У Сейме Літвы абмеркавалі адносіны з Беларуссю і Каліноўскага
Прадстаўнікі самых значных палітычных партый Літвы падзяліліся меркаваннямі на актуальныя пытанні адносінаў з Беларуссю, піша «Свабода».
Выданне delfi. lt у сваёй публікацыі «Адносіны з Беларуссю выклікаюць жарсць у Сейме: прагматызм ці здрада інтарэсаў Літвы» прадставіла існуючы спектр думак у Сейме.
Прадстаўнікі самых значных палітычных партый краіны падзяліліся меркаваннямі на актуальныя пытанні адносінаў з Беларуссю. Не ўсе парламентары згодныя з заявамі прэзідэнта і прэм’ер-міністра краіны наконт далейшага развіцця адносінаў з Беларуссю і новай перазагрузкі.
За дыялог
Старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Гінтаўтас Палуцкас кажа, што развіццю адносінаў паміж краінамі галоўным чынам замінае будоўля БелАЭС — тым не менш, паводле яго, не падтрымліваць ніякіх адносінаў з суседскай краінай было б ненармальна.
«Падтрымліваць дыялог з суседам гэта нармальна, бо было б абсалютна ненармальна не падтрымліваць ніякіх адносінаў, нягледзячы на геапалітычную сітуацыю, нягледзячы на іншыя, вядома, вельмі важныя рэчы. Усё ж хачу сказаць, што гэтае супрацоўніцтва адбываецца дагэтуль. І дыпламатычныя адносіны не зрушаны. І эканамічнае супрацоўніцтва дастаткова інтэнсіўнае. І грузы праз Клайпедскі порт інтэнсіўна транспартуюцца... Без сумненняў, толькі падчас дыялогу, размоваў можна выказаць і тую самую крытыку наконт правоў чалавека, абмежавання правоў палітычных актывістаў і апазіцыі ў Беларусі. Але без ніякага дыялогу, наогул без размоў, мы можам бачыць да чаго гэтага прыводзіць: мы бачым Астравецкую АЭС, якая пабудавана і пачне дзейнічаць. Можа быць, калі б мелі больш інтэнсіўныя зносіны, гэтага б не адбылося, але тое здагадкі», — кажа Гінтаўтас Палуцкас.
Лідар партыі зялёных і сялян Рамунас Карбаўскіс кажа, што падтрымлівае ініцыятыву прэзідэнта Наўседы, бо паводле яго Беларусь гэта не Расія — яна не мае імперыялістычных аспектаў у палітыцы.
Старшыня партыі таксама дадаў, што, наладжваючы зносіны з Беларуссю, трэба нагадваць аб прынцыповых пазіцыях Літвы, і кажа, што падыход з ізаляцыяй краіны не падтрымліваецца нават у сусветнай супольнасці.
За перадачы парэшткаў Каліноўскага
Крыху адрозніваецца пазіцыя старшыні Звязу лібералаў Літвы — Вікторыі Чмыліце-Нельсэн. Яна кажа, што гэта ўжо не першая спроба знайсці агульную мову з суседняй краінай — гэта адбываецца кожныя некалькі месяцаў у пачатку тэрміну новага прэзідэнта. Яна заклікае трымацца прынцыповай пазіцыі наконт БелАЭС і не рабіць у адносінах да Беларусі ніякіх скідак, бо пазіцыя грунтуецца на інтарэсах дзяржавы і грамадства.
Тым не менш, дэпутатка заявіла, што лічыць добрай ідэю перадачы Беларусі парэшткаў лідэра паўстання 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага.
«Я думаю, што было б вельмі прыемна, калі Каліноўскі, якога лічаць героем і які вельмі важны для іх, будзе перададзены Беларусі. Я б, вядома, пагадзілася», — падкрэсліла лідар ліберальнага руху.
Супраць перадачы парэшткаў
Кансерватары тым часам маюць больш скептычны погляд на пытанне далейшых адносінаў з Беларуссю.
