3,27 праміле ў крыві. Чаму ў матэрыялах следства аб няшчасных выпадках на БелАЭС з’явіўся алкаголь
Родныя памерлага кранаўшчыка і мантажнік, які моцна пацярпеў падчас аднаго з інцыдэнтаў, катэгарычна з гэтым нязгодныя, паведамляе Радыё Свабода.
Загадкавая смерць кранаўшчыка Івана Быхоўскага: «Ён не скардзіўся ні на што»
«Ды ён зусім ня піў, — расказвае Ўладзімір Быхоўскі гісторыю свайго брата Івана, які да 12 жніўня 2019 году працаваў кранаўшчыком на будоўлі Астравецкай АЭС. — Я думаю, брат памёр не сваёй смерцю, а здарыўся няшчасны выпадак, пра які нам цяпер проста не гавораць. Разумееце, мы ж самі ў шоку тады былі. Такое здарылася».
53-гадовага Івана Быхоўскага, паводле афіцыйнай версіі, знайшлі раніцай 13 жніўня мёртвым у памяшканні душавой. Згодна з версіяй, якую агучылі сям’і памерлага, ягоная смерць адбылася з прычыны захворвання сэрца і не звязаная з працай на будоўлі АЭС. Пасля працоўнага дня ўвечары 12 жніўня Іван Быхоўскі нібыта застаўся на тэрыторыі будаўніцтва, каб прыняць душ, і раптоўна памёр.
«Я быў у гасцях у брата за два тыдні да гэтага здарэння, прыязджаў у Чысць, — працягвае Уладзімір. — А тут раптам сястра Ніна тэлефануе і кажа, што Іван памёр. Як памёр? Іван ня скардзіўся ні на што. Ні на сэрца, ні на што».
Падазрэнні ў неадпаведнасці афіцыйнай версіі смерці Івана Быхоўскага ў яго родных узніклі на пачатку зімы 2019 году, калі яны атрымалі новыя дакументы з высновамі пасмяротнай медыцынскай экспертызы. Згодна з імі, у момант смерці Іван Быхоўскі быў п’яны, у ягонай крыві знайшлі 0,35 праміле алкаголю. Пры гэтым у медыцынскіх дакументах, якія родным выдалі адразу пасля смерці кранаўшчыка, згадак пра алкаголь не было зусім.
«Мы б паверылі ў натуральную смерць, каб не гэты алкаголь»
«Калі брата зрабілі п’яным, я зразумеў, што там нешта адбылося, — працягвае Ўладзімір Быхоўскі. — Іван ня піў больш за 15 гадоў. Тлумачэнні ў механіка пачалі браць. Пра нейкую паломку пнеўмасыстэмы. Мы пачалі сумнявацца тады. Мы б паверылі ў натуральную смерць, каб ня гэты алкаголь. Прыгадалі, што, калі забіралі цела брата з моргу ў Смаргонях, ён быў увесь сіні, нават чорны. Сьпіна, грудзі, галава. Я цяпер пайшоў з урачамі пракансультавацца, чаму так магло здарыцца. Кажуць, калі тромб, такое бывае. А ад вострай сардэчнай недастатковасці, як брату напісалі, такога быць ня можа».
Родных памерлага кранаўшчыка на месца ягонай смерці не адводзілі. Не аддалі і ягонай рабочай вопраткі, дазволілі забраць толькі асабісты аўтамабіль са стаянкі. У дакументах гаворыцца пра запісы з камер назірання, на якіх відаць, як кранаўшчык заходзіць у душавую вечарам 12 жніўня 2019 году і больш не выходзіць адтуль. Саміх відэазапісаў сям’і не паказвалі.
«Нармальны лад жыцця ў Івана быў, — дадае Уладзімір. — Праца, сям’я. Усё звычайна. Ён толькі пасля адпачынку вярнуўся, першы дзень на працу выйшаў 12 жніўня. І памёр у душы. Як? Ну ня мог ён застацца адзін там нешта рамантаваць, без механіка. Калі б не было гэтых тлумачэнняў механіка, каб не гаварылі пра алкаголь у адпісках, яно б і прайшло ўсё так. Я таксама кіроўцам працую, разумею гэтую сістэму. Хутчэй за ўсё, там адбыўся няшчасны выпадак, які зараз спрабуюць утаіць. Я ня ведаю, ці магчыма даведацца праўду сёння. Проста хачу расказаць, што мы думаем пра ўсё гэта».
Падзенне мантажніка Дзмітрыя Кунца: «Усе сведкі кажуць, што ён быў цвярозы»
Мантажнік Дзмітры Кунец упаў з вышыні некалькіх дзясяткаў мэтраў падчас працы на будоўлі атамнай станцыі ў Астраўцы. Яму ня толькі ня выплацілі кампенсацыю за вытворчую траўму, але і спагналі штраф — за працу ў алкагольным стане. Мужчына катэгарычна адмаўляе апошняе.
22-гадовы Дзмітры Кунец працуе на БелАЭС каля году. Амаль паўгода з іх ён знаходзіўся на бальнічным. Летась у красавіку хлопец сарваўся з вышыні.
Яны з калегам працавалі на другім энэргаблоку на вышыні каля 55-60 мэтраў. Пляцоўку, на якой яны стаялі, патрэбна было паменшыць. Калега пачаў баўгаркай пілаваць ражок пляцоўкі.
