«Трэці сектар» рыхтуецца да Берлінскага форуму

«Дарожная карта «Усходняга партнёрства» для Беларусі» — канферэнцыя Нацыянальнага форуму грамадзянскай супольнасці пад такой назвай прайшла ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йаханэса Рау. Удзел у мерапрыемстве ўзялі больш за сто прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый.

«Дарожная карта «Усходняга партнёрства» для Беларусі» — канферэнцыя Нацыянальнага форуму грамадзянскай супольнасці пад такой назвай прайшла ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йаханэса Рау. Удзел у мерапрыемстве ўзялі больш за сто прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый.
Як адзначыў прадстаўнік Кіраўнічага камітэту Форума грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства», старшыня Першай працоўнай групы ФГС УП Сяргей Мацкевіч, гэта канферэнцыя, у аргкамітэт якой уваходзілі семнаццаць няўрадавых арганізацый Беларусі, — важнае мерапрыемства ў межах падрыхтоўкі да Другога Форуму ГС УП, які пройдзе ў лістападзе бягучага года ў Берліне.
Сяргей Мацкевіч нагадаў, што 7 мая 2009 года Беларусь разам з яшчэ пяццю краінамі былога СССР падпісала ўстаноўчую дэкларацыю «Усходняга партнёрства», чым засведчыла, што ў яе развіцці ёсць і еўрапейскі вектар. «Але беларускія арганізацыі задоўга да гэтага далучыліся да ўключэння ў гэты працэс беларускай грамадзянскай супольнасці, — адзначыў прамоўца. — Пачынаючы з 2008 года, мы правялі 4–5 буйных мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб беларуская дэлегацыя на форуме грамадзянскай супольнасці ў Бруселі мела кансалідаваную пазіцыю, і гэта ў нас атрымалася… Мы хацелі, каб ФГС стаўся не аднаразовым мерапрыемствам, як гэта першапачаткова планавала Еўракамісія, а пастаянна дзеючым суб’ектам. Наша пазіцыя на Брусельскім форуме знайшла паразуменне, і такім чынам механізм быў запушчаны».
«Рэформы ў суседніх краінах-партнёрах вымагаюць больш актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці для паляпшэння справаздачнасці дзяржаўных інстытуцый і для павышэння даверу да іх, — адзначыў намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Яніс Айзсалніекс. — Дзеля гэтага вялікая ўвага была звернута на ўцягванне грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыву «Усходняга партнёрства»… Нягледзячы на тое, што Берлінскі Форум ГС будзе арганізаваны Еўрапейскай камісіяй і прыняты ў сябе Міністэрствам замежных спраў Германіі, усе рашэнні датычна мэтаў, сустрэч і праграмных пытанняў будуць прымацца на падставе прапановаў Кіраўнічага камітэту, які быў абраны на мінулым форуме… Цяперашнюю канферэнцыю прадстаўніцтва Еўрасаюза разглядае як важную незалежную ініцыятыву грамадзянскай супольнасці з мэтай падрыхтавацца да працы Форуму ГС у Берліне».
Свае прапановы ўдзельнікі канферэнцыі вылучалі і абмяркоўвалі ў чатырох працоўных групах — «Дэмакратыя, правы чалавека, належнае дзяржаўнае кіраванне і стабільнасць», «Эканамічная інтэграцыя і збліжэнне з палітычнымі курсамі ЕС», «Навакольнае асяроддзе, змяненне клімату і энергетычная бяспека» і «Кантакты паміж людзьмі».
Старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна, выступаючы ў першай секцыі, закранула праблемы незалежных мас-медыя як суб’екта грамадзянскай супольнасці Беларусі.
«Першая — роўныя эканамічныя ўмовы для ўсіх мас-медыя з рознай формай уласнасці. Гэта самае важнае і прынцыповае, каб разбурыць манаполію выканаўчай улады на інфармацыйную прастору. Другая па значнасці праблема — доступ да інфармацыі. У нас існуе закон аб дзяржслужбе, які дазваляе абмяжоўваць доступ да інфармацыі журналістам… Яшчэ існуе інстытут акрэдытацыі, які мы таксама адносім да блоку доступу да інфармацыі. Нашым калегам, якія працуюць на замежныя СМІ, адмаўляюць у акрэдытацыі і паралельна прыцягваюць да адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі. На сённяшні дзень атрымалі папярэджанні ад пракуратуры, следчых органаў, ад КДБ больш за дваццаць нашых калег. Трэці момант — прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі. У якасці першых, прамежкавых індыкатараў, якія б сведчылі пра тое, што ў нас пачынаюцца нейкія станоўчыя працэсы, трэба разглядаць вяртанне адзінаццаці грамадска-палітычных газет у дзяржаўныя сістэмы распаўсюду «Белсаюздрук» і «Белпошта», а таксама заявачны прынцып акрэдытацыі і спыненне ціску спецслужбаў на журналістаў і рэдакцыйныя калектывы», — адзначыла кіраўнік БАЖ.
Пры канцы другога працоўнага дня ўдзельнікі канферэнцыі зацвердзілі створаны ў выніку патаемных выбараў спіс няўрадавых арганізацый, прадстаўнікі якіх у лістападзе паедуць у Берлін на Другі Форум ГС УП, таксама прынялі рэзалюцыю, адным з пунктаў якой ёсць ініцыяванне стварэння Фонду грамадзянскай супольнасці ў межах праграмы «Усходняга партнёрства» на аснове досведу праграмы «EUROMED».