Сексоты ва ўладзе: супрацоўнікі еўрапейскіх ведамстваў шпіёняць для Расіі

У Швецыі і Германіі разгараюцца скандалы, звязаныя з перадачай інфармацыі супрацоўнікамі ўладных структур расійскай выведцы.

0e847be0be03b1485d373490c39f2e40.jpg


Пракуратура Швецыі абвінаваціла дваіх грамадзян краіны ў шпіянажы ў карысць Расіі. Яны былі затрыманыя паліцыяй у верасні і лістападзе 2021 года адпаведна. Паводле слоў генеральнага пракурора краіны Пэра Ліндквіста, злачынства, у якім абвінавачваюцца затрыманыя, тычыцца шведскай сістэмы разведкі і бяспекі.
«Інфармацыя, якая была атрыманая, перададзеная і раскрытая без дазволу, можа, дасягнуўшы замежнай дзяржавы, нанесці шкоду бяспецы Швецыі», — удакладніў ён.
Паводле даных шведскага выдання «Expressen», адзін з абвінавачаных — чыноўнік Пейман Кіа, які працаваў ва ўпраўленні спецыяльных расследаванняў. Яно лічыцца самай сакрэтнай выведвальнай службай Швецыі. Другі абвінавачаны — яго малодшы брат Паям Кіа. Паводле інфармацыі выдання, абодва браты займаліся шпіянажам на карысць Расіі з 2011 года. Абвінавачаныя адмаўляюць віну. Суд над імі пачнецца 17 лістапада. Судовае пасяджэнне будзе закрытым, бо падчас яго будуць апублікаваныя сакрэтныя звесткі.
«Шпіёнскі» скандал разгараецца і ў Вялікабрытаніі. Былы ахоўнік амбасады краіны ў Берліне Дэвід Сміт 4 лістапада на пасяджэнні крымінальнага суда цэнтральнага Лондана прызнаў сябе вінаватым у шпіянажы ў карысць Расіі, піша «BBC».
58-гадовы брытанец апошнія гады пражываў у Патсдаме. Сцвярджаецца, што Сміт не ўваходзіў у склад дыпламатычнага персаналу брытанскай амбасады, ён быў найманым ахоўнікам. Мужчыну затрымалі ў яго кватэры ў жніўні 2021 года, а ў красавіку 2022 года экстрадавалі ў Вялікабрытанію.
Яго абвінавачваюць у перадачы інфармацыі пра асоб, якія працуюць у амбасадзе, вайсковаму аташэ амбасады Расіі і ў зборы звестак пра дзейнасць амбасады. Паводле даных брытанскай контрвыведкі, Дэвід Сміт перадаваў нейкія сакрэтныя матэрыялы як мінімум з лістапада 2020 года: ён рабіў копіі з запісаў камер відэаназірання, збіраў сакрэтнае дасье з асабістымі данымі брытанскіх агентаў і чыноўнікаў.
«Заказчыкамі» Сміта былі расійскі ваенны аташэ ў Германіі палкоўнік Андрэй Сіваў і яго пераемнік генерал-маёр Сяргей Чухураў. Пакуль не паведамляецца, якім чынам ахоўнік атрымаў доступ да сакрэтнай інфармацыі і ці атрымліваў ён за гэта ўзнагароджанне ад расійскага боку.
Дэвід Сміт прызнаў сябе вінаватым па ўсіх васьмі пунктах абвінавачання.
У пачатку кастрычніка аналагічнае абвінавачанне ў шпіянажы выставілі кіраўніку Нацыянальнага агенцтва па кібербяспецы Германіі Арнэ Шонбаму, які аказаўся ў цэнтры ўвагі пасля выхаду журналісцкага расследавання на грамадскім тэлеканале ZDF. «Cyber-Sicherheitsrat Deutschland» («Германскае агенцтва па кібербяспецы»), адным з заснавальнікаў якога ў 2012 годзе стаў Шонбам, кансультуе кампаніі, дзяржустановы і палітыкаў. Берлінская кампанія «Protelion», якая ўваходзіць у агенцтва, з'яўляецца даччынай структурай расійскай кампаніі «O.A.O. Infotecs», што займаецца кібербяспекай і, паводле інфармацыі даследчай сеткі «Policy Network Analytics», заснавана былым супрацоўнікам КДБ.
У CSRD абвінавачанні назвалі «абсурднымі», абвясцілі, што «неадкладна» выключаюць «Protelion» са складу агенцтва, і дадалі, што з моманту з'яўлення расійскай кампаніі ў чэрвені 2020-га ў іх не было з ёю ніякіх сумесных праектаў.
У 2019 годзе папярэднік Арнэ Шонбама Ханс-Вільгельм Дзюн прызнаўся ў кантактах з расійскімі спецслужбамі журналістам ARD і «Die Zeit».