Штэфан Фюле зноў наведаў Беларусь

15 лістапада ўжо другі раз за бягучы год Мінск наведаў еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння Еўрапейскага саюза і Еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле. Падчас свайго непрацяглага наведвання беларускай сталіцы еўрапейскі палітык сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, а таксама з кіраўніком групы назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах Бюро па дэмакратычным інстытутам і правам чалавека АБСЕ (БДіПЧ АБСЕ) Гертам Арэнсам.



7535bbb91c8fde347ad861f293126633.jpg

15 лістапада ўжо другі раз за бягучы год Мінск наведаў еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння Еўрапейскага саюза і Еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле. Падчас свайго непрацяглага наведвання беларускай сталіцы еўрапейскі палітык сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, а таксама з кіраўніком групы назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах Бюро па дэмакратычным інстытутам і правам чалавека АБСЕ (БДіПЧ АБСЕ) Гертам Арэнсам.
У журналістаў адразу ўзнікла пытанне, чаму спадар Фюле даў прэс-канферэнцыю яшчэ да сустрэчы з кіраўніком беларускага знешнепалітычнага ведамства, але гэта, відаць, была такая задума, хоць яе сэнс так і застаўся незразумелым. Таму што на брыфінгу (менавіта так была азначана сустрэча еўракамісара з прадстаўнікамі мас-медыя) Штэфан Фюле пазбег адказаў на некаторыя пытанні, маўляў, яму не хацелася, каб міністр Мартынаў даведаўся пра тое, з якімі прапановамі еўрачыноўнік прыбыў у Беларусь, са сродкаў масавай інфармацыі.
Штэфан Фюле адразу заявіў, што мэтай яго візіту з’яўляецца “падтрымка народа Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Адным з важных момантаў, па словах спадара Фюле, была яго сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у якой толькі з беларускага боку прынялі ўдзел 52 чалавекі. Дарэчы, на гэтай сустрэчы, як потым і на прэс-канферэнцыі, прысутнічалі кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Украіне Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Эрык Хольцапфель, некаторыя іншыя еўрачыноўнікі.
Як падкрэсліў Штэфан Фюле, сустрэча з актывістамі беларускага “трэцяга сектара была вельмі важнай не толькі ў кантэксце маючых адбыцца 19 снежня выбараў прэзідэнта Беларусі, але і ў сувязі з тым, што хутка ў Берліне пройдзе Другі Форум грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства. “Грамадзянская супольнасць — лепшая платформа для развіцця і прасоўвання дэмакратыі, — адзначыў еўракамісар. Ён падкрэсліў, што Еўрасаюз вельмі хоча, каб прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі празрыста і дэмакратычна. Паводле словаў Штэфана Фюле, ад таго, як пройдзе выбарчая кампанія ў цэлым, будзе залежаць далейшае супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю.
Еўракамісар акрэсліў шэсць пазіцый, на якія Еўрасаюз будзе звяртаць асаблівую ўвагу. Гэта рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, склад выбарчых камісій, датэрміновае галасаванне, падлік галасоў, доступ да СМІ, а таксама свабода сходаў.
Калі пра збор подпісаў Штэфан Фюле выказаўся ў тым плане, што сёлета ўмовы для прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду былі значна больш спрыяльнымі параўнальна з мінулымі кампаніямі, то па іншых аспектах ёсць сур’ёзныя заўвагі. “Тое, што ў склад выбарчых камісій трапіла менш за адзін працэнт апазіцыянераў, вымушае задумацца, — сказаў Штэфан Фюле і падкрэсліў, што ў гэтым пытанні Еўропа чакала прагрэсу, чаго, аднак, не адбылося.
Апроч таго, Штэфан Фюле паведаміў, што ўжо ў лістападзе краіны Еўрапейскага саюза пачынаюць абмеркаванне сумеснага прамежкавага плана, што мусіць стаць часовым эрзацам двухбаковага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЕС, якое так і не было ратыфікавана. У снежні таксама мусіць пачацца абмеркаванне працэдуры рэадмісіі. Апроч таго, па словах еўракамісара, Еўрасаюз пачынае працэдуру спрашчэння для грамадзян Беларусі візавага рэжыму. “Спрашчэнне візавага рэжыму не будзе залежаць ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, — паабяцаў Штэфан Фюле і заявіў, што надалей мае намер больш пільна сачыць за сітуацыяй у Беларусі, дзеля чаго плануе рэгулярна прыязджаць у нашу краіну.