Беларусь у чаканні выспятка

«Лепшае — вораг добрага». Пад такім дэвізам працаваў цэх на «Інтэграле», у якім прайшоў савецкі этап маёй працоўнай біяграфіі. Савецкі Саюз ужо хутка 30 гадоў як знік, але яго прынцыпы арганізацыі жыцця і эканомікі так і не страцілі сваёй актуальнасці.

biljard_1_logo.gif


Калі што і змянілася, дык гэта тэрміналогія. Цяпер модна ўжываць прыметнік «эвалюцыйны». Галоўная яго вартасць — універсальнасць, таму слова можа выкарыстоўвацца для апісання любой грамадска значнай з’явы. Зразумела, калі гэта з’ява запланаваная і ажыццяўляецца зверху.

Усё, што нарадзілася знізу, самацёкам, без найвышэйшага на тое дазволу, прызнаецца рэвалюцыйным. А гэта Майдан! Гэта «каляровая» рэвалюцыя! А паколькі лепш за адзінага палітыка (АП) у рэвалюцыях у Беларусі ніхто не разбіраецца, то даю яму слова: «Беларускі народ на сваім вопыце ўсвядоміў, што за рэвалюцыяй (усё роўна, якога яна колеру) няма ніякай сілы, акрамя цёмнай. Менавіта таму ён падтрымаў палітыку паступовых пераўтварэнняў і цвёрдых сацыяльных гарантый, мір і парадак у краіне, дысцыпліну на вытворчасці і моцную, эфектыўную ўладу. Уладу, якая здолела стварыць умовы для годнага жыцця і спакойнай працы. Гэта — выбар мудрага народа. Гэта — гістарычны выбар Беларусі».

«Выбар мудрага народа» аформлены ў рашэннях трох канстытуцыйных рэферэндумаў і пяці Усебеларускіх народных сходаў. Каб не стамляць чытачоў, звярнуся да рэзалюцыі апошняга, пятага сходу, якая ўтрымлівае, у прыватнасці, наступны пункт: «Заахвочванне ініцыятывы і падтрымка прадпрымальніцтва будуць спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, росту дабрабыту грамадзян і іх самарэалізацыі ў інтарэсах беларускага грамадства».

Прайшло пяць гадоў. Статыстычныя штогоднікі Белстата даюць нам магчымасць ацаніць, наколькі расквітнела беларускае прадпрымальніцтва, што заахвочваецца моцнай і адначасова эфектыўнай уладай. Прасцей за ўсё гэта зрабіць з дапамогай дынамікі даходаў ад прадпрымальніцтва.

Калі ў 2000 годзе ўклад прадпрымальніцтва ў сукупныя даходы насельніцтва склаў 15,4%, то ў 2015-м — 8,2%. За чатыры наступныя гады гэты паказчык не змяніўся (інфармацыя за 2020 год, зразумела, яшчэ адсутнічае). У лідарах росту ў структуры даходаў аказаліся аплата працы (з 59,8% да 64,3%) і трансферты насельніцтву (з 19,4% да 22,8%).

Такім чынам, нацыі прадпрымальнікаў з беларусаў не атрымліваецца. Больш за тое, статыстыка дэманструе адваротны працэс. З кожным годам сярод эканамічна актыўных грамадзян расце доля тых, хто працуе «на дзядзьку», і тых, хто сілкуецца ад шчадротаў дзяржавы. Імя «дзядзькі» і адначасова галоўнага дабрадзея, што раздае народу хлеб, мяркую, усім добра вядомае.

У тых, хто знаёмы з тэорыяй і практыкай пабудовы беларускай мадэлі, такая дынаміка не павінна выклікаць здзіўленне. Яна — наша ўсё. Без яе ад донара еўрапейскай стабільнасці засталіся б адны ўспаміны.

Каму патрэбныя такія рэформы?

Студзеньскае падзенне ВУП на 1,9% чарговым разам стымулявала размовы пра неабходнасць рэформаў. Шкада толькі, што вядуцца яны выключна экспертамі, якія не маюць дачынення да прыняцця рашэнняў. На верхнім паверсе ўладнай вертыкалі які ўжо год працягваюць выконваць оду «роўным эканамічным умовам».

На думку АП, галоўнай умовай для правядзення паспяховых рэформаў з’яўляецца наяўнасць стартавага капіталу. Іншымі словамі, рэформы — выбар багатых краін, беднякам жа і сераднякам лепш за ўсё стаіцца і чакаць. Вось як свой арыгінальны погляд на рэформы адзіны палітык абгрунтаваў у Пасланні–2017: «У нас няма грошай рызыкаваць, ісці на нейкія рэформы. А раптам правалімся? У Расіі — магчыма. У Кітаі — небяспечна, у іх вялікае насельніцтва. У Амерыцы — магчыма. У Расіі — таму што вялікія рэсурсы. Памыліліся, выправілі. Таму што грошы ёсць. У Амерыцы памыліліся — надрукавалі. Увесь свет за гэта заплаціць. Вы ж разумееце. А мы чым потым дзіркі будзем закрываць? Таму я заўсёды быў акуратны і асцярожны».

Паспяховыя рэформы пачынаюцца з адказу на пытанне: «Каму гэта трэба?» Але перш, чым на яго адказаць, неабходна дамовіцца наконт таго, што трэба разумець пад рэформамі. І тут магчымыя варыянты… Гістарычны вопыт, аднак, сведчыць, што паспяховымі рэформы бываюць толькі ў тым выпадку, калі вырашэнне пытанняў, якія стаяць перад грамадствам, пачынаюць шукаць на шляхах пашырэння прасторы індывідуальнай свабоды і асабістай адказнасці.

