Суд над анархістамі — дзень першы

У Мінску судзяць анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Камара. Маладзёнаў абвінавачваюць у спробе падпалу будынку СІЗА-1 на Валадарскага і закідванні лямпачкамі з фарбай будынку Мінскага гарадскога суда.

img_0928_1_logo.jpg


Па версіі следства, хлопцы загадзя "групай асобаў, па папярэдняй змове" дамовіліся правесці акцыі прамога дзеяння з выкарыстаннем лямпачак з фарбай і "кактэйля Молатава". У справе фігуруюць два эпізоды. Першы гэта "фарбавая атака" на Мінскі гарадскі суд 24 верасня 2019 года. Акцыя адбылася за дзень да суда над іншым анархістам — Змітром Паліенкам і пазіцыянавалася як жэст салідарнасці. Гарадскі суд вызначыў свае страты ад лямпачак з фарбай у 143 рублі, але яны былі кампенсаваныя падсуднымі, таму пазову суд не выстаўляў.
Атакі на СІЗА-1 было дзве, і абедзве адбыліся ў кастрычніку. Прытым адна з атакаў была няўдалая - яна не была, згодна з матэрыяламі справы, даведзеная да канца "па незалежных ад абвінавачанага абставінах". Другая ж атака каштавала Валадарцы... 1 рубель 48 капеек. Тым не менш агулам па сукупнасці эпізодаў хлопцам прад'явілі абвінавачванне па артыкулах 295-3 ("Незаконныя дзеянні з запальнымі рэчывамі"), арт. 344 ("Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў") і арт. 341 ("Апаганьванне будынкаў і знішчэнне маёмасці").
Івану Камару — 18 год. Мікіту Емяльянаву — 19. Па прад'яўленых артыкулах ім пагражае да 12 год пазбаўлення волі. Раней на анархісцкім рэсурсе "Анархічны чорны крыж - Беларусь" публікавалася аб тым, што група не аказвае падтрымкі Івану Камару, так як ён супрацоўнічае са следствам і даў паказанні на Емяльянава.
Паседжанне пачалося ў 11.00 у судзе Савецкага раёна горада Мінска. Як гэта часта бывае перад працэсамі над анархістамі, улады прыгналі да суда аўтазак і сцягнулі байцоў АМАПу, якія патрулявалі мясцовасць. У самім будынку суда таксама было не меньш за два дзясяткі міліцыянтаў.

img_0906_logo.jpg


Вёў працэс суддзя Аляксандр Якунчыхін - намеснік старшыні суда (нагадаем, ён жа судзіў былога журналіста НЧ Зміцера Галко). Абаронцам Івана Камара была Людміла Казак, Емяльянава — Дзмітры Лепрэтар. Падтрымаць абвінавачаных прыйшло каля 30 чалавек.

img_0917_logo.jpg


img_0921_logo.jpg


img_0926_logo.jpg


img_0931_3_logo.jpg


У судзе ўсталявалі ажно дзве рамкі з металадэтэктарамі: адну на ўваход у суд, другую — перад уваходам у залю паседжанняў. Кожнага прысутнага пільна абшуквалі.

img_0915_logo.jpg

img_0914_logo.jpg


Працэс пачаўся з высвятлення даных абвінавачаных, іх пазіцыі па справе і з зачытвання пракурорам абвіначавання. Абодва — Емяльянаў і Камар заявілі, што не прызнаюць віну і будуць даваць паказанні толькі напрыканцы судовага працэсу. Таму, з хадайніцтва адвакатаў, паслядоўнасць працэсу была змененая і суддзя амаль адразу аб'явіў перапынак да 14.30.
Пасля перапынку пачаўся допыт сведкаў. Так як абедзьве атакі адбываліся глыбокай ноччу, адзінымі сведкамі абвінавачання былі супрацоўнікі следчага ізалятара на Валадарскага, якія дзяжурылі ў тую ноч.
Цікавы момант адбыўся пры допыце нам.начальніка СІЗА-1 па аператыўнай частцы. Ён паведаміў, што абодва абвінавачаных знаходзяцца ў СІЗА на ўліку як людзі, "схільныя да экстрэмізма і іншай дэструктыўнай дзейнасці". Праўда, па якой прычыне яны былі пастаўленыя на гэты ўлік, ён адказаць не змог, сказаўшы толькі што мае "дастаткова матэрыялаў", каб гэтак зрабіць.
Пасля допыту супрацоўнікаў ізалятару пачалося абвяшчэнне матэрыялаў справы: пераважна экспертыз тэхнікі, вынятай падчас вобшукаў у верасні, але не ў Камара і Емяльянава, а ў двух іншых актывістаў: Няўдаха і Сазановіча. Менавіта іх ГУБАЗіК спачатку "назначыў" віноўнымі. Прычынай было, як вынікала з прачытанага пракурорам, тое, што ў іх былі адключаныя тэлефоны - якраз у той час, калі адбывалася атака. Гэтага хапіла каб правесці ў хлопцаў ператрусы.
Пасля таго як частка матэрыялаў была зачытаная, суддзя аб'явіў перапынак да 7-га лютага. Наступны працэс пачнецца заўтра, у 10.30.