Сенсацыя ад еўракамісара Хана

Еўрасаюз будзе гатовы падпісаць новы дакумент пра ўзаемаадносіны з Беларуссю (так званыя «Прыярытэты партнёрства») толькі ў выпадку дасягнення дамоўленасці датычна Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС), якая будуецца ў Астраўцы.

belsat.eu

belsat.eu

Пра гэта заявіў цяперашні еўракамісар па палітыцы суседства і пытаннях пашырэння Ёханэс Хан, выступаючы на ​​пасяджэнні камітэта Еўрапарламента па замежных справах у Бруселі 7 лістапада.
Асноўнай тэмай пасяджэння стала будучыня пашырэння Еўрасаюза, аднак еўрадэпутаты спыталі Хана і аб адносінах з Беларуссю. «Наша мэта — завяршыць, нарэшце, працу над "Прыярытэтамі партнёрства". У гэтым выпадку вынік залежыць ад таго, ці знойдзем мы рашэнне па АЭС у Астраўцы», — заявіў еўракамісар. І гэтую заяву можна лічыць сенсацыяй для перспектываў развіцця адносінаў Бруселя з Мінскам, дзе вельмі ласкава прымалі Хана, які падтрымліваў надзеі ў беларускіх суразмоўцаў хутчэй завяршыць працэс падпісання «Прыярытэты партнёрства» да змены складу кіраўніцтва ЕС. Не атрымалася.
Сваёй сенсацыйнай заявай сыходзячы з пасады еўракамісар Хан толькі пацвердзіў, што атамная тэма стала ўжо агульнаеўрапейскай, а не двухбаковай паміж Мінскам і Вільняй. Відавочна, што гэта заслуга літоўскай дыпламатыі, якую актыўна па-ранейшаму каардынуе кіраўнік МЗС Лінкявічус, даказваючы, што не ад памеру залежыць палітычная вага краіны ў ЕС. Затое пасля сенсацыйнай заявы еўракамісара Хана паўстаў негатыўны цень над намаганнямі беларускага калегі Лінкявічуса. Яго могуць у Мінску зрабіць «казлом адпушчэння» за правал тэрмінаў падпісання «Прыярытэтаў партнёрства» з ЕС. А ў адносінах з Крамлём выкарыстаць і як прапагандысцкі інструмент у барацьбе з іншадумствам. Бо там лічаць кіраўніка беларускага МЗС «празаходнім нацыяналістам».
Сейм Літвы ў чэрвені 2017 года заканадаўча замацаваў, што беларуская АЭС небяспечная і ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і здароўя людзей. Міністр энергетыкі Літвы заявіў, што Літва прыме ўсе меры, каб энергія з БелАЭС не патрапіла на рынак усіх краін Балтыі.
Брусель і Мінск вядуць перамовы аб дакуменце пад назвай «Прыярытэты партнёрства». У Еўрасаюзе заяўляюць, што гэта пагадненне, закліканае стварыць новыя рамкі для ўзаемадзеяння, што азначаюць «новы этап» у адносінах з Беларуссю.
Будаўніцтва АЭС у Беларусі выклікае незадаволенасць у Літве. У Мінску ўсё прэтэнзіі адпрэчваюць.Першы энергаблок БелАЭС плануюць запусціць у 2020 годзе. На днях прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа папрасіў старшыню ЕС Фінляндыю ўнесці ўклад у забеспячэнне бяспекі БелАЭС у Астраўцы. Наколькі вядома, на 25 лістапада плануецца візіт у Мінск кіраўніка МЗС Фінляндыі.