Справа прафсаюзаў: колькі каштавала следства?

Сёння ў судзе Ленінскага раёну скончылі разгляд пісьмовых матэрыялаў па справе Федыніча-Комліка. Ускрыліся красамоўныя хібы працы следчых і маштабы дзяржаўных выдаткаў на палітычны пераслед.

img_9367_logo.jpg


Пасля вырашэння судом парадку правядзення пасяджэння, пракурорка каля дзвюх гадзін зачытвала звароты аб аказанні прававой дапамогі, якія следчыя разаслалі ў Данію, Швецыю і Літву.
Фядыніч і Комлік неаднаразова звярталі ўвагу на недакладнасці ў следчых дакументах: фармулёўкі, сцверджанні, альбо фактычныя недакладнасці, кшталту няправільнага рэгістрацыйнага нумару прафсаюза РЭП.
Пасля зачытання дакументаў Фядыніч заявіў хадайніцтва аб агалошванні адказаў Швецыі і Даніі на запыты. Аднак не здолеў назваць дакладна ліст справы, дзе яны знаходзіліся — і гэта стала нагодай адмовіць. Імаверна, што ў той час як Літва адмовілася супрацоўнічаць з беларускім следствам у справе доказаў "незаконнай дзейнасці" РЭП, і дасслала адмову, Данія і Швецыя наўпрост праігнаравалі беларускія запыты. Як сказаў сам Фядыніч — адказаў на іх у справе няма ўвогуле.
Па просьбе Комліка былі зачытаныя справаздачы аб перакладзе пэўных дакументаў са шведскай, дацкай і літоўскай моў. Апынулася, што агулам на пераклады Следчы камітэт патраціў не менш за 1400 рублёў ("А экспертызы? А працоўны час?" — узбураліся людзі ў залі).

img_9369_1_logo.jpg


Былі агалошаныя афіцыйныя адказы Нацбанка аб рахунках прафсаюза РЭП (якіх дэ-факта не было) і адсутнасці здзелак з каштоўнымі металамі і паперамі. Згодна з матэрыяламі справы ані Комлік ані Барысевіч (цёшча Федыніча) не маюць рахункаў у банках, электронных гаманцоў, сейфаў і іншых прыкметаў раптоўнага ўзбагачэння. Калі ж дайшло да маёмасці Комліка, пракурорка назвала "Аўтамабіль МАЗ 1999 года выпуску". Устаўшы, Комлік заявіў, што "аўтамабіль" — гэта прычэп, «які каштуе 100 долараў» Заява выклікала смех у залі.
Зачытваліся дадзеныя пра адміністрацыйныя правапарушэнні Комліка. Нібыта адно такое ён здзейсніў 24 верасня 2017 года. Зноў Комлік перарваў пракурорку і заяўляе, што нічога такога здзейсніць ён не мог, бо ў гэты час знаходзіўся ў СІЗА.
Калі пракурорка зачытвала інфармацыю пра цёшчу Комліка, высветлілася, што яе ўзрост на 8 гадоў большы, чым зачытаны ў справе. "Мне нават цешчу сфальсіфікавалі!" — абурыўся Комлік. Зала засмяялася зноў.
Цікавым момантам стала чытанне рапарта следчага, які той напісаў пасля вывучэння вынікаў аператыўна-пошукавай дзейнасці ў дачыненні да Комліка. З рапарту вынікае, што нягледзячы на праслухоўку размоваў, прагляду электроннай перапіскі і іншых "шпіёнскіх" дзеянняў, падстаў для крымінальнага пераследу так і не было знойдзена. Зала сустрэла гэта апладысментамі.
Напрыканцы Комлік зачытаў сваё хадайніцтва кіраўніку следчай групы, дзе прасіў спыніць крымінальную справу. У хадайніцтве ён падрабязна распавёў аб супрацьстаянні прафсаюза з адміністрацыяй прадпрыемстваў і ўладамі, падкрэсліў матэрыяльную шкоду ад гэтых дзеянняў. Яна, на погляд Комліка, нашмат больш за тую, якую ён нібыта нанёс дзяржаве.
Суд прыняў рашэнне аб паўторным выкліку некаторых сведак, якія дагэтуль не з'явіліся ў суд. Такіх набралася амаль з дзясятак. Працэс працягнецца 8 жніўня ў 10.00 у судзе Ленінскага раёна.
Уражаннямі ад чарговага пасяджэння мы папрасілі падзяліцца Генадзя Фядыніча.

img_9379_logo.jpg

Генадзь Фядыніч з паплечнікамі па прафсаюзу.
— Як думаеце, чаму так шмат сведкаў не з'явіліся на працэс?
— Хтосьці не хоча паўтараць тое, што сказаў у СК, бо будуць непрыемныя пытанні і ад тых, каго абвінавачваюць, і ад абароны. І самае галоўнае, гэта трэба будзе казаць перад публікай. Адна справа сказаць сам-насам "я працаваў кур'ерам" (хаця сам, можа, словаў такіх не ведаеш), іншая — паўтарыць гэта перад усімі.
Ну а ёсць такія людзі, як нашы сябры прафсаюза, якія не змаглі прыехаць, бо адзін пасля інсульту, другі інвалід ІІ групы, і іх, хоць выклікалі ў Следчы камітэт, але яны па стану здароўя не змаглі прыйсці.
— Шмат было сёння недакладнасцяў у матэрыялах следства: і адміністрацыйнае правапарушэнне, якое Комлік "здзейсніў", знаходзячыся ў турме, і тое што цешчу яго пераблыталі, і гэты "аўтамабіль МАЗ". Гэта следчыя падыходзілі так неахайна?
— Калі па адной справе змяняецца трэцяя група следчых, то чаго чакаць. Бо калі кіруе падпалкоўнік, потым яшчэ раз падпалкоўнік, потым капітан, то прафесіяналізму, мабыць, не хапае. А па-другое: гэта ж не крымінал. Гэта не тое як ІП, ці яшчэ каго судзяць, за нясплату падаткаў. Гэта прафсаюз — зусім іншая праблема. І ні ў следчых, ні ў пракуратуры, няма досведу таго, што сёння прафсаюз сабой прадстаўляе, як мусіць працаваць. Яны аб гэтым нічога не ведаюць, думаюць: палічылі падаткі, вось яны мусяць плаціць. Ніхто не ўзгадвае міжнародныя канвенцыі, падпісаныя нашым урадам, і тое што Кабякоў абяцаў, што прафсаюзы павінны быць у Жэневе. І тыя следчыя: група каля 12 чалавек, яны нічога не ведаюць аб справе прафсаюза. А што датычна МАЗаў і цешчы — гэта настолькі непрафесійна з боку следчых, што ў тэатр можна не хадзіць. Крыжаноўскі адпачывае.
— Як ваш маральны стан пасля працэсу?
— Я настроены працоўна — пры любым выніку. Мы робім працу, мы робім яе законна, мы нічога не парушалі. І гэта — палітычна матываваная справа, якую задумала ўлада разам з КДБ і ДФР.
Фота Мікалая Дзядка