферэндумаў», а Асноўны закон можа дзейнічаць і з запісам пра неіснуючы ўжо Вышэйшы гаспадарчы суд.
Але ўсё ж кіраўніка краіны хвалявала міжнародная абстаноўка. Да Арменіі ён звяртаўся некалькі разоў. Сказаўшы, што «не трэба нам займацца глабальнай палітыкай, мы яе не робім і рабіць не будзем», потым зазначыў, што Беларусь змагла заняць уласную нішу ў свеце, стаўшы глабальным гульцом, дзякуючы ініцыятыве «Хельсінкі-2». «У нас няма залішніх амбіцый, але пры гэтым няма і комплексу аўтсайдэра», — сказаў ён, дадаўшы, што без перафарматавання механізмаў бяспекі нас чакае вайна, і не «Другая сусветная».
Цікава, што ён перасцярог ад развязвання войнаў і агрэсіўнай рыторыкі «гаворачых галоваў» на расійскіх тэлеканалах, папярэдзіўшы, што менавіта яны ў выпадку канфлікту нідзе не адседзяцца.
Звыклае
Звыкла Лукашэнка абрынуўся на карупцыянераў і хабарнікаў. Маўляў, некаторыя людзі ў запаведніку рыбу кралі, дык «калі хочаце рыбы паесці — скажыце мне». Звыкла ён патрабаваў выкараніць пасярэднікаў, асабліва тых, хто пасярэднічае паміж беларускімі прадпрыемствамі. Звыкла ён казаў пра павышэнне эфектыўнасці працы. Гэтым разам, канешне, не прагучала «распранацца і працаваць», але было сказана выразна: «Менш слоў — больш справы». І тычылася гэта, як ні дзіўна, найперш чыноўнікаў і кіраўнікоў.
Увогуле, што было рассусольваць? Як сказаў правадыр, усе задачы ўжо пастаўленыя на адпаведных нарадах. І таму пасланне, падаецца, гэта проста такі «чароўны пендаль» адказным асобам, каб яны пачалі іх выконваць.
Можа, таму гэтае пасланне і было найкарацейшым і тэзісным.
А адзіная фраза, якая вартая запамінання з гэтага паслання: «Свет не стаў прасцейшым — ён стаў цікавейшым». І з гэтым цяжка не пагадзіцца.