У новай Беларусі сістэму мясцовага самакіравання давядзецца выбудоўваць з нуля

Мясцовыя жыхары павінны самі вырашаць, як развіваць тэрыторыю, на якой жывуць, а ўлады павінны быць толькі памочнікамі, але на практыцы ў Беларусі большасць закладзеных у заканадаўстве магчымасцяў сёння не працуюць, заявіў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

preview_5__6.jpg

«Людзі, якія жывуць на канкрэтнай тэрыторыі, плоцяць падаткі і камунальныя паслугі, павінны самі вырашаць, як развіваць гэтую тэрыторыю. А мясцовыя ўлады павінны быць памочнікамі. У нас жа ўсё наадварот», — адзначыў на канферэнцыі Руху «Мясцовае самакіраванне: Як падвысіць ролю грамадзянаў у прыняцці рашэнняў» Губарэвіч.
Па ягоных словах, у выніку шмат мясцовых жыхароў па ўсёй Беларусі незадаволеныя рашэннямі ўладаў і вымушаныя з імі змагацца.
«Сёння не проста ідзе размова, што грамадзяне гатовыя ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні, яны ўжо павінны ўдзельнічаць. А палітыкі павінны іх падтрымаць», — адзначыла на канферэнцыі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.
«Улады павінны прыслухоўвацца да грамадзянаў і ісці на сустрач, гэта суцішыць канфлікты на мясцовым узроўні», — дадаў сябра Рады Руху «За Свабоду», памочнік дэпутата Віктар Янчурэвіч.

Краіна для грамадзянаў

«Трэба мяняць канцэпцыю прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні, таму што горад для грамадзянаў», — упэўнены старшыня фонда імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса.
Для гэтага ён у прыватнасці прапанаваў удасканальваць заканадаўства па формах прамой дэмакратыі: паляпшаць механізмы працы са зваротамі грамадзянаў, грамадскія абмеркаванні, тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне.
А таксама выкарыстоўваць новыя формы — бюджэт грамадзянскага ўдзелу, даць магчымасць грамадзянам удзельнічаць у развіцці інфраструктуры на мясцовым узроўні, замацаваць у заканадаўстве электронныя петыцыі і апытанні.
Пры гэтым эксперт выступіў супраць існавання неэфектыўнага, па ягоным меркаванні механізму, адклікання дэпутата. «Па нітачцы можна выцягваць, але сістэму гэта не зменіць», — упэўнены Кобаса.

Права скандалу

Адно з новаўвядзенняў, якія прасоўвае Рух «За Свабоду», гэта бюджэт грамадзянскага ўдзелу. Пра яго падрабязней распавёў кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін. Гэта практыка, калі жыхары атрымліваюць магчымасць невялікую частку мясцовага бюджэту (звычайна каля 1%) размяркоўваць на важныя па іх меркаванні ініцыятывы.
«Што вельмі важна, ні саветы дэпутатаў, ні мэр, ні суд не могуць адмяніць рашэнне грамадзянаў, як прагаласавалі, так і трэба. Калі чыноўнікі змогуць адмяняць, то пачнуцца суботнік, БРСМ, гэтая частка стане яшчэ адным фондам, якім карыстаецца мясцовая ўлада, і гэта па сутнасці ўжо не будзе грамадская ініцыятыва», — патлумачыў Кавалкін.
Па ягоных словах, такой практыцы пакуль, нажаль, у Беларусі няма.
«У нас ёсць больш-менш працоўныя інструменты — зварот грамадзянаў, напрыклад. Але лепей за ўсё працуе права скандала — чым гучней скандал, тым больш шансаў зрабіць так, каб дзяржаўныя інстытуты працавалі», — дадаў эксперт.
Удзельнікі актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі і вылучалі прапановы, якія збіралі арганізатары для далейшай працы.
У прыватнасці, перш за ўсё людзі прасілі не прыносіць ім гатовыя праекты, не ставіць перад фактам, а папярэдне абмяркоўваць і слухаць іх, інфармаваць пра грамадскія абмеркаванні ўсіх жыхароў (у тым ліку з дапамогай смс і раскідвання ўлётак у паштовыя скрыні), некаторыя прасілі забараніць знос прыватна сектару, прапаноўвалі вынесці заводы за межы горада і не займацца ўшчыльняльнай забудовай, а ўзводзіць дамы на былых прамысловых зонах.

Трэба будзе пачынаць з нуля

«Цягам абмеркавання на круглым стале прышлі да высновы, што большасць закладзеных у заканадаўстве магчымасцяў на практыцы не працуюць. Попыт людзей на наяўнасць прадстаўніцтва ўпіраецца ў глухую сцяну прызначаных чыноўнікаў», — падвёў вынікі канферэнцыі Губарэвіч.
Па ягоным меркаванні, у новай Беларусі сістэму самакіравання давядзецца выбудоўваць з нуля.
Паводле pyx.by