Байдэн на сустрэчы з Пуціным абмяркуе Беларусь

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на маючай адбыцца сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным будзе абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі. Пра гэта ў аўторак заявіла на брыфінгу прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі.

2021_04_15t210300z_1572716104_rc2lwm9p4kqo_rtrmadp_3_usa_russia_sanctions_pic4_zoom_1500x1500_70988_1.jpg


Байдэн мае намер абмеркаваць з Пуціным інцыдэнт з самалётам Ryanair у Беларусі і наступнае затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча. Таксама плануецца абмяркоўваць сітуацыю ва Украіне, перадае REFORM.by са спасылкай на Reuters.

У ЗША рэспубліканцы крытыкавалі Байдэна за прызначэнне сустрэчы з Пуціным з улікам «правакацыйных паводзінаў» Расіі ў рэгіёне Усходняй Еўропы. Псакі на гэта адказала, што прэзідэнт ЗША «не баіцца супрацьстаяць нашым праціўнікам і выкарыстоўвае момант асабістай дыпламатыі, каб пазначыць пытанні, якія выклікаюць у яго заклапочанасць, і шукаць магчымасці для сумеснай працы па пытаннях, дзе ў нас ёсць згода».

Сустрэча Байдэна і Пуціна пройдзе 16 чэрвеня. Раней прэзідэнт ЗША выступіў з заявай з нагоды інцыдэнту з самалётам Ryanair у Беларусі, заклікаў правесці міжнароднае расследаванне і даручыў у каардынацыі з ЕС і іншымі партнёрамі падрыхтаваць захады ў адказ.

Нагадаем, 23 траўня самалёт авіякампаніі Ryanair, які выконваў рэйс з Афін у Вільню, пралятаючы над Лідай, нечакана змяніў курс і прызямліўся ў менскім нацыянальным аэрапорце. Не даляцеўшы да літоўскай мяжы літаральна пару дзясяткаў кіламетраў, борт накіраваўся ў бок Мінска, да якога ляцець значна даўжэй, чым да канчатковай кропкі — Вільні. Паведамлялася, што на борце нібыта можа знаходзіцца бомба. Для суправаджэння пасажырскага лайнера ў неба быў узняты ваенны знішчальнік МіГ-29.

Пасля прызямлення самалёта бомбу не знайшлі, аднак былі затрыманыя блогер і журналіст Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына Сафія Сапега, якія ляцелі з Афінаў у Вільню. Самалёт вылецеў у Вільню ў 20:48 без іх.

Інцыдэнт выклікаў абурэнне і жорсткую рэакцыю міжнароднай супольнасці.