Мікола Дзядок: У гэтай справе вельмі шмат ад дэманстрацыі…

«Хацелася б, каб тыя, хто вырашыў пратэставаць праз прамое дзеянне, задумваліся таксама пра наступствы і пра тое, ці варты такі мізэрны вынік такога цяжкага пакарання, якое можа быць вынесена», — так былы палітвязень і прадстаўнік анархічнага руху Мікола Дзядок пракаментаваў судовы працэс, які працягваецца над Мікітам Емяльянавым і Іванам Комарам.

50661360.jpg

Нагадаем, што ў судзе Савецкага раёна Мінска працягваецца разгляд справы актывістаў анархісцкага руху Мікіты Емяльянава і Івана Комара. Маладых людзей абвінавачваюць у тым, што 25 верасня 2019 года яны кінулі ў будынак Мінскага гарадскога суда дзве лямпачкі з фарбай.

Акрамя таго, ім інкрымінуецца, што ўначы 13 кастрычніка яны кінулі ёмістасць з запальнай сумессю ў дзверы СІЗА № 1 па вуліцы Валадарскага, але ўзгарання не адбылося.

Паўторны інцыдэнт адбыўся ўначы 20 кастрычніка, вадкасць загарэлася, у выніку чаго нязначна пашкодзілася фарба. Прадстаўнік СІЗА ацаніла шкоду ў 1 рубель 48 капеек, урон будынку суда ацэньваецца ў 143 рублі 22 капейкі.

Мікола Дзядок адзначыў у каментары Радыё Рацыя:

— Я падтрымліваю любы пратэст, калі ён не звязаны з гвалтам супраць невінаватых людзей, аднак трэба памятаць, што хлопцы не прызнаюць віну. А ўвогуле, хацелася б, каб тыя, хто вырашыў пратэставаць праз прамое дзеянне, задумваліся таксама пра наступствы і пра тое, ці варты такі мізэрны вынік такога цяжкага пакарання, якое можа быць вынесена.

— Чым можа закончыцца суд?

— Думаю, у гэтай справе вельмі шмат ад дэманстрацыі. Міліцыя і дзяржава хочуць паказаць, як жорстка яны гатовыя караць кожнага, хто перайшоў мяжу дазволенага загончыка для палітычнай актыўнасці.

То-бок, як артыкулы, так і меры бяспекі вакол працэсу зусім не адлюстроўваюць рэальнай небяспечнасці таго, што, як быццам, зрабілі абвінавачаныя. Але па справе не выключаю рэальныя тэрміны і для Емяльянава, і для Камара.

— Да анархістаў асаблівае стаўленне ці ўладам без розніцы?

— Я думаю, што такі ж падыход быў бы да любога, хто пачаў бы рабіць акцыі прамога дзеяння. Але дэ-факта акрамя анархістаў іх ніхто і не робіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя