У будучыню праз чорны ход

Прамова Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе была квінтэсенцыяй яго ранейшых прамоў. Дый ніхто новага і не чакаў. Відавочна, мы вярнуліся ў атмасферу «брэжнеўскага застою». «Слава КПСС», карацей.

Фота Вольгі Шукайла, TUT.BY

Фота Вольгі Шукайла, TUT.BY



Не ў свой час


Мы атрымалі адказ на тое, чаму Усебеларускі народны сход праводзіўся зараз, а не перад прэзідэнцкімі выбарамі. Сам Рыгоравіч адзначыў, што ён праводзіцца не пад палітычныя кампаніі, а тады, калі можна падвесці вынікі. На яго думку, зараз — самы час.
Насамрэч, прамова кіраўніка дзяржавы на гэтым сходзе нагадвала менавіта перадвыбарчае выступленне. Ён, як заўсёды, казаў «канкрэтна ні пра што». Паглыбляўся ў праблемы адукацыі (аж да колькасці ўрокаў працы ў школе), аховы здароўя (аж да працы асобных паліклінік), маляваў перспектывы развіцця асобных галін прамысловасці (аж да канкрэтных прадпрыемстваў) і іншае ў тым жа рэчышчы. Так і хацелася ўзгадаць яго знакамітае выслоўе: «Беларускі народ будзе жыць кепска, але нядоўга». А таму больш чым двухгадзінная прамова абяцанкамі і перспектывамі нагадвала менавіта выбарчы спіч.
Мы не дачакаліся асноўнага: аналізу таго, чаму краіна знаходзіцца ў крызісе, і як з яго выйсці.

Вінаватыя — як заўсёды


Канешне, частка выступу кіраўніка дзяржавы была прысвечаная «выкананню прагнозных паказчыкаў мінулай пяцігодкі». Але наконт гэтага мы амаль нічога не пачулі. Проста таму, што Аляксандр Рыгоравіч пяцігодку разглядае вельмі своеасабліва. Так бы мовіць, шырэй. Аж ад пачатку развалу СССР. І нельга з ім не пагадзіцца, што зараз беларусы жывуць лепей, чым у 90-я гады мінулага стагоддзя. Праўда, не нашмат, але ж…
Так, Лукашэнка прызнаў, што з пяцігодка 2011–2016 гадоў была «праблемная». Але вінаватыя, як заўсёды, не мы. Вінаваты Еўрасаюз, у якім у 2013-м скараціўся ВУП. Вінаватая Расія, якая ў 2014-м патрапіла пад санкцыі Еўрасаюза і ўпала ў рэцэсію. Вінаватая і вайна Расіі і Украіны, якая ўдарыла па нашых традыцыйных рынках збыту. «Гэта асноўная прычына», — сказаў Лукашэнка. Не згадваючы пры гэтым ані фінансавы крызіс 2011 года, ані дэвальвацыю напрыканцы 2014 года, і не аналагічны працэс у жніўні 2015-га. Ані тое, што ВУП ЕС, на падзенне якога спасылаўся беларускі правадыр, ужо два гады як расце. А вось у нас — не.
Увогуле, за пераможна-прапагандысцкай рыторыкай Аляксандр Лукашэнка не згадаў ніводнага (!) правалу эканамічнай палітыкі. Ён абышоў такія балючыя пытанні, як падатак на беспрацоўе, рост тарыфаў ЖКГ, пашырэнне беспрацоўя, зніжэнне ВУП і рост інфляцыі. І нават не надаў увагі дэнамінацыі.
Як у савецкім анекдоце. «Мы рухаемся да камунізму сямімільнымі крокамі! — А чаму ж тады мяса ў крамах няма? — Я ж кажу, мы рухаемся да камунізму сямімільнымі крокамі! Худоба за намі не паспявае…»

Фота БЕЛТА

Фота БЕЛТА


Насцярожвае


Трэба аддаць належнае спічрайтэрам кіраўніка дзяржавы. Падрыхтаваць двухгадзінную прамову, фактычна ўхіліўшыся ад праблем, і падкрэсліўшы нашы дасягненні, якія будуць развівацца і надалей, — гэта тытанічная праца.
Аляксандр Лукашэнка ў прамове для Усебеларускага сходу неаднаразова прыводзіў лічбы розных рэйтынгаў, у якіх краіна паднялася з ніжэйшага месца на вышэйшае. Гэта рэйтынг эфектыўнасці аховы здароўя, індэкс чалавечага развіцця, рэйтынг адукаванасці ў свеце і нават «Праграма тысячагоддзя» ААН, некаторыя пункты якой, па словах Лукашэнкі, мы ўжо выканалі. Гэта пункты па памяншэнні дзіцячай смяротнасці, барацьба з голадам, пісьменнасць насельніцтва. Праўда, гэтыя пункты мы выканалі яшчэ ў часы СССР, але хто ж гэта згадае...
Месцамі ў рэйтынгах былі замененыя абсалютныя лічбы. Толькі зрэдку можна было пачуць, на колькі ў нас выраслі, напрыклад, інвестыцыі. Альбо колькі пабудавана жылля і колькі плануецца яго пабудаваць. Там, дзе такія паказчыкі не ўражвалі, гэта замянялася месцам у якім-небудзь рэйтынгу.

Новая старая эканоміка?


Што ж датычна перспектываў, намаляваных нам на будучую пяцігодку, то, канешне ж, нам трэба для гэтага моцна папрацаваць. Але ў нас ёсць перспектывы росту, якія ўжо сёння працуюць.
Найперш, па словах Лукашэнкі, у Беларусі створана серыйная вытворчасць легкавікоў. Ён меў на ўвазе тыя самыя «Джылі» — «адрыжку» айчыннага аўтапраму. А за суперцяжкавіком БелАЗ, сказаў кіраўнік дзяржавы, «чарга стаіць». Бачна, ён меў на ўвазе рэкардсмена кнігі Гінэса, БелАЗ-75710, які можа падымаць 450 тон грузу.
Серыйную вытворчасць «Джылі» планавалі запусціць і ў 2013-м, і ў 2014-м гадах, але гэтых аўто на дарогах Беларусі так і не паболела. Што ж тычыцца «суперБелАЗаў», то такія машыны робяцца пад заказ (канешне, кошт аднаго экземпляра — мільён дзвесце тысяч еўра), і таму пра «чаргу» ўвогуле казаць не прыходзіцца.
Але не ў машынах справа. Справа ў дысанансе, які атрымліваецца, калі ўважліва слухаць прамову. Бачна, што раздзел пра дасягненні і раздзел пра перспектывы пісалі розныя людзі. З аднаго боку, Лукашэнка хваліць «Джылі» і разглядае яго як перспектыўны кірунак эканомікі краіны. З іншага — ён адразу ж кажа, на Захадзе зараз стаіць чарга па электракары.
Наконт электракараў ён слушна адзначыў, што ўвод у дзеянне Беларускай АЭС, якую плануюць раскачагарыць у 2018–2020-х гадах, дасць патрэбную энергію для такіх машын. Але навошта нам тады «ўчарашні дзень», то бок тыя самыя «Джылі»?
Лукашэнка кажа, што Захад імкнецца да «зялёнай эканомікі», і мы павінны таксама адпавядаць выклікам часу. І адначасна ўзгадвае тую ж БелАЭС, якую «зялёнай» назваць язык не павернецца.

Рэвалюцыі не будзе


Аляксандр Лукашэнка на Усебеларускім сходзе пацвердзіў сваю старую пазіцыю, агучаную неаднаразова: ніякай рэвалюцыі ў эканоміцы не будзе. Мы ў далейшым будзем толькі рэагаваць на выклікі часу і вырашаць праблемы, як кажуць, па меры іх паступлення. «Урад, можа быць нават увесь, прапануе радыкальныя крокі. Я кажу, нават калі яны правераныя жыццём, хто іх будзе рэалізоўваць? Калі 2–3 чалавекі разумных ведаюць, што рабіць, ці будуць рабіць астатнія? Патрэбны людзі. Я гатовы да любых рэформаў, ці гатовыя вы, грамадства? Мы ходзім па крохкім лёдзе. Але што будзе, калі мы пачнём ламаць крохкі лёд? Ніякіх радыкальных рэформаў не будзе», — сказаў ён.
Таму галоўнымі задачамі застаюцца мадэрнізацыя кіравання (лозунг, відавочна спёрты з перадвыбарчай праграмы Таццяны Караткевіч), скарачэнне дзяржапарату, «палітыка крохкага лёду» (выраз А.Р.) і гэтак далей. Не было прапанавана народу і новага «сацыяльнага кантракту», нягледзячы на тое, што Аляксандр Рыгоравіч шмат казаў пра ваенныя пагрозы і мірнае неба над галавою.
Галоўную выснову прамовы можна акрэсліць словамі: «Пацярпіце, хутка ўсё будзе».

Фота БЕЛТА

Фота БЕЛТА


Простыя словы


Некалькі цытатаў ад Аляксандра Рыгоравіча:
«Паланэз» — гэта мой, наш падарунак да Пятага Усебеларускага сходу, гарант чыстага неба» (маецца на ўвазе ракетная сістэма «Паланэз» беларускай вытворчасці, выпрабаванні якой паспяхова скончыліся днямі).
«Нельга дзяцей перагружаць у школе. Яны ў нас напалову хворыя і гарбатыя ходзяць».
«Мужык у 20–25 год не ўмее лямпачку ўкруціць альбо затачыць нож на кухні. А дзяўчо, яна што, умее гузік прышыць? Чаму мы ад гэтых элементарных рэчаў адышлі ў школе?»
«Нармальныя падручнікі — гэта ікона ў школе».
«Дакажыце, што там гэтага няма. Пакуль ніхто не даказаў. А калі не даказалі, што няма, значыць, ёсць» (Лукашэнка ставіць міністру прыродных рэсурсаў задачу знайсці ў «нашай матухне-зямлі нават тое, што ўявіць немагчыма»).
«Чужога браць нельга, я пра гэта 20 гадоў кажу. Не бачу я, не бачаць праваахоўныя органы — вы ж усе ў царкву ходзіце. Ён жа ўсё бачыць!» (пра карупцыю).
Пра БелАЭС і пратэсты эколагаў з нагоды яе будоўлі: «Нас пачынаюць сёння накланяць. Народ павінен гэта ведаць. Мы гэта ведаем і на калені не ўстанем!» (бурныя апладысменты).