«Трэба прызнаць, што праект Лукашэнка закрыты»

Палітычны аглядальнік «КоммерсантЪ FM» Дзмітрый Дрызе лічыць, што Расія пастаўлена перад складаным выбарам — як далей быць з Лукашэнкам.

Ддмітрый Дрызе, фота Коммерсантъ 

Ддмітрый Дрызе, фота Коммерсантъ 


Парламент Беларусі збіраецца на спецыяльнае аб’яднанае пасяджэнне, каб выслухаць меркаванне Лукашэнкі аб апошніх падзеях у краіне і свеце. Праз суткі, 28 траўня, беларускага кіраўніка чакаюць у Сочы для перамоў.

Лукашэнка мае намер паказаць усяму свету бязмежную народную любоў і кансалідацыю беларускага грамадства вакол уласнай фігуры. Ён той адзіны лідар, які зможа выратаваць краіну ў складаны перыяд. Выступіць і расказаць, што ж адбылося на самай справе, не яго рашэнне — народ пра гэта просіць.

І прыйдуць слухаць кіраўніка шматлікія грамадскія прадстаўнікі. Ім трэба будзе пляскаць у далоні, а яшчэ пажадана праслязіцца пад уплывам патрыятычных пачуццяў. Гэта падобна на абвяшчэнне вайны — Лукашэнка не адзін, яго актыўна падтрымліваюць.

Прыём вядомы — падобнае, напрыклад, актыўна практыкуюць у Паўночнай Карэі. Там пастаянна плачуць і пляскаюць правадырам.

Між тым пытанне, што ж рабіць з Лукашэнкам, напэўна, выходзіць на першы план як для цывілізаванага Захаду, так і для Масквы. Ён ужо зусім хутка прыбывае ў Сочы з чарговым візітам. Аднак навошта ён едзе, што будзе абмяркоўвацца і чым усё скончыцца — тут традыцыйна няма ніякай яснасці. Мінулыя паездкі таксама не мелі ніякіх канкрэтных, зменшага бачных, вынікаў. За выключэннем запэўненняў аб вечнай дружбе на фоне жахлівага, варожага Захаду.

А дзе ж інтэграцыя, хочацца спытаць? У адказ — дзяжурныя запэўніванні, што вось яшчэ адна дарожная карта ўзгоднена і бакі сур’ёзна ў гэтым пытанні прасунуліся.

Ёсць папулярны пункт гледжання, што Лукашэнку зусім дрэнна, і ў яго проста няма выбару, акрамя як інтэгравацца. Гэтай версіі хутка 27 гадоў. Вось і цяпер нагода казаць пра тое, што ён падышоў да такой рысы: усё ўжо дакладна, падзецца няма куды, вось і перспектыва блакады — самалёты ўжо не лётаюць. Хто можа дапамагчы? Толькі старэйшы брат. Падпісвайце, Аляксандр Рыгоравіч, становіцеся расійскім губернатарам або займіце нейкую пасаду ў новым аб’яднаным органе ўлады.

Адказаць можна загадзя: не будзе такога. Звярнуцца па дапамогу можна да Кітаю, Турцыі, ААЭ — знойдзецца, каму дапамагчы пры жаданні. А тое і адшукаць ўнутраныя рэзервы. Перавесці эканоміку на ваенныя рэйкі.

Тым больш, беларускі кіраўнік не вельмі лічыцца са сваім партнёрам, нават у такім пытанні, як доступ консула да расійскай грамадзянкі Сафіі Сапегі.

У Мінску, мабыць, добра разумеюць: Расія пры любым збегу абставінаў у адказе за свайго брата.

І ў бядзе яго не пакіне, што б ён не прадпрымаў. Таму інтэграцыя, мабыць, пачакае да лепшых часоў. Зараз трэба абараняцца ад ворагаў.

Дый што цяпер Расіі рабіць з Беларуссю ва ўмовах найвострага крызісу, які ўсё больш і больш раскручваецца. Якраз падумаць, як не дапусціць далейшага абвастрэння, якое можа кепска скончыцца. Якія ўжо ў гэтай сітуацыі дарожныя карты, — іх час, падобна, прайшоў. Трэба прызнаць, што праект Лукашэнка закрыты. Так што пытанне, хутчэй, у тым, як лепш расстацца, каб захаваць твар.