«Стабільнасць» патрабуе ахвяраў?

Падаецца, што якраз да выходных нам прыбераглі некаторыя не вельмі вясёлыя навіны. Маўляў, людзі ў такія дні ўсё роўна навінаў не чытаюць, таму лепей хай яны застануцца па-за ўвагай. Можа быць, гэта і слушна.

Фота з сайта www.psychologos.ru/

Фота з сайта www.psychologos.ru/

Адна з іх — МУС вынесла на грамадскае абмеркаванне праект змяненняў у Закон «Аб дарожным руху». З заўважных навацыяў — тое, што да 2020 года вырашана адмовіцца ад савецкіх бестэрміновых вадзіцельскіх пасведчанняў і прызнаць іх несапраўднымі. Гэта значыць, кіроўцам, у якіх такія пасведчанні захаваліся, трэба будзе іх мяняць. На якіх умовах — пакуль не паведамляецца.

Праектам прадугледжана налічэнне штрафных балаў кіроўцам, якія парушаюць ПДР. Сутнасць простая: набраў за каляндарны год пэўную колькасць балаў нават за «лёгкія» правапарушэнні — пазбавішся правоў на паўгода.

У 1 бал ацанілі парушэнні, штраф за якія не перавышае трох базавых велічынь (напрыклад, няпройдзены тэхагляд, стаянка ў неналежным месцы і іншае), а таксама тыя, за якія высылаюць «лісты шчасця» (хуткасць і паркоўка). 2 балы налічаць за парушэнні, штраф за якія не перавышае пяці базавых велічынь (напрыклад, праезд на чырвонае святло або парушэнне патрабаванняў знакаў і разметкі). 3 балы вы атрымаеце за парушэнні, штраф за якія не перавышае дзесяці базавых велічыняў (гэта перавышэнне хуткасці на 30 і больш км/г і інш.).

4 балы налічаць за парушэнні, штраф за якія больш за дзесяць базавых велічыняў і пазбаўленне правоў (ваджэнне ў нецвярозым стане, выезд на сустрэчную, няпропуск хуткай і іншыя грубыя парушэнні).

Цікава, што «штрафныя балы» не замяняюць адказ­насць за самі парушэнні — штрафы і пазбаўленне правоў. То бок, у выніку ў аўтааматараў можа скласціся тая сітуацыя, якая забароненая беларускім заканадаўствам, але, тым не менш, сустракаецца вельмі часта. Гэта калі чалавек двойчы нясе адказнасць за адно і тое ж правапарушэнне.

Невясёлая навіна прыйшла і з банкаўскага сектару. Беларусы становяцца ўсё больш закрэдытаванымі: нягледзячы на тое, што нядаўна Нацбанк прыняў інструкцыю, якая абмяжоўвае выдачу крэдытаў насельніцтву. Як піша select.by, запазыча­насць па крэдытах, выдадзеных беларускімі камерцыйнымі банкамі (без уліку Банка развіцця) эканоміцы ў беларускіх рублях, у сакавіку 2018 года павялічылася на 232,5 мільёна рублёў (1,2% у параўнанні з лютым) і дасягнула 19 мільёнаў 710 тысяч 800 рублёў. Гэта амаль у 3 разы вышэй за сакавік 2017 года. Пры гэтым запазычанасць па крэдытах у замежнай валюце засталася прыкладна на ўзроўні мінулага года і склала 75,5 мільёна долараў.

Але мы не былі б аптымістамі, калі б не шукалі ў гэтай сітуацыі нешта добрае. Справа ў тым, што асноўны ўнёсак у павялічэнне валютнай запазычанасці зрабілі так званыя «нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі». Іх доўг банкам вырас у параўнанні з лютым на 43 мільёны долараў (6,2%) і дасягнуў 740,2 мільёна долараў. Запазычанасць гэтых арганізацый у беларускіх рублях павялічылася на 8,9 мільёна рублёў (6,2%) — да 164,9 мільёна рублёў.

