Суд па Справе прафсаюзаў — незаконная праслухоўка і пустыя файлы ў якасці доказаў

10 жніўня суд Савецкага раёна Мінска разглядае крымінальную справу па абвінавачванні старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Суддзя – Марына Фёдарава.

fedynich_001.jpg


Зранку 9 жніўня супрацоўнікі міліцыі спехам выклікалі на допыты сведкаў "справы прафсаюзаў", якія ў судзе адмовіліся ад сваіх ранейшых паказанняў, дадзеных пад час следства. Такое даручэнне Генеральнай пракуратуры вынес суд, пасля таго, як бальшыня сведак заявіла на працэсе, што следчыя аказвалі на іх ціск, пагражалі непрыемнасцямі, аж да арышту.
Каментуючы ўчорашняе судовае паседжанне, а менавіта праслухоўванне аўдыёзапісаў тэлефонных перамоваў Фядыніча і Комліка, Генадзь Фядыніч звярнуў увагу на тое, што праслухоўванне вялося з грубым парушэннем заканадаўства:
“Следчыя звярнуліся да пракуратуры 14 чэрвеня мінулага года, каб яна дала дазвол на праслушку. Дазвол гэты быў атрыманы з 15 ліпеня. Але на паседжанні мы чуем, што праслухоўванне нашых тэлефонаў адбывалася 5,6,7,10 і 11 ліпеня, то бок раней за тую дату, з якой дзейнічаў дазвол ад пракурора! А калі дадзеныя атрыманыя не ў адпаведнасці з законам, яны не маюць ніякай юрыдычнай сілы і не могуць уключацца ў гэтую крымінальную справу”.
На судовым паседжанні 10 жніўня прысутнічала больш за 20 асобаў. Сярод іх — грамадскія актывісты, праваабаронцы, былы суддзя Катстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валеры Шчукін, Васіль Завадскі, палітык Алег Волчак, праваабаронца і сябра прафсаюзу РЭП з Воршы Васіль Бераснеў, кіраўніца бабруйскай гарадской арганізацыі РЭП Галіна Смірнова.
Суддзя працягвае даследваць змесціва дыскаў з аўдыёзапісамі тэлефонных перамоў. Вывучаюць дакументы на замежнай мове, дзе пазначаны банк SЕВ.
Абарона:

"Усе дакументы датаваны 3 сакавіка і ліпенем 2017 г. Файлы ўтрымліваюць толькі набор сімвалаў, нельга расцэньваць іх як лісты. Файлы не ўтрымліваюць ні адпраўніка, ні адрасата."


Дзяржабвінавачанне і абарона задае пытанні Фядынічу з нагоды лістоў на электронных скрынях:
Фядыніч: "Электронная скрыня знаходзіўся на кампутары ў сакратара. Пасля сыходу вядомай Юліі ён не мяняўся. І пароль пасля яе сыходу не мяняўся. Памяняўся толькі 2 жніўня 2017 г. Гэта наогул не перапіска. Гэта незразумелая перасылка файлаў у адзін адрас. У мяне ў кабінеце няма кампутара. Што тычыцца скрыні neproblemarep@gmail.com, то калі б не гэтая крымінальная справа, я б нават не ведаў пра яе існаванне".
Комлік таксама сведчыць, што любой электроннай перапіскай займаўся сакратар. Кажа, што ў яго свая электронная скрыня. Фігуруе імя Святлана Радзевіч, але Фядыніч і Комлік не ведаюць такую.
Далей вывучаюць зместы дыскаў. Асабліва звяртаюць увагу на тэкставыя файлы на замежнай мове. Адзін з іх датыруецца 2006 г., другі 2007 г. Адзін з файлаў сведчыць аб "браніраванне нумароў у Расіі". Але ён пусты. У зале нічога зале не чуваць і не відаць. Усе абураюцца, але суддзя Фёдарава заяўляе: "без каментароў!"
Па прычыне тэхнічных складанасцей астатнія дыскі будуць вывучаць пазней. Суд прыступае да агляду флэш-карты, вынятай ў сведкі Юлі Юхнавец (агенткі КДБ).
Агалошваюць перапіску Белякова І Юхнавец: "Добры дзень, Юрый! У кватэры шумець можна?"
— Так, да 23.00.
Белякоў — Юхнавец: "Яны цябе пугалі чымсьці? Дзякуй, што адказала праўду. Ёсць прапанова зваліць з гэтай краіны, бо яны цябе ў спакоі не пакінуць, хочаш?"
— Хачу!
Дамаўляліся аб сустрэчы, таксама ў перапісцы прававы інспектар Белякоў паведаміў, што яна згодна з арт. 27 Канстытуцыі можа не сведчыць супраць сябе. Белякоў таксама нагадвае ёй, што гэта тычылася 2011 года, а яна там не працавала.
На флэшцы захаваныя фотаздымкі, у тым ліку размытыя, купюраў наміналам 200 еўра. Пракурор пералічвае іх нумары…
Называюць некалькі тэкстаў, падпісаных Жанай Запрыварынай. Файлы, якія нібыта былі знойдзеныя на электроннай скрынцы (з невядомага адрасу), чамусці змяшчаюцца ў справе ў фармаце Word (які дазваляе фарматаванне).
Доўга вывучаюць ананімныя лісты на ангельскай мове за 2015 год.
Ігар Комлік звяртаецца да суда з заявай:
"Высокі суд, зноў паўтараю, ангельскую мову я не ведаю. Каб вывучыць мову, мне спатрэбілася б гадоў 10. Таму гэты дакумент фальсіфікаваны".
Абаронца:
"Звяртаем увагу, што на дысках увогуле адсутнічаюць файлы pdf. А таксама дыск не ў роўнай меры адпавядае пратаколу агляду".
У судзе абвешчаны перапынак да панядзелка, 13 жніўня. Пачатак паседжання ў 10-00
Паводле http://spring96.org/be/news/90543