Сем год турмы за паўтара рублі

У Мінску агалосілі прысуд Мікіту Емяльянаву і Івану Комару. Абодвух прызналі вінаватымі ў трох эпізодах акцый прамога дзеяння.

img_0942_logo.jpg
Чытайце таксама: Дзень першы.
                               Дзень трэці.

Сёння ў Мінску быў агучаны прысуд удзельнікам анархісцкага руху Мікіту Емяльянаву і Івану Комару. Іх прызналі вінаватымі па ўсіх эпізодах абвінавачання. У зале прысутнічала паўтара дзясяткі супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку два аператыўнікі ГУБАЗіК (які, па меркаванні анархістаў, і з'яўляўся ініцыятарам гэтай крымінальнай справы). Даць каментар для «Новага Часу» з нагоды сваёй прысутнасці на судзе яны адмовіліся.
Па патрабаванні адвакаткі Людмілы Казак суддзя Якунчыхін зачытваў не рэзулятыўную частку прысуду, як гэта звычайна бывае ў такіх выпадках, а прысуд цалкам, што заняло каля трох гадзін — прысутныя мусілі слухаць стоячы.

img_0943_1_logo.jpg

img_0946.jpg


Суддзя Якунчыхін перакваліфікаваў артыкул з ч.2 арт. 344 (Пашкоджанне гісторыка-культуранай каштоўнасці) на ч.2 218 (Пашкоджанне маёмасці небяспечным спосабам). Таксама суддзя прыбраў з абвінавачання артыкул 295-3 (Незаконныя дзеянні з запальнымі рэчывамі), бо прызнаў яго сродкам здзяйснення іншага злачынства. Як Івану Комару, які супрацоўнічаў са следствам да суда, так і Мікіту Емяльянаву суд прызначыў такое ж самае пакаранне, якое патрабаваў пракурор — 7 год пазбаўлення волі. Акрамя таго, абодва мусяць сплаціць судовыя страты ў памеры 336 рублёў. І, вядома, шкоду ад «нападу» на Валадарку, агульны памер якой склаў 1 руб. 48 капеек.
Паплечнікі і сябры абвінавачаных былі шакаваныя такім прысудам. Пасля ягонага зачытання раздавлаіся крыкі «Ганьба!» і папрокі на адрас суддзі.

Пракурор Максім Сенеў.

Пракурор Максім Сенеў.


Незвычайны «ход» зрабіў суддзя пасля агалошвання пакарання. Асобна ён вынес пастанову, згодна з якой СІЗА-1 мусіць усталяваць на будынку шыльду аб тым, што будынак з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю (зараз такая шыльда вісіць ва ўнутураным дворыку Валадаркі). Адсутнасць такой дошкі на бачным месцы, па меркаванні суддзі, «спрыяла здзяйсненню злачынства». Магчыма, такі крок суддзёй бачыўся як праява аб'ектыўнасці, аднак звонку пакідаў уражанне цынічнай насмешкі.
Пракаментаваць справу мы папрасілі сяброўку Мікіты Емяльянава Яну Чуліцкую:

yana.jpg


— Як растлумачыць такі жорсткі прысуд у дачыненні да Мікіты і Івана?

— Гэта тлумачыцца тым, што яны палітычныя. Мікіта сам казаў на судзе, што гэта была палітычная акцыя, а ён — анархіст. Такія тэрміны могуць даць за забойства а тут — за мінімальную шкоду.
— Анархісцкая супольнасць выказалася аб непадтрымцы Івана Комара. Чаму так адбылося?

— Не ведаю за ўсіх, але магу казаць за сябе. Я не буду падтрымліваць Комара. бо ён «зліў» абсалютна ўсіх: не толькі сябе, але і Мікіту. Ягоныя вусныя паказанні склалі 18 лістоў — і яшчэ неафіцыйныя размовы з аператыўнікамі. Хіба можна пасля такога падтрымліваць чалавека?
— Як ты думаеш, такімі жорсткімі прысудамі ці застрахуе сябе дзяржава ад падобных акцый у будучыні?

— Яны спрабуюць сябе так застрахаваць: маўляў, вось, глядзіце, што будзе з вамі, калі вы будзеце змагацца з дзяржавай. Але я не думаю, што гэта будзе працаваць. Усіх не перасаджаюць!
Паводле словаў праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча, цяпер распачнецца абмеркаванне што да прызнання Комара і Емяльянава палітвязнямі.
«Нягледзячы на адносную грамадскую небяспечнасць учынку, узнікае пытанне адносна суразмернасці пакарання. Я лічу, што ў дадзеным выпадку мы маем справу з відавочна непрапарцыйным, неадэкватным прысудам. Паводле тых міжнародных крытэраў, якімі мы кіруемся, гэта з’яўляецца падставай для прызнання іх палітычнымі зняволенымі і патрабавання неадкладнага перагляду ўсіх судовых рашэнняў», — сказаў Стэфановіч у каментары belsat.eu.
Разам з тым ён падкрэсліў, што ўчынак анархістаў не падпадае пад рэалізацыю свабоды меркавання, бо «гэта быў не мірны пікет, не дэманстрацыя, а кіданне бутэлек у СІЗА».
«Аднак непрапарцыйнасць пакарання сведчыць пра наяўнасць палітычнага матыву ва ўладаў», — адзначыў праваабаронца.