Суд па справе Някляева падыходзіць да завяршэння

Шосты дзень судовага працэсу па крымінальнай справе былых кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, лідэраў кампаніі “Гавары праўду Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Вазняка, Аляксандра Фядуты і маладафронтаўкі Насты Палажанкі выдаўся багатым на прадстаўнікоў беларускай палітычнай і культурнай інтэлігенцыі.



50adecfc746426ca10973a067421d0bf.jpg

Шосты дзень судовага працэсу па крымінальнай справе былых кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, лідэраў кампаніі “Гавары праўду Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Вазняка, Аляксандра Фядуты і маладафронтаўкі Насты Палажанкі выдаўся багатым на прадстаўнікоў беларускай палітычнай і культурнай інтэлігенцыі.
Нягледзячы на пярэчанні пракурора, суддзя дазволіла выступіць у якасці сведкаў экс-кандытатам у прэзідэнты адпаведна 2001і 2010 гадоў Уладзіміру Ганчарыку і Рыгору Кастусёву, вядомаму паэту Генадзю Бураўкіну, праваабаронцы Таццяне Процька, кіраўніку коласаўскага ліцэя Уладзіміру Коласу і шэрагу грамадскіх актывістаў. Сваё станоўчае рашэнне па задавальненні хадайніцтваў суддзя Жана Жукоўская аргументавала тым, што абарона забяспечыла прысутнасць сведкаў на судзе і што выступы сведкаў паспрыяюць дасканаламу і ўсебаковаму вывучэнню справы датычна грубага парушэння грамадскага парадку. Як пазней прызнаўся 74-гадовы Генадзь Бураўкін, якога паклікалі ў судовую залю толькі а 16-й гадзіне, ён чакаў выкліку ў калідоры ажно з 10-ці ранку.
Паказанні сведкаў былі практычна аднолькавыя: вулічнае шэсце па праспекце Незалежнасці 19 снежня насіла мірны характар, усе сведкі прыйшлі на акцыю асэнсавана і па ўласным рашэнні, кандыдаты ў прэзідэнты да агрэсіі не заклікалі, а наадварот, спрабавалі суняць  людзей, якія кінуліся біць шкло. Актывістка кампаніі “Гавары праўду Таццяна Караткевіч і “хадэкі Юры Клімовіч і Аляксандр Кавальчук асаблівую ўвагу звярнулі на тое, што Някляеў і Рымашэўскі спрабавалі арганізаваць ахову грамадскага парадку падчас акцыі 19 снежня: звярталіся з адпаведнымі прапановамі ў МУС, КДБ, Мінгарвыканкам, фармавалі ўласныя дружыны. На думку гэтых сведкаў, улада чыніла перашкоды і наўмысна не ішла на кантакт з апазіцыянерамі: на звароты былі атрыманыя адмоўныя адказы, а некаторых рэгіянальных актывістаў, якія мусілі арганізоўваць дружыны аховы парадку, прэвентыўна затрымалі.
Суддзя не хавала раздражнення ад прысутнасці такой колькасці вядомых людзей ў залі: з’едліва аспрэчвала дасведчанасць былога кіраўніка Беларускага Хельсінскага Камітэта Таццяны Процька у пытанні арганізацыі выбарчай працы АБСЭ, часта перабівала эмацыйнага Генадзя Бураўкіна. Сведкі ж не гублялі ўпэўненасці і радасна чакалі кароткага перапынку, каб абняць Уладзіміра Някляева, якога яны не бачылі ўжо 5 месяцаў.
Непрыемнай для абвінавачаных стала заява суддзі, што судовае разбіральніцтва працягнецца і ў суботу, бо гэта працоўны дзень. Напачатку працэсу Уладзімір Някляеў нагадаў суду, што 14 траўня 1995 году адбыўся ганебны рэфэрэндум, які паэт ахарактарызаваў, як "фальсіфікацыя нацыянальнай свядомасці". Някляеў зазначыў, што толькі па адной гэтай прычыне ён мае права хоць штодня пратэставаць на Плошчы.
Сёмы дзень выдаўся насычаным - пракурор прачытаў ажно 19 тамоў крымінальнай справы (агулам іх 29). Дакладней, прагартаў  і выбарачна агучыў дакументы датычна Рымашэўскага, Дзмітрыева і Палажанкі: раздрукоўкі падслуханых тэлефонных размоваў, характарыстыкі, скаргі і хадайніцтвы адвакатаў.
Некалькі тамоў былі прысвечаны дзейнасці кампаніі “Гавары праўду, але крымінальная справа ў гэтай частцы датычна кампаніі была спынена раней, таму гэтыя тамы не агучваліся. Фігурантка справы Наста Палажанка падзялілася меркаваннем, што пракурору быў аддадзены загад завершыць справу як мага хутчэй – калі на агучванне 1-га тома  пракурор патраціў амаль дзень, сёння за 40 хвілін пракурор адолеў 10 тамоў крымінальнай справы. У суботу судовы працэс скончыўся надзіва рана, і абвінавачаныя нават паспелі прыехаць а 16-й гадзіне на агалошванне прысуду Андрэю Саннікаву і хлопцам, што судзілі разам з экс-кандыдатам у прэзідэнты.
Такім чынам, азнаямленне з пісьмовымі матэрыяламі гэтай крымінальнай справы цалкам скончанае. Судовы працэс працягнецца а 10-й гадзіне ў панядзелак. 16 траўня абвінавачаныя і суд будуць знаёміцца з фота/відэаматэрыяламі. Зважаючы на тое, што ніхто з абвінавачаных не быў актыўным удзельнікам акцыі 19 снежня, а Някляеў і Фядута наогул не прысутнічалі там, можна прадбачыць, што азнаямленне пройдзе даволі хутка. А гэта значыць, што на наступным тыдні, верагодна, будуць вынесены прысуды Уладзіміру Някляеву, Аляксандру Фядуту, Андрэю Дзмітрыеву, Сяргею Вазняку, Насці Палажанцы і Віталю Рымашэўскаму.