Дэ-факта гэта азначае, што фінансавая пісьменнасць насельніцтва ўзрасла. Мала хто вядзецца на аб’явы кшталту «грошы да заробку» з нібыта малымі, а насамрэч рабаўніцкімі працэнтамі. Беларусы пачалі пазычаць грошы цывілізавана — у банках. Гэта адлюстроўвае нават той непрыемны факт, што асноўная рублёвая запазыча­насць банкам — ад фізічных асоб. Іх запазычанасць у беларускіх рублях па спажывецкіх крэдытах павялічылася ў сакавіку на 93,3 мільёна рублёў (2,9%) і дасягнула 3 268,1 мільёна рублёў.

Калі казаць пра фінансы, то адносным поспехам могуць пахваліцца нашы фіскальныя органы. Так званы «Падатак на Google», які пачаў працаваць напачатку года, прынёс краіне ў I квартале 3,1 мільёна рублёў. Падатак на дададзеную вартасць за электронныя паслугі выплацілі 34 замежныя арганізацыі, якія аказваюць паслугі ў электроннай форме фізічным асобам у Беларусі. Спіс такіх кампаній, сярод якіх Google, Amazon, Apple, Netflix, Linkedin, Booking.com, Uber, апублікаваны на сайце МПЗ у электронным сэрвісе «е-ПДВ».

Такі поспех, падаецца, абумоўлены тым, што падаткавікі не спяшаюцца абдзіраць замежных гігантаў. Калі раскінуць паўтара мільёны долараў на 34 кампаніі, атрымаецца, што кожная з іх заплаціла ў сярэднім каля 44 тысяч долараў. Пагадзіцеся, для Google, Amazon, Apple і Uber такія «выдаткі» нават не заўважныя. Але нітка да ніткі — беднаму сарочка.

Аднак падаткі чамусьці ніяк не ўплываюць на штодзённае жыццё беларусаў. Сумная навіна прыйшла з Віцебску. Гэты абласны цэнтр стаў першым, дзе колькасць разводаў перавысіла колькасць узятых шлюбаў. За першыя месяцы года там было зарэгістравана 378 шлюбаў і 435 разводаў. Год таму за такі самы перыяд сітуацыя была амаль адваротная — 436 шлюбаў і 354 разводы.

З буйных гарадоў падобная дыспрапорцыя зафіксаваная ў Пінску (122 шлюбы і 133 разводы) і Жодзіна (65 шлюбаў і 68 разводаў). У іншых рэгіёнах шлюбаў усё яшчэ больш, але розніца паміж вяселлямі і разводамі змяншаецца.

Улічваючы тое, што зараз у ЗАГСы ідуць тыя, хто нарадзіўся ў 1990–1992 гадах — у час, калі Беларусь пачала падаць у дэмаграфічную яму, коль­касць шлюбаў будзе скарачацца. Найбольшая колькасць шлюбаў распадаецца праз два гады пасля вяселля. Гэта значыць, што разводзяцца тыя, хто нарадзіўся яшчэ да пачатку дэмаграфічнай ямы. Такім чынам, сумная статыстыка будзе павялічвацца: колькасць разводаў будзе расці, а тых, хто збіраецца пабрацца шлюбам, проста натуральным чынам бракуе.

Ну і цікавую навіну падкінуў афіцыйны партал sb.by. Незвычайна скончылася для пяцікласнікаў адной з мінскіх школаў экскурсія на вядомы шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы. На заканчэнне экскурсіі кожнаму дзіцяці падарылі «набор шклянак 35 г для халодных напояў». На памяць. Па дарозе дадому дзеці ў аўтобусе распакавалі падарункі, разлівалі ў іх колу, чокаліся і выпівалі.

Пра якое здароўе нацыі і шлюбы мы можам казаць, калі ў нас пяцікласнікі ўжо «чокаюцца і выпіваюць»?