Маці анархіста Емяльянава пра прысуд: «Адказваю гэтак, як Нарбут генералу Мураўёву – гадую патрыётамі яшчэ трох сыноў»
Анастасія Емяльянава, маці асуджанага на 7 гадоў калоніі актывіста анархісцкага руху Мікіты Емяльянава, у каментары Свабодзе паведаміла, што падчас следства па справе сына сям’я атрымлівала пагрозы. Прысуд сыну ў 7 гадоў Анастасія Емяльянава назвала несправядлівым, а свайго сына ахарактарызавала як сапраўднага патрыёта Беларусі.
«Што сказаць пра прысуд? Ён, безумоўна, надзвычай жорсткі і несправядлівы. Усё ж я такога не чакала, бо атрымалася амаль тое ж, як у Расеі па вядомай справе «Сети», дзе раздалі максімальныя тэрміны маладым анархістам за прыдуманую арганізацыю. Там гучны працэс, і тут грамадска гучны працэс, і відавочна капіююць прысуды, каб не выглядала мякка.
Але ў нас варта было закрыць артыкул аб нанясенні шкоды будынку з прычыны малазначнасці шкоды, бо выглядае смешна – страта ізалятара на 1 рубель з капейкамі. Але не закрылі, бо справа палітычная, яе завялі супраць людзей, якія пазіцыянуюць сябе як анархісты, як праціўнікі рэжыму», – мяркуе Анастасія Емяльянава.
Анастасія Емельянава сказала, што яе сын – рознабаковая асоба, цікавіцца мастацкімі і гістарычнымі кнігамі.
«Вельмі любіць чытаць кнігі з серыі «Невядомая гісторыя« Анатоля Тараса, любіць тэатр – у ягоным рэйтынгу на першых месцах спектакль «Пане Каханку« ў тэатры імя Горкага і «Чорная панна Нясьвіжа« ў Купалаўскім тэатры. Добры, спачувае людзям. За тое, што спачуваў палітвязням, як Змітру Паліенку ды іншым, яго гэтак моцна і пакаралі. Гэта зразумела», – лічыць маці Емяльянава.
У матэрыялах справы супроць Мікіты Емяльянава прагучала, што ён лічыць сябе патрыётам Беларусі, але не нацыяналістам. Ці згодная маці з такім азначэннем?
«Што патрыёт – гэта дакладна. Мы такім яго выхавалі ў сям’і. Ведаеце, ёсць такое паданне пра Тэадора Нарбута, што калі ягоны сын Людвік, удзельнік паўстання Каліноўскага, загінуў, дык царскі генерал Мураўёў спытаў у яго: «Ну што, можа ты зараз супакоішся?« Але той адказаў, што яшчэ мае сыноў. Дык вось я на гэты прысуд Мікіту таксама магу сказаць, што маю яшчэ сыноў. У мяне іх чацвёра, і яны ўсе выхоўваюцца патрыётамі і будуць выхоўвацца патрыётамі».
Паводле Анастасіі Емяльянавай, пасля арышту яе сына Мікіты яны ў сям’і пачалі атрымліваць пагрозы. Жанчына сказала, што дагэтуль не адчувае сябе ў бяспецы.
«Падчас следства мы атрымлівалі пагрозы, нам пагражалі, што сыну дадуць вялікі тэрмін, калі ён ня будзе сябе паводзіць як трэба. Не магу назваць гэтых людзей, бо не маю гарантыі бяспекі, але так было», – кажа маці.
У апошнім слове Мікіта Емяльянаў сказаў, што ў барацьбе за свабоду, незалежнасць і правы чалавека мэта апраўдвае сродкі. Ці падтрымлівае жанчына анархісцкія погляды і дзеянні сына?
«Ва ўсякім разе, Мікіта з тых, хто здолеў адарваць сваю пятую кропку ад канапы і нешта зрабіць. Мы ведаем, што людзі, якія змагаюцца за свабоду ў нашай краіне, і гвалт церпяць, і турмы, і адміністрацыйныя арышты. Вось і Мікіта з іх ліку – ён сапраўдны патрыёт і ня хоча мірыцца з сістэмай. З несправядлівымі судамі, з міліцыяй, дзе выбіваюць паказанні – а як мы чулі на судзе, у Івана Комара выбівалі паказанні. Канечне, гэта ганьба ўсёй сістэме, што ўжываюць такія метады».
Анастасія Емяльянава пацвердзіла, што раней працавала следчай, але ўдакладніла, што «шмат гадоў таму працавала ў міліцыі, а ня ў Следчым камітэце». Інфармацыю пра тое, што бацька Мікіты таксама служыў у міліцыі, Анастасія Емяльянава каментаваць адмовілася.
svaboda.org