У Мінску абмеркаваныя пытанні ўзаемадзеяння СНД з Еўрасаюзам і НАТА

Выканаўчым камітэце Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Мінску 13 лістапада ў адпаведнасці з планам кансультацый паміж МЗС у межах СНД адбыліся кансультацыі на тэму: "Аб узаемадзеянні дзяржаў — удзельніц СНД з Еўрапейскім саюзам, НАТА і па пытаннях еўрапейскай бяспекі".



p_512628683.jpg

Фота telegraf.com

Як паведамляе дэпартамент гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканкама Садружнасці, удзельнікі кансультацый абмяняліся інфармацыяй па пытаннях узаемадзеяння краін СНД з Еўрапейскім саюзам, абмеркавалі палітыку Еўрапейскага саюза на прасторы СНД.


Прадстаўнікі Расіі і Украіны праінфармавалі аб выніках кансультацый у сувязі з чаканым пачаткам часовага прымянення палажэнняў пагаднення аб асацыяцыі Украіна — ЕС, што тычацца стварэння глыбокай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю. У сувязі з гэтым расійская дэлегацыя адзначыла неабходнасць большага ўліку Украінай дагаворна-прававой базы СНД і адпаведных абавязацельстваў у межах Садружнасці. Са свайго боку прадстаўнік Украіны праінфармаваў аб гатоўнасці разгледзець магчымасці ўзмацнення існых правілаў паходжання тавараў у межах Дагавора аб зоне свабоднага гандлю СНД.


Дэлегацыя Беларусі, якая старшынюе ў ЕАЭС, паведаміла пра перадачу ў Еўракамісію дакумента "ЕАЭС — ЕС: контуры супрацоўніцтва" з прапановамі аб наладжванні ўзаемадзеяння паміж дзвюма рэгіянальнымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі.
Удзельнікі кансультацый падтрымалі неабходнасць пачатку дыялогу паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрасаюзам, які павінен садзейнічаць пашырэнню магчымасцяў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж двума інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. Пагадзіліся, што гэты працэс можа стаць практычным крокам наперад на шляху фарміравання ў наступным агульнай эканамічнай прасторы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. На думку ўдзельнікаў, наладжванне такога ўзаемадзеяння будзе адпавядаць інтарэсам СНД.


Прадстаўнікі Казахстана праінфармавалі аб прыняцці і змесце абноўленай стратэгіі ЕС у дачыненні да краін Цэнтральнай Азіі.


Падчас абмену думкамі па гэтым пытанні ўдзельнікі кансультацый выказалі надзею на развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва краін рэгіёна з ЕС з улікам інтарэсаў іншых дзяржаў — удзельніц СНД.


Беларуская і армянская дэлегацыі праінфармавалі аб выбудоўванні ўзаемаадносінаў з ЕС у межах праграмы "Усходняе партнёрства". Зазначана, што з боку ЕС адбываецца пераасэнсаванне і змена палітыкі ў бок большага ўліку інтарэсаў краін-партнёраў і іх розных інтэграцыйных памкненняў. Падкрэслівалася пажаданасць уліку краінамі Усходняга партнёрства, якія таксама ўваходзяць у СНД, агульных інтарэсаў дзяржаў — удзельніц Садружнасці пры выбудоўванні ўзаемадзеяння ў межах УП.


Адбыўся абмен інфармацыяй аб супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД з НАТА і ролі альянсу ў сітуацыі ў сферы еўрапейскай бяспекі. Адзначаная важнасць выканання дзяржавамі — удзельніцамі абавязацельстваў, узятых у межах Садружнасці, пры выбудоўванні адносінаў з НАТА.


Удзельнікі кансультацый зазначылі, што намаганні дзяржаў СНД па развіцці Садружнасці з'яўляюцца важным фактарам умацавання еўрапейскай бяспекі. Пацвердзілі важнасць рэалізацыі палажэнняў дэкларацыі Астанінскага саміту АБСЕ (2010 год) аб фарміраванні свабоднай, дэмакратычнай, агульнай і непадзельнай супольнасці бяспекі, свабоднай ад ліній падзелу, канфліктаў, сфер уплыву і зон з рознымі ўзроўнямі бяспекі. Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН