У Расіі асудзілі антыфа і анархістаў – да 18 гадоў

У панядзелак у расійскай Пензе суд абвясціў прыгавор так званай тэрарыстычнай супольнасці «Сетка». Як паведамляюць тамтэйшыя СМІ, маладыя людзі, прыналежныя да руху антыфашыстаў і анархістаў, асуджаныя на тэрміны ад 6 да 18 гадоў зняволення.

Падчас суду. Фота "Медыязоны"

Падчас суду. Фота "Медыязоны"


Самі яны правіны не прызнаюць і заяўляюць пра паказанні пад катаваннямі. Справу вяла ФСБ.
Дзмітрый Пчэлінцаў асуджаны да 18 гадоў калоніі строгага рэжыму, Ілля Шакурскі – да 16 гадоў, Андрэй Чарноў атрымаў 14, Максім Іванкін – 13, Міхаіл Кулькоў – 10, Васіль Куксаў – 9, Арман Сагынбаеў - 6 гадоў пазбаўлення волі. Іх прызналі вінаватымі ў арганізацыі дзейнасці тэрарыстычнай супольнасці або ўдзеле ў ёй, некаторых фігурантаў справы – таксама ў захоўванні зброі. Мэтай нібыта было ўчыненне тэрактаў і звяржэнне ўлады.
Стваральнікамі «Сеткі» названыя Пчэлінцаў і Шакурскі, якія нібыта рыхтавалі адмысловыя баявыя групы дзеля ўчынення тэрактаў падчас чэмпіянату свету па футболе ў Расіі.
Праваабаронцы з цэнтра «Мемарыял» ужо ўнеслі «сеткавікоў» у спіс палітзняволеных. Каля будынка пензенскага суду праходзілі пікеты ў падтрымку асуджаных.