У беларускіх падручніках жнівеньскаму путчу прысвечаны адзін абзац
Падручнікі па гісторыі ў Беларусі толькі некалькі радкоў прысвячаюць падзеям, якія папярэднічалі распаду СССР. Deutsche Welle высвятляла, чаму цяперашняя ўлада не любіць успамінаць падзеі 1991 года.
У падручніку па гісторыі жнівеньскім падзеям 1991 прысвечаны адзін абзац
Пра падзеі 19-21 жніўня 1991 г паведамляюць два падручнікі для выпускных класаў сярэдніх школ: «Гісторыя Беларусі»і «Сусветная гісторыя». Аўтары падручнікаў, паведамляючы аб спробе дзяржаўнага перавароту ў жніўні — 1991 года, фактычна абмежаваліся толькі адным абзацам. Варта адзначыць, што інфармацыя пра тыя падзеі пададзеная ў беларускіх падручніках даволі нейтральна.
Што пішуць у падручніках
Абедзве версіі (беларускамоўная і расейскамоўная) падручніка «Гісторыя Беларусі для 11
класа» аўтарства Е. Новіка, І. Каналава і іншых, паведамляюць: «Падзеі 19-21 жніўня 1991 годзе ў Маскве паскорылі працэс распаду СССР. 25-26 жніўня 1991 года нечарговая сэсія
Вярхоўнага Савету БССР надала Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР сілу закона, а таксама прыняла пастанову аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасьці Беларускай
ССР».
Не шмат увагі тым падзеям надаецца і ў падручніку «Сусветная гісторыя
ХIХ — Пачатак XXI стагоддзя» аўтарства В. Кошалева: «У жніўні 1991 прыхільнікі жорсткай палітыкі паспрабавалі аднавіць стары парадак. Яны абвясцілі аб стварэнні
Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы (ГКЧП) Аднак іх спроба перавароту правалілася, што мела працяглыя драматычныя наступствы. 21 снежня 1991 года кіраўнікі 12 саюзных рэспублік СССР
прынялі рашэнне аб роспуску СССР».
Мала цікавасці
Вера Арцімовіч, настаўнік гісторыі адной з сярэдніх школ Мінска, лічыць, што падзеі жніўні 1991 ні тады, ні цяпер не выклікаюць асаблівай цікавасці. На яе думку, Беларусь, якая была адной з
самых кансерватыўных рэспублік Савецкага Саюза, амаль не заўважыла жнівеньскага путчу.
«Улады рэспублікі маўчалі, варушыліся толькі некаторыя актывісты апазіцыі, і то гэта было
прыкметна толькі ў цэнтры горада — адзначае суразмоўца. — А потым усё гэта неяк забылася, сышло на другі план, у тым ліку і для спецыялістаў». Да таго ж, кажа яна, кіраўніцтва краіны не любіць успамінаць тыя падзеі, а падручнікі ствараюцца пад пільным
кантролем дзяржавы.
Акрамя таго, па словах Арцімовіч, нават прафесіяналы разыходзіліся ў меркаваннях, як трэба трактаваць тыя падзеі. Каб не перагнуць палку, мабыць, аўтары падручнікаў вырашылі не
рызыкаваць. «Лепш падаць менш інфармацыі вучням, чым памыліцца ў ацэнках і
трактоўках», — лічыць настаўніца гісторыі.
Гісторыя агоніі
Як адзначае кандыдат гістарычных навук дацэнт Андрэй Кіштымаў, падзеі 19 жніўня 1991 адбываліся ў Маскве, і ўзнікае пытанне, а ці была Масква ў той час сталіцай той дзяржавы, якое афіцыйна
спыніла сваё існаванне некалькімі месяцамі пазней. На думку Кіштымава, казаць варта было б пра тое, «як Савецкі Саюз ішоў да смерці і калі ў рэшце рэшт гэта здарылася». Гэта была «працяглая агонія і не больш за тое», перакананы Кіштымаў. Таму, лічыць суразмоўца, у беларускіх падручніках так мала месца надаецца падзеям
жніўня 1991 года.
Вучоны ўпэўнены, што праз некаторы час жнівеньскі путч і падзеі, звязаныя з распадам СССР, будуць выклікаць яшчэ меншую цікавасць з прычыны «іх малазначнасці ў агульнагістарычным плане». «Дарослыя дзядзькі і цёткі, якія пісалі гэтыя падручнікі, жылі як раз у гэты час, яны і самі толкам не зразумелі,
што ж здарылася ў жніўні 1991 года, таму і дзеткам расказаць пра гэта выразна яны таксама не могуць», — лічыць Андрэй Кіштымаў.
Савецкая настальгія
Доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў нагадвае, што ў выніку путчу 1991 знікла Камуністычная партыя Савецкага Саюза. Вынікам знікнення КПСС, на яго думку, стаў распад СССР. Так атрымалася,
адзначыў гісторык, што доўгі час кіраўніцтва Беларусі з вялікім шкадаваннем выказвалася з нагоды распаду СССР.
Гэта тычыцца як былых кіраўнікоў краіны: старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея і кіраўніка ўрада Вячаслава Кебіча, так і цяперашняга прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Аўтары падручнікаў па гісторыі, а таксама тыя, хто адказваў за гэта ў міністэрстве адукацыі, хутчэй за ўсё, па прычыне самакантролю так мала і нейтральна паведамілі пра падзеі жніўня 1991 года,
лічыць вучоны. «У нас тыя, хто займаецца савецкім перыядам гісторыі ці сучасным перыядам,
навучыліся пісаць ці нейтральна, у лепшым выпадку, або спасылаючыся на меркаванне кіраўніцтва, а не абапіраючыся на факты», — падсумаваў Валянцін Голубеў.