Аўдронюс Ажубаліс кажа, што за сваё жыццё ўжо шмат разоў бачыў, як Захад трапляе на тую самую вуду беларускага дыктатара — спачатку ідзе пацяпленне ў адносінах паміж Беларуссю і Захадам, з’яўляюцца інвестыцыі і крэдыты, а потым краіна зноў трапляе пад расійскі ўплыў.
Адзінае што мяняе апошнім часам сітуацыю, дадае спадар Ажубаліс, гэта з’яўленне БелАЭС на мяжы з Літвой.
«Я не хачу, каб з прычыны меркаванага пацяплення, якога сапраўды не будзе, мы ахвяравалі б сваёй прынцыповай пазіцыяй і адным з нешматлікіх інструментаў, якія засталіся для нас, каб паспрабаваць замацаваць палітычную волю ЕС і паспрабаваць закрыць гэты праект», — заявіў дэпутат.
Палітык таксама крытыкуе ідэю вярнуць парэшткі Каліноўскага ў Беларусі. На яго думку, парэшткі ніхто не раздае так лёгка — павінна быць афіцыйная просьба Беларусі з абавязкам абараняць і шанаваць іх.
«Я заўсёды кажу, што мы можам быць веруючымі ці няверуючымі, але мы павінны захоўваць павагу да тых рэшткаў чалавечага цела ў зямлі, нават калі гэтага чалавека ўжо няма. Яны не павінны стаць прадметам нейкага абмену з надзеяй, што гэтыя парэшткі дапамогуць нешта дэмакратызаваць. Пакуль Лукашэнка там, ніхто ніколі не дапаможа дэмакратызацыі», — падкрэсліў Ажубаліс.
Кошт збліжэння з Беларуссю
Між тым, дэпутат Сейму і старшыня Партыі свабоды Аўшрыне Армонайце, звярнула ўвагу на кошт збліжэння з Беларуссю.
«Мне цяжка паверыць, што перагрузка адносін можа быць шчырай з беларускага боку», — сцвярджае палітык.
«У палітычных колах кажуць пра нейкую перагрузку адносінаў з Беларуссю. Я лічу, што такая перагрузка можа быць вельмі дарагой, і, перш за ўсё, не трэба было б адчайвацца і легітымізаваць небяспечную і зусім непатрэбную для Літвы Астравецкую АЭС, якая знаходзіцца за 50 кіламетраў ад нас. Па-другое, мы не можам забыць і закрыць вочы на грубыя парушэнні правоў чалавека ў самой Беларусі. Мы не можам закрыць вочы на тое, што дагэтуль апазіцыя і апазіцыйныя няўрадавыя арганізацыі павінны працаваць толькі ў падполлі. Трэцяя рэч — выклікае занепакоенасць, што Беларусь у вайсковым плане інтэгравана ў ваенную сістэму Расійскай Федэрацыі», — кажа Армонайце.
Палітык таксама дадала, што ў гэтым кантэксце прэзідэнт Наўседа павінен заставацца цвёрдым і верным прынцыпам Літвы.
Паводле слоў Армонайце, беларускія культуролагі і грамадскія дзеячы, якія цікавяцца нашай агульнай гісторыяй, могуць быць запрошаныя на цырымонію пахавання Кастуся Каліноўскага ў Літве, на могілках Росу.
«Магчыма, мы маглі б запрасіць іх сюды на цырымонію. Я маю на ўвазе не рэжым, а тых прадстаўнікоў тых грамадскіх рухаў і тых дзеячаў, якія выказалі жаданне. Мне здаецца, што гэта можна зрабіць. Не хацелася б, каб гэтыя парэшткі, як сімвал, сталі інструментам і каналам для перазагрузкі адносінаў з рэжымам. Я думаю, што гэта будзе няправільна», — заявіла старшыня Партыі свабоды Аўшрыне Армонайце.