У Германіі кіраўніка агенцтва па кібербяспецы абвінавацілі ў сувязях з Расіяй

З-за абвінавачанняў у сувязях з расійскай выведкай германскія службы бяспекі рыхтуюцца звольніць кіраўніка Нацыянальнага агенцтва па кібербяспецы Арнэ Шонбама.

Арнэ Шонбам, кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па кібербяспецы Германіі

Арнэ Шонбам, кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па кібербяспецы Германіі


У Германіі рыхтуюцца да звальнення кіраўніка Нацыянальнага агенцтва па кібербяспецы праз яго меркаваныя кантакты з расійскай выведкай. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Euronews» са спасылкай на крыніцы ў германскім урадзе.

Арнэ Шонбам, які ўзначальвае федэральнае агенцтва і падпарадкуецца непасрэдна Міністэрству ўнутраных спраў Германіі, аказаўся ў цэнтры ўвагі пасля выхаду журналісцкага расследавання на грамадскім тэлеканале ZDF.
Міністарка ўнутраных спраў Нэнсі Фезер адмовілася ад каментароў наконт магчымай замены Шонбама: «На дадзеным этапе магу толькі сказаць, што гэта абвінавачанні, да якіх мы ставімся сур'ёзна. Спачатку мы вывучым іх, а потым прымем неабходныя меры».
«Cyber-Sicherheitsrat Deutschland» (Германскае агенцтва па кібербяспецы), адным з заснавальнікаў якога ў 2012 годзе стаў Шонбам, кансультуе кампаніі, дзяржустановы і палітыкаў. Берлінская кампанія «Protelion», якая ўваходзіць у агенцтва, з'яўляецца даччынай структурай расійскай кампаніі «O.A.O. Infotecs», што займаецца кібербяспекай і, паводле інфармацыі даследчай сеткі «Policy Network Analytics», заснавана былым супрацоўнікам КДБ.
У CSRD абвінавачанні назвалі «абсурднымі» і абвясцілі, што «неадкладна» выключаюць «Protelion» са складу агенцтва, і дадалі, што з моманту з'яўлення расійскай кампаніі ў чэрвені 2020-га ў іх не было з ёю ніякіх сумесных праектаў.
Шонбама складана проста звольніць з пасады праз асаблівасці нямецкага заканадаўства, таму яго, хутчэй за ўсё, перавядуць у іншае ведамства.
У 2019 годзе папярэднік Арнэ Шонбама Ханс-Вільгельм Дзюн прызнаўся ў кантактах з расійскімі спецслужбамі журналістам ARD і «Die Zeit».