Праймерыз па-беларуску. Прычыны, якія перашкаджаюць апазіцыі дамовіцца

Назіральнікі ў Мінску адзначаюць у цяперашніх дзеяннях апазіцыі пэўны прагрэс: упершыню пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года прынамсі пяць структур дамовіліся вызначыць мацнейшага са сваіх шэрагаў.

primerise.jpg

— Зразумела, што гэта ўмоўна адзіны кандыдат, — патлумачыў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Беларуская апазіцыя занадта разнамасная, каб аб’яднацца на агульнай платформе, тлумачыць ён.
Асабняком, напрыклад, ідзе рух «Гавары праўду», чый лідар Таццяна Караткевіч спрабавала супрацьстаяць Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
— У іх ідэалогія мірных пераменаў, і за гэта астатняя апазіцыя кляйміць іх як рэнегатаў, прыслужнікаў рэжыму. Партыя «Справядлівы свет» (былыя камуністы) лічыць апазіцыйны мэйнстрым занадта празаходнім, — адзначае Аляксандр Класкоўскі.
— Хоць на самай справе, я думаю, за гэтай раз’яднанасцю крыецца нявер’е у перамогу на выбарах, — кажа аналітык. — Раз’яднанасць апазіцыі ў аўтарытарных краінах — з’ява распаўсюджаная. Але досвед многіх краін паказвае, што апаненты рэжыму аб’ядноўваюцца, калі разумеюць: ці варта сціснуць пальцы ў кулак і сабраць усё разам, як рэжым захістаецца і абрынецца. У Беларусі зараз не той момант. Беларуская апазіцыя занадта слабая, рэжым Лукашэнкі дастаткова моцны і адчувае сябе ўпэўнена, мае магутны сілавы кулак.
— Таму апазіцыя хоць і дэкларуе баявыя лозунгі, але кожная структура і кожны лідар імкнуцца вырашыць нейкія свае лакальныя задачы, — канстатуе Аляксандр Класкоўскі.
***
Экс-дэпутату Ганне Канапацкай, якую СМІ яшчэ нядаўна называлі прадстаўніком апазіцыі ў беларускім парламенце, адмовілі ў падтрымцы вядучыя апазіцыйныя структуры.
На прэс-канферэнцыі 4 сакавіка выканаўца абавязкаў кіраўніка штаба «Народнае галасаванне» (праймерыз) Аляксей Сігаеў заявіў, што Канапацкую не падтрымалі некалькі ўдзельнікаў агульнай штабнога галасавання.
Да працэдуры праймерыз дапушчаныя намеснік старшыні партыі Беларускага народнага фронту Аляксей Янукевіч; старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў; сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Павел Севярынец; кіраўнік руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч; сустаршыня аргкамітэту БХД Вольга Кавалькова.
Усе прэтэндэнты — прадстаўнікі структур, якія падпісалі раней пагадненне аб правядзенні праймерыз для вызначэння адзінага апазіцыйнага кандыдата на маючых адбыцца гэтым летам прэзідэнцкіх выбарах.
Паводле Заўтра тваёй краіны