Лукашэнка адказаў на тры пытанні Анісім. Гэтага ў трансляцыі не было
Пасьля сённяшняга выступу перад Нацыянальным сходам Беларусі Аляксандар Лукашэнка адказваў на пытанні дэпутатаў. Трансляцыя гэтай часткі выступу не вялася ў агульным нацыянальным эфіры. Старшыня ТБМ дэпутатка Алена Анісім паведаміла Свабодзе, што ў яе былі тры пытанні да кіраўніка дзяржавы.
Пра беларускую мову
Першае пытанне тычылася беларускай мовы: дэпутатка прапанавала прыняць адмысловую праграму па пашырэнні яе ўжывання ў інфармацыйнай і адукацыйнай сферах на ўзроўні прэзідэнцкай адміністрацыі.
«Прывяла прыклады і станоўчыя, і адмоўныя. Таксама прапанавала прыняць прэзідэнцкі ўказ, каб усе заканадаўчыя і падзаконныя акты прымаліся адразу на дзвюх дзяржаўных мовах, прычым на ўсіх узроўнях — ад раённага да агульнабеларускага», — сказала дэпутатка.
Паводле Анісім, Лукашэнка падзякваў яе за пытанне і сказаў, што «спяшацца тут не будзем». Трэба ўсё грунтоўна абдумаць. Дэпутатка мяркуе, што плён ад яе пытання будзе.
Пра партыі і грамадскія арганізацыі
Алена Анісім таксама звярнула ўвагу на падвышэнне ролі партыяў і грамадскіх арганізацыяў у жыцці краіны.
«Я задала пытанне: можа, варта тым арганізацыям, якія афіцыйна зарэгістраваныя, працуюць болей за 10 год і маюць болей за 3000 чальцоў, надаць права вылучаць сваіх кандыдатаў на выбары ўсіх узроўняў, уключаючы прэзідэнцкія, без збору подпісаў? Гэта падвысіць іх ролю», — сказала Анісім.
На гэта Лукашэнка адказаў, што асабіста яму гэта ня вельмі падабаецца і ён лічыць, што актывістам трэба працаваць з народам, ісці зьбіраць подпісы, «нельга цурацца народу».
Пра рэфэрэндум і магчымыя змены ў Канстытуцыі
Трэцяе пытанне Алена Анісім падала ў пісьмовым выглядзе. Яно тычылася магчымых зменаў у Канстытуцыі праз рэферэндум.
«Адказ на яго я атрымала падчас выступу кіраўніка дзяржавы. Цяпер мне ўсё зразумела», — падсумавала дэпутатка.
Што тычыцца пытанняў яе калег, найбольшае ўражанне на Анісім пакінулі пытанні аб алкагалізацыі краіны і аб магчымым адміністратыўна-тэрытарыяльным падзеле Беларусі.