STOP 193–1
Асамблея недзяржаўных дэмакратычных арганізацый праводзіць кампанію «СТОП 193–1» за адмену артыкула 193–1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэты артыкул быў уведзены ў Крымінальны кодэкс Беларусі перад мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі. З 2006 года, калі ўступіла ў дзеянне крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, па артыкуле 193–1 былі асуджаныя 17 чалавек. Апраўдальных прысудаў праваабаронцы не зафіксавалі.
Асамблея недзяржаўных дэмакратычных арганізацый праводзіць кампанію «СТОП 193–1» за адмену артыкула 193–1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае
адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэты артыкул быў уведзены ў Крымінальны кодэкс Беларусі перад мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі. З 2006 года, калі ўступіла ў дзеянне
крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, па артыкуле 193–1 былі асуджаныя 17 чалавек. Апраўдальных прысудаў праваабаронцы не зафіксавалі.
На дадзены момант улада адышла ад практыкі кропкавых пазітыўных зменаў у сферы свабоды асацыяцыяў, лібералізацыя адбываецца выключна на ўзроўні рыторыкі — такія высновы зрабілі эксперты
Асамблеі НДА па выніках маніторынгу «Прававы стан няўрадавых арганізацый у 2009 годзе». Старшыня Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч зазначае, што апошнім часам назіраецца небяспечная
тэндэнцыя, калі ўлады спрабуюць любыя змены выдаць за пазітыўныя.
Напрыклад, новая версія Закона «Аб грамадскіх арганізацыях» рыхтуецца без уліку меркавання грамадзянскага сектару. Прыняцце гэтага закона можа істотна пагоршыць сітуацыю са свабодай
асацыяцый у краіне. «Пасля прыпынення санкцый ЕС у дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў прайшло паўгода. Але ніводнае з прынцыповых для грамадзянскай супольнасці пытанняў не было
вырашана ўладамі. Па-першае, дагэтуль не скасавана адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі па артыкуле 193–1 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Па-другое, пытанне
рэгістрацыі грамадскіх арганізацый па-ранейшаму застаецца праблемным. Па-трэцяе, ніякіх зрухаў па стварэнні льготных ставак арэнды памяшканняў для НДА таксама не заўважаецца», —
рэзюмуе Сяргей Мацкевіч.
Прадстаўнікі Асамблеі НДА, аднак, не губляюць асцярожнага аптымізму адносна верагоднасці паляпшэння адносінаў паміж грамадзянскай супольнасцю і дзяржавай. Наладжванне канструктыўных узаемаадносінаў з
дзяржаўнымі органамі магчымае пры выпрацоўцы супольнай з трэцім сектарам ідэйнай платформы. На думку сяброў Асамблеі НДА, такой платформай можа стаць «Канцэпцыя развіцця грамадзянскай
супольнасці ў Беларусі». Аднак старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак лічыць, што распрацаваную Асамблеяй НДА канцэпцыю яшчэ рана называць базавым дакументам для наладжвання
адносінаў паміж дзяржавай і трэцім сектарам. Аднак дасягненне пагадненняў, зафіксаваных у канцэпцыі, дапаможа і ўладам, і грамадзянскай супольнасці дасягнуць пэўнага ўзроўню паразумення, ад якога
выйграе ўсё грамадства.
Раней Міністэрства юстыцыі пацвердзіла намер уладаў скасаваць артыкул 193–1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Пра гэта
паведамлялася ў лісце да Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Грамадзянская Беларусь» (Чэхія), якое звярталася ў Мінюст з заклікам скасаваць названы артыкул. З адказу
Міністэрства юстыцыі вынікае, што на дадзены момант кампетэнтнымі органамі вывучаецца пытанне ўнясення магчымых зменаў у нарматыўныя дакументы, што рэгулююць дзейнасць структур грамадзянскай
супольнасці ў Беларусі. У тым ліку аналізуюцца палажэнні, датычныя дзейнасці ад імя незарэгістраваных палітычных партый і іншых грамадскіх арганізацый.
У прыватнасці, у дакуменце гаворыцца: «На дадзеным этапе мяркуецца выключыць з артыкула 193–1 Крымінальнага кодэкса норму пра адказнасць за арганізацыю дзейнасці або ўдзел у
дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, замяніўшы крымінальную адказнасць
за гэтыя дзеянні на адміністратыўную адказнасць».
Юрыст Юрый Чавусаў магчымы перагляд артыкула 193–1 Крымінальнага кодэкса лічыць пазітыўным, аднак недасканалым крокам. «Фармулёўкі ў лісце Міністэрства юстыцыі досыць неканкрэтныя.
Справа ў тым, што магчымасць скасавання дадзенага адыёзнага крымінальнага артыкула толькі разглядаецца неназванымі органамі. Але той факт, што дзяржава ўпершыню прызнала наяўнасць праблемы і
прыслухалася да меркавання шматлікіх крытыкаў аб ненармальнай прававой сітуацыі — ужо вялікае дасягненне. Зразумела, лепшым варыянтам было б поўнае скасаванне забароны на дзейнасць
незарэгістраваных аб’яднанняў. Гэта наблізіла б Беларусь да еўрапейскіх стандартаў прававога рэгулявання грамадзянскай супольнасці. Аднак дзяржава абірае прамежкавы варыянт: дзейнасць
незарэгістраваных аб’яднанняў перастане быць крымінальным злачынствам, але ўсё роўна застанецца незаконнай, застанецца адміністратыўным правапарушэннем», — адзначае
юрыст.
