Студэнты і моладзь Уроцлава патрабуюць адзінства дэмакратычных сілаў Беларусі

Беларуская моладзь і студэнты Уроцлава, стваральнікі і прыхільнікі ініцыятывы «Студэнцкая Прысутнасць», вылучылі і даслалі свае патрабаванні 20 суб’ектам дэмакратычных сіл Беларусі. А таксама распачалі пікетаванне, каб прыцягнуць увагу да сваіх патрабаванняў.

photo_2022_08_22_22_26_38.jpg


Маладзёны пішуць, што яны ўсведамляюць сябе паўнапраўным суб'ектам грамадзянскай супольнасці, і «зыходзячы з адказнасці за будучыню Беларусі і новых пакаленняў, бачачы, як апазіцыя лукашэнкаўскаму рэжыму распадаецца на некалькі самадастатковых аўтаномных суб'ектаў з уласнымі праграмамі дзейнасці, інтарэсамі і мэтамі, жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду і яднанне дзеля пераадолення палітычнага крызісу», звярнуліся да ўсіх дэмакратычных сіл з трыма патрабаваннямі:

Першае з іх: «У нашым агульным змаганні з лукашызмам і за вызваленне Беларусі з-пад маскоўскай акупацыі не ставіць інтарэсы нічога і нікога вышэй за агульныя інтарэсы беларусаў як нацыі».

«У цяперашні час адзінства мэтаў і адзінства дзеянняў з'яўляецца надзённай неабходнасцю. Без гэтага нам не знайсці выйсця з палітычнага крызісу. Гэта значыць, што цяпер патрэбны адзіны фронт, а не мноства адасобленых палітычных рухаў», — мяркуюць аўтары звароту.

Другое патрабаванне: выпрацаваць і падпісаць сумесны Мемарандум аб палітычным адзінстве і кааліцыйнасці. «Ініцыянаваць стварэнне такога Мемарандуму, на наш пагляд, павінна Святлана Ціханоўская, агульнапрызнаная лідарка беларускіх дэмакратычных сіл. Яна і яе каманда павінны прыкласці намаганні, каб залучыць усіх без выключэння. Усе іншыя актары, што падзяляюць наша першае патрабаванне, павінны далучыцца да напісання і прыняцця гэтага дакумента», — лічаць маладзёны.

На іх думку, у дакуменце абавязкова павінны быць прапісаныя мэты, што з’яўляюцца агульнымі для ўсіх актараў; прынцыпы і правілы, якіх кожны абавязуецца прытрымлівацца; пункты, па якіх не атрымліваецца дасягнуць згоды, але якія не з’яўляюцца істотнейшымі за наша адзінства ў сумесным змаганні; крокі па стварэнні агульнай для абмеркаванняў і прыняцця рашэнняў пляцоўкі, якая стала б адзіным кааліцыйным прадстаўнічым органам Новай Беларусі.

Трэцяе патрабаванне — апублікаваць фінансавыя справаздачы па ўсіх грашовых сродках, што былі выкарыстаны дэмакратычнымі рухамі, пачынаючы ад траўня 2020 года.

«Мы патрабуем правесці такі аўдыт у як мага бліжэйшы час, гарантаваць празрыстасць і дакладнасць якога будуць адпаведныя незалежныя і паважаныя арганізацыі. Такія практыкі павінны займець рэгулярную аснову», — заяўляюць аўтары звароту.

«Ад моманту выслання і публікацыі звароту, мы пачнем бестэрміновае пікетаванне ў сваім горадзе, каб змусіць адрасатаў асабіста адрэагаваць, даць публічны адказ на наш заклік, а таксама гарантаваць тое, што ўсе тры патрабаванні будуць выкананыя. Нам абрыдла назіраць за тым, як нас пазбаўляюць будучыні. Надышоў той самы час, калі моладзь павінна гучна заявіць пра сябе. Жыве Беларусь!», — гаворыцца ў звароце.

Згодна з тэлеграм-каналам «Студэнцкай прысутнасці», маладыя людзі ўжо пяць дзён запар праводзяць пікеты ва Уроцлаве ў падтрымку сваіх патрабаванняў.