Каму ў сучаснай Беларусі патрэбныя такія рэформы? Гаспадару Палаца Незалежнасці? Няўжо ў яго не хапае дроў для ацяплення кабінета?

Адкрываю статыстыку. У графе «Гранулы паліўныя (пялеты) з пілавіння або іншых драўняных адходаў» за студзень бягучага года адзначаны рост на 33,4%! Але акрамя паліўных гранул маюцца і паліўныя брыкеты, вытворчасць якіх скарацілася на 12,6%. Але я не спяшаўся б непакоіцца з гэтай нагоды, бо запасы брыкетаў на складах — 183,4% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.

Дык у чым пытанне?

Пытанне адкрытае

Каб распачаць рэформы, эліты павінны спалохацца. Пажадана, спалохацца смяротна. Падобная гісторыя, напрыклад, адбылася з элітамі Прусіі пасля паразы ад Напалеона ў 1806 годзе. Тады Прусія страціла палову насельніцтва і тэрыторыі. Каб выжыць, давялося стварыць масавую прызыўную армію, а для гэтага — вызваляць прыгонных сялян, што, у сваю чаргу, цягнула за сабой цэлы шэраг пераўтварэнняў.

Аднак яны акупіліся сто разоў. Зразумела, не праз год і не праз два. У 1866 годзе, падводзячы вынікі аўстра-прускай вайны, яе пераможца Ота Бісмарк нібыта сказаў: «Войны выйграюць не генералы, войны выйграюць школьныя настаўнікі і парафіяльныя святары», — гэта значыць, тыя людзі, якія занятыя фарміраваннем асобаў.

Ці на самай справе прамаўляў «жалезны канцлер» гэты панегірык на адрас настаўнікаў і святароў або аўтарства яму прыпісалі — цяпер ужо ўсё роўна. На іх актуальнасць гэта ніяк не ўплывае.

Расія ж з вайны з Напалеонам выйшла пераможцай. «І пакуль немцы клалі шпалы і ўзводзілі домны, — тлумачыць журналіст Канстанцін Гайвароўскі, — Мікалай I з замілаваным захапленнем пісаў пра Расію, "якая ідзе смела, ціха, па хрысціянскіх правілах да паступовых удасканаленняў, якія мусяць на доўгі час зрабіць з яе наймацнейшую і найшчаслівейшую краіну ў свеце"». Вось так ціха і дашкандыбалі да паразы ў Крымскай вайне. Цяпер ужо Расія атрымала той «выспятак, што падбадзёрыў», які далі прусакам на паўстагоддзя раней.

Без выспятку, што падбадзёрвае, разлічваць на рэформы не даводзіцца. Але ці стане перавод беларуска-расійскіх адносінаў на рынкавыя прынцыпы такім выспяткам — пытанне адкрытае. Калі не, дык давядзецца чакаць наступнага разу.

Імя гэтага працэсу — РЭ-ВА-ЛЮ-ЦЫЯ

Прыгадаем перабудову. Яна пачалася не праз капрызы канкрэтнага чалавека, хай і надзеленага неабмежаванай уладай, і не пад уплывам інтрыгаў Ракфелераў-Ротшыльдаў. Пасля «гонкі на лафетах» усведамленне, што так далей жыць нельга, апанавала ў Краіне Саветаў усіх. А тут яшчэ цэны на нафту ў шэсць разоў абваліліся.

Склалася сітуацыя, калі не мяняць і не мяняцца было ўжо немагчыма. Неэфектыўнасць сістэмы, якую «будавалі, будавалі і нарэшце пабудавалі», стала відавочная не толькі для будаўнікоў, але і для архітэктараў.

Але тое, што планавалася ў якасці сістэмы рэформаў, як справядліва заўважыў палітолаг Станіслаў Бялкоўскі, вырадзілася ў «набор сутаргавых хаатычных спробаў існуючай улады выратаваць сістэму ад краху — пры поўнай адсутнасці ўсведамлення краху гэтай сістэмы на першым этапе перабудовы, калі здаецца, што ўсё лёгка і весела: “больш дэмакратыі — больш сацыялізму”».

Вось такая праблемка: пакуль крах яшчэ не здарыўся, эліта неабходнасці рэформаў не адчувае, яна распачынае рэформы, калі ўжо позна. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што сітуацыя імкліва пераходзіць у стадыю «працэс пайшоў», г. зн. пайшоў самастойна, незалежна ад намаганняў эліты. Імя гэтага працэсу — РЭ-ВА-ЛЮ-ЦЫЯ.

Згодна з эканамістам Яўгенам Гантмахерам, «рэвалюцыя — гэта доўгі перыяд бязладзіцы, гэта перыяд, калі не забяспечваецца законнасць, перыяд, калі не збіраюцца падаткі, калі дзяржава не можа выконваць свае функцыі». Дадам ад сябе, дакладней, не ад сябе, а ад АП: «Рэвалюцыя — гэта калі ўлада валяецца ў брудзе».

* * *

Школьны настаўнік забяспечваў перамогі прускаму «жалезнаму канцлеру». Унёсак беларускага настаўніка ў перамогі АП не меншы, і ўнёсак гэты не абмяжоўваецца працай ва ўчастковых выбарчых камісіях.

Школьны настаўнік — прадстаўнік сацыяльнай эліты, чыя задача палягае ў перадачы практычных узораў паводзінаў з дапамогай прафесійных камунікацый. Калі ў арсенале настаўнікаў сёння мат і рукапрыкладства, дык што нам варта чакаць ад іх учорашніх вучняў, а цяпер «касманаўтаў» у ахоўных шлемах ды ўзброеных дручкамі?