У Беларусі летась вынесена 0,29% апраўдальных прысудаў
Першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч расказаў аб працы судоў у 2019 годзе, перадае Радыё Свабода.
За ўвесь 2019 год у беларускіх судах апраўдалі 130 чалавек з 41931 (0,29%), яшчэ ў дачыненні да 2326 чалавек справы былі спыненыя. Такую інфармацыю паведаміў на прэс-канферэнцыі Валерый Калінковіч 12 лютага.
Для параўнання, у 2018 годзе апраўдальныя выракі склалі 0,19%, у 2017-м — 0,23%.
Паводле распаўсюджанага на прэс-канферэнцыі рэлізу, за мінулы год беларускія суды разгледзелі 41 931 крымінальную справу і асудзілі 38 726 чалавек. Гэта на 1886 асобаў менш, чым летась. У сярэднім кожны беларускі суд у 2019 годзе разглядаў 71 справу за месяц.
З агульнай колькасці асуджаных 2284 чалавекі былі пакараныя за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, гэта на 6,9% менш, чым у 2018 годзе.
1007 асобаў асудзілі за карупцыйныя злачынствы, гэта на 0,2% больш, чым у 2018-м.
764 чалавекі ў 2019 годзе былі асуджаныя за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення (на 13,6% менш, чым у 2018 годзе).
З усіх асуджаных 15 175 чалавек зрабілі злачынствы ў стане алкагольнага альбо наркатычнага ап’янення. Гэта 39,2% ад агульнай колькасці асуджаных.
43,2% асуджаных зрабілі свае злачынствы, маючы нязнятую альбо непагашаную судзімасць за ранейшыя злачынствы.
svaboda.org