Сучасны аўтарытарызм: Ці ёсць святло ў канцы тунэля?
У Мінску прайшла публічная
дыскусыя "Аўтарытарызм сёння" прымеркаваная да 45-годдзя Віталя
Сіліцкага, яго інтэлектуальнай спадчыны і ідэяў апошняй кнігі "Доўгая
дарога ад тыраніі".
Валер Булгакаў, Пётр Рудкоўскі, Алесь Лагвінец і Уладзімір Мацкевіч узгадвалі інтэлектуальную спадчыну выбітнага палітолага і абмяркоўвалі сучасны стан і перспектывы беларускага аўтарытарызму.
Як адзначыў ва ўступным слове рэдактар часопіса “Архэ” Валер Булгакагаў, Віталь Сіліцкі за сваё кароткае жыццё напісаў у часопіс 126 артыкулаў. Калі сабраць усе публікацыі Сіліцкага ў адно выданне, яно б мела 6 паўнавартасных тамоў. А яго кніга “Доўгая дарога ад тыраніі”, дзе падрабязна, прафесійна даследуецца і аналізуецца феномен аўтарытарнай улады Лукашэнкі, не мае ў Беларусі аналагаў і з’яўляецца “сапраўдным промнем у цёмным царстве” айчыннай паліталогіі.
Канцэпцыя прэвентыўнага аўтарытарызму, прапанаваная Віталём Сіліцкім, калі аўтарытарны лідар прэвентыўна знішчае ўсе патэнцыйныя парасткі палітычнай канкурэнцыі, амаль не пакідае апанентам рэжыму шансаў на перамогу, стварае вакол іх атмасферу адчаю і бездапаможнасці. Перад змагаром з такім аўтарытарным лідарам паўстае вельмі няпросты выбар: бескампрамісна змагацца за свае перакананні, ахвяруючы дабрабытам альбо здраджваць сваім прынцыпам, становячыся на шлях імітацыі палітычнай дзейнасці.
Удзельнікі дыскусіі казалі пра актуальнасць даследаванняў Віталя Сіліцкага для сённяшняга дня з папраўкай на цяперашнюю геапалітычную сітуацыю і неабходнасць рэжыму наладжваць кантакты з Захадам ды ўмацоўваць нацыянальную тоеснасць. Пры гэтым улады ў аднабаковым парадку перагледжваюць сацыяльны кантракт са сваімі грамадзянамі.
Таксама ўдзельнікі разважалі
над тым, наколькі этычна палітолагам выпрацоўваць аналітычныя рэкамендацыі для
кіраўніцтва краіны, зважаючы на тое, што яго галоўнай мэтай з’яўляецца
захаванне аўтарытарызму. Выказваліся пра неабходнасць рэалістычнага стаўлення
да сваіх магчымасцяў і спробы ўплываць на рэжым праз публічныя дэбаты і
культурніцкія праекты.
Валер Булгакаў зазначыў, што беларуская стабільнасць сілкуецца кансервацыяй культурніцкіх адносінаў савецкай эпохі.
Элегантнае вызначэнне аўтарытарызму падчас дыскусіі агучыў Алесь Лагвінец: “Гэта рэжым, які злоўжывае аўтарытэтам улады і не зважае на канстытуцыйныя абмежаванні”. Паводле Алеся Лагвінца, рэжым, апісаны ў працах Сіліцкага, канстытуцыйна змяніць немагчыма, бо няма ні выбараў, ні ўласна палітыкі, як такіх. Віталь Сіліцкі спадзяваўся, што эстафету рэальнай палітычнай дзейнасці перахопяць НДА.
Паводле выступоўцаў Віталь Сіліцкі прадбачыў узнікненне “аўтарытарнага інтэрнацыяналу”, які мы зараз назіраем, блізкія падобныя рэжымы пачынаюць сябраваць адзін з адным (Беларусь-Кітай-Венесуэла), а таксама рэцэсію дэмакратыі ў свеце. На думку Валерыя Булгакава, Лукашэнка прыйшоў да ўлады не выпадкова, ён інтуітыўна намацаў культурны код масаў, палітык такога кшталту быў запатрабаваны грамадствам. Асаблівасць сённяшняй сітуацыі ў тым, што палітычная эліта дэмакратычных краінаў схіляецца да думкі, што памяняць беларускі рэжым нерэальна і вырашыла наладжваць з ім стасункі.
Метадолаг Уладзімір Мацкевіч адзначыў, што хаця меў з Віталём Сіліцкім аднолькавыя светапоглядныя і каштоўнасныя арыенціры, часта спрачаўся з ім пра шляхі пераадолення аўтарытарызму. На яго думку, заходняя палітычная школа не здольная даць рады ў вырашэнні нашай сітуацыі.
Кніга Віталя Сіліцкага актуальна і цяпер, бо дае канкрэтны і рацыянальны адказ таго, што з намі адбылося. З залі запыталі, ці марныя для краіны гады кіравання Лукашэнкі. Удзельнікі дыскусіі адзначылі, што гэтак паступова закладаецца падмурак, перадумовы для зменаў у будучыні, што гэты своеасаблівы беларускі нацыянальны феномен нас гуртуе.
Таксама выказвалася думка, што пад ціскам аўтарытарнай дыктатуры выспявае культура, людзі пачынаюць разумець яе вартасць. Валеры Булгакаў назваў апошнія 23 гады існавання краіны антрактам у беларускай драме, параўнаў сітуацыю з глыбокай замарозкай. “Выбухападобныя з’явы пры адлізе, калі размарозяцца ўсе канфлікты і супярэчнасці, непазбежныя”.