«Ражок ня вытрымаў, ня вытрымала ўся канструкцыя, і мы пайшлі ўніз. Ён быў прышпілены, а я толькі залез», — успамінае Дзмітры.
Калега не атрымаў сур’ёзных пашкоджанняў, Дзмітры праляцеў каля 30 мэтраў і ўпаў на металічную падлогу.
«Гэта секунда часу. Амаль ні пра што нельга падумаць. Адразу нічога не балела. Заставаўся ў прытомнасці. Крыві я ня бачыў, але сябар расказваў, што кроў пайшла з роту, з вачэй», — успамінае хлопец.
Зрабілі дзве аперацыі «на жывот»
Неўзабаве прыехала «хуткая», якая дзяжурыць на станцыі. Хлопца завезлі ў астравецкую лякарню. Там увялі ў штучную кому на тры дні.
«Парвалася печань, селязёнка. Ой, усё там навыварат», — Дзмітры спрабуе патлумачыць, як на ім адбілася падзенне.
Яму двойчы зрабілі аперацыю «на жывот». Шво ідзе ўздоўж усяго тулава. Да таго ж ён зламаў руку, таксама рабілі аперацыю. У шпіталі хлопец знаходзіўся каля месяца.
Дзмітры кажа, што не вінаваціць калегу ў тым, што адбылося. Пагаджаецца, што сам парушыў правілы аховы працы, але таму, што толькі-толькі залез працаваць і не паспеў прышпіліцца. Мяркуе, што ў тым, што адбылося, вінаваты адказны за ахову працы.
Знайшлі ў крыві 3,27 праміле алкаголю і засудзілі
Аднак пры пераводзе ў гарадзенскі шпіталь на аперацыю рукі пацыент даведаўся, што, паводле папераў, ён быў п’яным у дзень здарэння. У ягонай крыві ў гарадзенскай лабараторыі нібыта выявілі 3,27 праміле алкаголю — гэта цяжкая ступень ап’янення, калі чалавек знаходзіцца ў паўсвядомым стане.
Ён адмаўляе, што быў п’яным, і сцвярджае, што ніколі не злоўжывае на працы: «Тут строга, небяспечна».
«Даведаўся пра гэта толькі праз месяц пасля здарэння. Лекар прыходзіць з бальнічным лістом і кажа: «Ты што, у алкагольным ап’яненні быў?» — «Такога быць ня можа!» Усе лекары казалі: «Судзіся». У судзе я сказаў: «Вы адэкватны? Падумайце, які гэта пах!».
Выявілася, што аддзел унутраных справаў Астравецкага райвыканкаму пастфактум склаў пратакол на хлопца за тое, што ў дзень здарэння (5.04.2019) ён нібыта знаходзіўся ў нецвярозым стане на працоўным месцы (артыкул 17.3 Кодэксу «Аб адміністрацыйных парушэннях» Беларусі). Дзмітрый кажа, гэта адбылося прыкладна праз паўтара месяца пасля падзення. Такім жа часам датаваная медыцынская даведка з Астравецкай цэнтральнай раённай лякарні.
«Падышлі да майго начальніка і пачалі яму казаць, што мяне злавілі п’яным на КПП. Папраўдзе такога ўвогуле не было. Тым больш, калі б мяне злавілі на КПП, там заўжды міліцыя. Заўсёды камеры ёсць. Сказалі, пакуль складалі на мяне пратакол, я ўзяў і ўцёк адтуль. Я хадзіў у Следчы камітэт, казаў, што я магчыма ведаю, хто гэта [сказаў]. А толку? Гэта ня доказ», — абураецца хлопец.
Дзмітры вярнуўся на працу на БелАЭС летась увосень. Тады ж распачаўся суд над ім. Урэшце з мужчыны спагналі 102 рублі. Расейская фірма-падрадчык ПАТ «Энергоспецмонтаж», у якой ён працуе, заплаціла штраф, які потым вылічыла з ягонага заробку.
Адвакат Дзмітрыя Кунца Анатоль Руткевіч расказаў, што штраф наклалі на самога супрацоўніка, а не на фірму. Цяпер ён з падабаронным будуць падаваць скаргу ў Гарадзенскі абласны суд.
Паводле яго, суд апытваў сведак, прараба, і ўсе сказалі, што ён быў цвярозым. «Гэта чалавек 5-6, у тым ліку той чалавек, з якім ён тады працаваў. Праблема ў тым, што аналіз паказаў іншае. Але як браўся той аналіз, якім чынам у крыві аказалася столькі алкаголю?», — задаецца пытаннем Руткевіч.
Ён кажа, што яны з Кунцом будуць дамагацца, каб хлопцу выплацілі кампэнсацыю за траўму ў памеры сярэдняга заробку за ўвесь перыяд, калі той быў на бальнічным.
Прараб ПАТ «Энергоспецмонтаж» Уладзімір, які бачыў Дзмітрыя ў дзень здарэння і які нібыта сведчыў у судзе, што той быў цвярозым, даваць каментары праз тэлефон адмовіўся.
***Свабода звярнулася ў Дырэкцыю будаўніцтва Астравецкай АЭС з пытаннямі пра тое, якім чынам на будоўлі змаглі апынуцца людзі ў стане алкагольнага ап’янення. Адказу на афіцыйны запыт пакуль няма.