У апошні дзень верасня Асамблея НДА арганізавала круглы стол «193–1: Крымінальны пераслед за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый у Беларусі» ў Варшаве. Мерапрыемства
адбылася ў межах штогадовай нарады АБСЕ па чалавечым вымярэнні. Дэлегацыю краінаў — сябраў АБСЕ азнаёмілі з практыкай выкарыстання артыкула 193–1 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні
да ўдзельнікаў незарэгістраваных няўрадавых арганізацый у 2006–2009 гадах. Апроч таго, эксперты Асамблеі НДА далі ацэнку дзеянням беларускіх уладаў па нармалізацыі становішча грамадскіх
аб’яднанняў у кантэксце беларуска-еўрапейскага дыялогу.
-------------------------------------------------------------------------
Мінюст не можа на нас уплываць
Сярод шэрагу арганізацый, якія цяпер дзейнічаюць у Беларусі без рэгістрацыі — праваабарончы цэнтр «Вясна».
Арганізацыя паўстала яшчэ ў 1996 годзе, у 1999-м была
зарэгістраваная як Грамадскае аб’яднанне «Праваабарончы цэнтр «Вясна». Аднак рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2003 года за ўдзел у
назіранні падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года грамадскае аб’яднанне было пазбаўлена дзяржаўнай рэгістрацыі. Праваабаронцы тройчы спрабавалі вярнуцца ў прававое поле, штораз ім адмаўлялі.
Як уплывае на дзейнасць праца ў фактычна нелегальным рэжыме, расказвае юрыст «Вясны» Уладзімір Лабковіч.
— Дзяржаўная рэгістрацыя моцна ўплывае на прававы статус арганізацый. Гэта запыты ў дзяржаўныя органы, дзейнасць, арганізацыя нейкіх мерапрыемстваў, узаемадачыненні з суб’ектамі
гаспадарання. Падкрэслю, што сам факт наяўнасці артыкула 193–1 — вялікі ўдар па грамадзянскай супольнасці, моцны стрымліваючы фактар па стварэнню і дзейнасці няўрадавых арганізацый.
За час дзеяння гэтага артыкула павялічылася колькасць зваротаў у нашу грамадскую прыёмную: хвалююцца тыя, хто незарэгістраваны і займаецца, здавалася б, абсалютна бяскрыўднай дзейнасцю, хто спрабаваў
зарэгістравацца і атрымаў адмову. Рэгістрацыя міжнароднай арганізацыі ў іншай краіне — абсалютна не выйсце з сітуацыі. Мы жывём у нашым прававым полі, і артыкул дзейнічае тут, а не за мяжой.
Калі міжнародная арганізацыя працуе на тэрыторыі Беларусі, яна мусіць зарэгістраваць тут прадстаўніцтва.
«Малады Фронт» таксама безвынікова спрабавалі зарэгістраваць некалькі разоў.
Разам з тым менавіта сябры гэтай арганізацыі найбольш пацярпелі ад прымянення на практыцы артыкулу 193–1 Крымінальнага кодэкса.
У 2007 годзе адзінаццаць маладафронтаўцаў былі асуджаныя за
дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, у тым ліку і яе лідэр Зміцер Дашкевіч.
Кіраўнік арганізацыі Зміцер Дашкевіч лічыць, што асаблівых праблем з-за нерэгістрацыі ў Беларусі «МФ» цяпер не мае. «Малады Фронт» падчас крымінальнага пераследу
выбіў сабе права дзейнічаць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, — падкрэслівае Дашкевіч. — Улады нічога гэтым пераследам не дамагліся, таму, уласна, яго і спынілі. Мы дзейнічаем
як і любая іншая структура. Маем юрыдычны статус у Чэхіі і ад імя арганізацыі звяртаемся ў розныя дзяржаўныя структуры, адказы прыходзяць на імя «Маладога Фронту». У нерэгістрацыі
ёсць і станоўчыя моманты — Мінюст не можа на нас уплываць. Напраклад, улады маглі маніпуляваць некаторымі партыямі, не зацвярджаючы некаторыя іх рашэнні».
Цяпер кіраўніцтва «Маладога Фронту» не збіраецца засяроджвацца на рэгістрацыі, а накіроўвае сілы на правядзенне розных кампаній — ад палітычных да культурніцкіх.
«Мы рэалісты. Лукашэнка асабіста гаварыў, што не дапусціць у Беларусі дзейнасці МФ, — зазначае Дашкевіч. — У дзяржаве дзейнічае шэраг партый-арганізацый з моладзевымі
структурамі, і ўлады могуць уплываць на іх дзейнасць. Найперш трэба працаваць з людзьмі праз розныя кампаніі. У нашых акцыях прымае ўдзел вялікая колькасць асоб, якія не маюць дачынення непасрэдна да
арганізацыі. А надуманыя адмовы ў рэгістрацыі толькі паказваюць сутнасць рэжыму, яго непавагу да законаў і сваіх грамадзян».