Чарговы суд над Вячаславам Сіўчыкам перанесены на 10 лютага

Пачынаючы ад панядзелка, 3 лютага, суд Партызанскага раёна Мінска штодзень разглядае адміністрацыйныя справы, заведзеныя на лідара Руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка. Сённяшні дзень — не выключэнне.

untitled__1_of_1__4_logo_1_logo_1.jpg

Агулам за ўдзел у пратэстных акцыях супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй на палітыка былі складзеныя 5 пратаколаў правапарушэнняў.
Некалькі разоў з-за адсутнасці Сіўчыка суды пераносіліся, але, відаць, суддзі стаміліся чакаць палітыка і пачалі разгляд пратаколаў без яго ўдзелу ў паседжаннях.
Так, 3 лютага Вячаслаў Сіўчыкатрымаў 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі 8 снежня супраць інтэграцыі з Расіяй. Такое рашэнне прыняў суддзя суда Партызанскага раёна Мінска Анатоль Барысёнак.
4 лютага той жа суддзя Анатоль Барысёнак пастанавіў пакараць Сіўчыка ізноў жа арыштам на 15 сутак за ўдзел у акцыі 20 снежня.


5 лютага ізноў жа ў судзе Партызанскага раёна разглядалася яшчэ адна адміністрацыйная справа, складзеная на Вячаслава Сіўчыка за парушэнне артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Суддзя Наталля Дзядкова, якая разглядала справу, прыняла рашэнне аб пераносе судовага паседжання на 10 лютага. Пачатак у 10-30.
Наперадзе ў палітыка яшчэ два суды, якія мусяць адбыцца ў судзе Партызанскага раёна Мінска 6 і 7 лютага.

Хто такі суддзя Анатоль Барысёнак, які прысудзіў палітыку 30 сутак арышту?

Суддзя суда Партызанскага раёна Мінска Анатоль Барысёнак — асоба добра вядомая ўдзельнікам акцый і грамадскім актывістам. Толькі за апошнія некалькі гадоў агульная сума штрафаў, накладзеная ім на актывістаў, склала 225 базавых велічыняў, у дачыненні да чатырох чалавек вынесеныя пастановы аб арыштах агулам на 35 сутак.

Паводле spring96.org