Маці затрыманай у Мінску расіянкі звярнулася да Пуціна
Маці затрыманай у Мінску расіянкі, дзяўчыны Рамана Пратасевіча Сафіі Сапегі, папрасіла дапамогі ў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і пакінула адпаведны зварот на сайце адміністрацыі.
Ганна Дудзіч распавяла, што ўжо наведала пасольства Расіі ў Мінску, накіравала лісты ў МЗС і асабіста яго афіцыйнаму прадстаўніку Марыі Захаравай у Instagram, піша Беларускі партызан са спасылкай на выданне «Пад’ём»
Дудзіч таксама распавяла, што першапачаткова даведалася аб затрыманні дачкі з навін. «Патэлефанаваў нехта з праваахоўных органаў. Я дрэнна разумела. Па-мойму, сказалі, што яны з УУС Мінска: “Ваша дачка затрыманая”. Званок быў з аднабаковай нейкай сувяззю. Я спрабавала ператэлефанаваць, але нічога» — патлумачыла яна.
Жанчына дадала, што асабіста не знаёмая з Раманам Пратасевічам, аднак «прымае выбар дачкі» — тая ёй заўсёды казала, што «ў маладых людзях ёй падабаецца мозг». «Я са шкадаваннем да ўсяго гэтага стаўлюся. Мне вельмі шкада па-чалавечы Рамана. Тое, што яго асабістае жыццё было супрычаснае з маёй дачкой, гэта, вядома, мяне вельмі кранае», — заключыла яна.
Сапега была затрыманая 23 траўня ў Мінску разам з Пратасевічам пасля прымусовай пасадкі самалёта кампаніі Ryanair. Лайнер, які рухаўся па маршруце Афіны — Вільня, быў вымушаны прызямліцца ў Беларусі з-за паведамлення дыспетчараў аб закладзенай на борце выбуховай прыладзе. Для суправаджэння паветранага судна быў узняты знішчальнік МіГ-29 ВПС Беларусі.
Пасля пасадкі звесткі аб бомбе на борце не пацвердзіліся. Беларускі бок заявіў, што інфармацыя аб мінаванні прыйшла ад імя палестынскага руху ХАМАС, але ХАМАС сваю датычнасць да гэтага абверг. Краіны Еўрасаюза палічылі дзеянні Мінска актам дзяржаўнага тэрарызму і правакацыяй з мэтай арышту апазіцыянера.
Увечары 25 траўня праўладныя прапагандысцкія тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім Сафія Сапега кажа, што з’яўляецца рэдактаркай тэлеграм-канала «Чёрная книга Беларуси», у якім публікуюць асабістыя даныя сілавікоў.
Прадстаўнік амбасады РФ сустрэўся з арыштаванай у Беларусі грамадзянкай РФ Сапега, паведамілі РІА «Новости» ў дыпмісіі. Цяпер Расія чакае ад улад Беларусі афіцыйнай інфармацыі аб абранай меры стрымання.